viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2024

2024 2024-03-04T11:19:43+0300 2024-03-04T11:43:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_liuty_2024.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца крытычнай; працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў; на гэтым фоне ўлады дэманструюць ілюзію грамадзянскай згоды і "ўсенароднай падтрымкі" дзяржаўнай палітыкі;

  • за 2023 год у суд накіравана больш як 1 300 палітычна матываваных крымінальных спраў; з восені 2020 года праваабаронцам стала вядома пра 4 690 палітычна матываваных прысудаў;

  • на канец лютага 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1 410 палітзняволеных, з іх 170 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 33 чалавекі;

  • 20 лютага памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп" на Лукашэнку — за публікацыю ў партыйным часопісе;

  • асуджаныя да пазбаўлення волі праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк і праваабаронца Human Constanta Наста Лойка — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;

  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лютым "Вясне" стала вядома пра не менш як 625 выпадкаў рэпрэсій (судоў і затрыманняў), злучаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, прынамсі пра 548 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначана як мінімум 95 адміністрацыйных арыштаў, 84 штрафы, тройчы — грамадскія працы; акрамя таго, больш за 100 чалавек — палітзняволеных і іх блізкіх — асуджаны ў адміністрацыйным парадку за атрыманне прадуктовай дапамогі;

  • праваабаронцамі "Вясны" па-ранейшаму рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе;

  • па выніках маніторынгавай місіі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заявіла пра тое, што праведзеныя ў адзіны дзень галасавання выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Народнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

  • Еўрапейскі парламент прыняў тэрміновую рэзалюцыю па Беларусі, нагодай для якой сталі масавыя рэпрэсіі 23-24 студзеня, ціск на палітзняволеных і іх сваякоў, а таксама "справа аналітыкаў". Еўрадэпутаты рашуча асудзілі нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі, заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, асабліва любы гендарны пераслед, і нагадалі беларускім уладам пра іх міжнародныя абавязкі. Акрамя гэтага, парламентарыі заклікалі да неадкладнага безумоўнага вызвалення і кампенсацыі ўсім больш як 1 400 палітычным зняволеным, а таксама чальцам іх сем'яў і адвольна затрыманым людзям, адначасова аднаўляючы іх у поўных правах.

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

На канец лютага ў Беларусі налічваецца 1 410 палітзняволеных, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю, сярод іх 170 жанчын. Акрамя таго, не менш за 1 560 палітзняволеных, з іх 361 жанчына, ужо вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, амністыяй і памілаваннем. Такім чынам, сумарная лічба палітзняволеных і былых палітзняволеных няўхільна расце, іх агульная колькасць наблізілася да 3 000 чалавек, сярод якіх больш за 530 жанчын.

За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 33 чалавекі. Акрамя таго, праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 22 былых палітзняволеных — удзельнікаў мірных сходаў. Гэта людзі, якія адпавядалі крытэрам прызнання палітвязнямі, пра пазбаўленне волі якіх ці пра падставы пазбаўлення волі якіх стала вядома ўжо пасля іх вызвалення.

Агулам "Вясне" цяпер вядома пра больш за 4 690 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў.

Старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гора 16 лютага паведаміў пра тое, што за 2023 год следчымі органамі накіравана ў суд больш як 1 300 крымінальных спраў "экстрэмісцкай скіраванасці". Тым часам праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра 1 603 асуджаных за той жа перыяд.

На 64-м годзе жыцця 20 лютага ў турэмнай лякарні памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп" на Лукашэнку — за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП "Пазіцыя". Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё адно прызначылі пазбаўленне волі. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Ігар Леднік сканаў у турэмнай лякарні ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе ўвесь час знаходзіўся ў медчастцы. Гэта пятая смерць палітвязня за кратамі.

З мінулага года па-ранейшаму няма звестак пра лёс шэрагу палітвязняў: Марыі Калеснікавай (з 15 лютага), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка), Ігара Лосіка (з 20 лютага), Віктара Бабарыкі. Іх і некаторых іншых палітвязняў працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымоўваюць інкамунікада. Доўгі час няма лістоў ад лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, якога змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) калоніі № 9 у Горках. З кіраўніком "Вясны" не сустракаецца адвакат, праваабаронца пазбаўлены тэлефонных размоваў з роднымі, а таксама магчымасці атрымліваць перадачы і лекі.

Праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты таксама маюць звесткі пра працяглыя перапынкі ў кантактах з іншымі палітвязнямі; таксама шматлікія з іх істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях з роднымі і адвакатамі.

Такое становішча стварае ўмовы для беспакаранага парушэння правоў палітвязняў, у тым ліку — права не зазнаваць катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання.

Эксперты ААН па правах чалавека выказалі занепакоенасць з прычыны паведамленняў аб крытычным стане здароўя і жорсткім абыходжанні ў зняволенні з 66-гадовым Рыгорам Кастусёвым, якога асудзілі да 10 гадоў калоніі за "змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". Эксперты адзначаюць, што неаказанне якаснага і своечасовага лячэння Рыгору можна лічыць катаваннем. Яны заклікаюць беларускія ўлады разгледзець пытанне аб памілаванні палітыка ці змякчэнні яму пакарання.

У зняволенні па-ранейшаму ўтрымліваюць праваабаронцаў — палітзняволеных Валянціна СтэфановічаУладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Насту Лойку, асуджаных да пазбаўлення волі.

На палітвязняў працягваюць аказваць жорсткі ціск у месцах зняволення.

Палітвязня Андрэя Пачобута перыядычна змяшчаюць у ШІЗА. Больш за восем месяцаў у наваполацкай калоніі № 1 Пачобуту не дазвалялі ніводнага спаткання, тэлефанавання родным і перадач. Некалькі месяцаў ён утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, адкуль яго час ад часу пераводзяць у ШІЗА.

Адміністрацыя жаночай калоніі № 24 ініцыявала завядзенне супраць палітзняволенай Вікторыі Кульшы трэцяй запар крымінальнай справы згодна з арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Вікторыю двойчы за мінулы год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК. Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. Цяпер Вікторыя больш за месяц знаходзіцца ў ПКТ, а Новы год сустрэла ў штрафным ізалятары.

Супраць палітзняволенага Дзмітрыя Рэзановіча завялі новую крымінальную справу. Паводле ініцыятывы адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 у дачыненні да Дзмітрыя была распачатая крымінальная справа згодна з арт. 411 КК. Летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка 2024 года. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, пазбавілі спатканняў і перадач, а таксама пагражалі перавесці на турэмны рэжым.

Палітвязня Вадзіма Цагельніка асудзілі за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі паводле арт. 411 КК. Суд над ім пачаўся ў Бабруйску 2 лютага. Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.

Агулам "Вясна" мае інфармацыю пра 31 палітзняволенага, адвольна асуджанага да дадатковых тэрмінаў пазбаўлення волі згодна з арт. 411 КК.

Улады не пакідаюць спробаў спыніць падтрымку палітзняволеных і іх сем'яў беларускімі дабрачыннымі ініцыятывамі. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у выніку шырокамаштабных затрыманняў 23-24 студзеня і наступных дзён, паводле стану на 29 лютага, пад пераслед трапілі як мінімум 287 чалавек, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Пасля вобшукаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. Але на волю выйшлі не ўсе — праваабаронцы дагэтуль высвятляюць лёс некаторых затрыманых. Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую незадоўга да таго ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Пасля гэтага больш за сотню чалавек асудзілі паводле арт. 24.15 КаАП — за "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі дзеля ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэта адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў, не ажыццяўлялі і не фінансавалі за кошт атрыманай дапамогі тэрарыстычную і іншую экстрэмісцкую дзейнасць ці іншыя дзеянні, забароненыя заканадаўствам. Акрамя таго, палітыка Беларусі ў галіне рэгулявання замежнай і міжнароднай дапамогі неаднаразова была прадметам крытычнай ацэнкі праваабаронцаў і міжнародных арганізацый, бо яна замахвалася на шматлікія неад'емныя правы і свабоды, напрыклад, на свабоду асацыяцый, свабоду меркаванняў і іх выказвання.

Так, у судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Яе абвінавацілі ў атрыманні "замежнай дапамогі" ў межах ініцыятывы INeedHelpBY. Суддзя Святлана Баранава прызнала жанчыну вінаватай згодна з арт. 24.15 КаАП і прызначыла ёй штраф з кампенсаваннем сумы "замежных" плацяжоў у Е-дастаўцы. "Вясна" апублікавала падрабязнасці суда, а таксама аўдыя з працэсу.

У Оршы 1 лютага адбыўся суд над былым палітвязнем Дзянісам Сяргеевым паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі дзеля ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Дзяніса затрымлівалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ. Згодна з пратаколам, мужчына "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY на адрас інтэрнэт-крамы Еўраопт". Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла яму штраф у памеры 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсаваннем сумы "замежных" плацяжоў у Е-дастаўцы.

У лютым стала вядома пра тое, што беларускіх праваабаронцаў дадалі ў базу вышуку МУС у Расіі. У спісе апынуліся Наталля Сацункевіч, Леанід Судаленка, Ігар Казмерчак, Марыя Тарасенка, Уладзімір Хільмановіч, Зміцер Салаўёў, віцебскія праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова. Гэта азначае, што ў дачыненні да іх ўлады Беларусі ажыццяўляюць крымінальны пераслед.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Улады працягваюць палітычна матываваны пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 года: праваабаронцам рэгулярна паступаюць звесткі пра новыя выпадкі асуджэнняў паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Падставамі для адказнасці з'яўляюцца выхад пратэстоўцаў на праезную частку і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі аб спыненні сходаў — у адсутнасць дазволаў на іх правядзенне. Гэтая практыка груба і безумоўна парушае свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў. З асуджаных удзельнікаў пратэсных выступаў таксама адвольна спаганяюць уяўную шкоду, прычыненую транспартным прадпрыемствам.

Так, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска 16 лютага разгледзелі справу Яўгена Шума, якога затрымалі па вяртанні з Польшчы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Карсюк. Пакаранне — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Нярэдка крымінальнаму пераследу папярэднічае адміністрацыйны паводле такіх жа адвольных падставаў: у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 8 лютага вынесены прысуд мастачцы Ганне Крук. Жанчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Іна Сівец. Абвінавачаную затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні "Маркс" у Мінску. Праз два дні над мастачкай адбыўся адміністрацыйны суд згодна з арт. 24.23 КаАП (Несанкцыянаванае пікетаванне). У адпаведнасці з пратаколам, Ганна "дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асобаў".

Сваю віну Крук не прызнала і растлумачыла суду, што сапраўды размясціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сцяга. У выніку суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну на 13 сутак. Пасля "сутак" яна не выйшла на волю: яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Суд прызнаў Ганну вінаватай і пастанавіў пакараць абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Улады пераследуюць і за іншыя формы выказвання меркавання: 22 лютага затрымалі пастара з Навалукомля Аляксандра Зарэцкага за тое, што падчас набажэнстваў у ягонай абшчыне гучала малітва за спыненне вайны ва Украіне, напісала "Хрысціянская візія". Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі з гэтай нагоды і пагражалі Аляксандру пераследам. Незадаволенасць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны ладзяць. Зарэцкі і ягоная абшчына зведвалі пераслед з боку сілавікоў ужо не аднойчы. У ліпені 2021 года ў пастара адбыўся вобшук, 20 красавіка 2023 года мужчына быў затрыманы паводле арт. 19.11 КаАП РБ за лайкі і каментары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Пастар двойчы запар атрымаў арышт на 15 сутак і правёў за кратамі месяц.

Судамі выносяцца прысуды за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады: суд Лідскага раёна 24 студзеня вынес прысуд Аляксандру Малікаву, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады згодна з арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Федаровіч. Абвінавачаны ў снежні 2021 года пакінуў у адной з сацсетак каментар на адрас камандзіра вайсковай часткі, што базуецца ў Лідскім раёне; абвінавачванне і суд палічылі гэтае паведамленне абразлівым. Нягледзячы на непрызнанне віны, суд прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў і штрафам у памеры 4 000 беларускіх рублёў (больш за 1 100 еўра).

Суд Маскоўскага раёна Брэста 14 лютага разгледзеў крымінальную справу супраць 40-гадовага палітвязня Канстанціна Саламіюка. Працэс адбываўся ў будынку брэсцкага СІЗА, справу разглядала Марына Скалковіч. Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за публічную абразу Лукашэнкі. Канстанціна Саламіюка асудзілі на два гады пазбаўлення волі.

Адміністрацыйны пераслед працягвае актыўна выкарыстоўвацца дзеля ціску паводле палітычных матываў. У лютым "Вясне" стала вядома пра 625 выпадкаў рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, пра як мінімум 548 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 95 адміністрацыйных арыштаў, 84 штрафы, тры грамадскія працы; адна справа спыненая. Вынікі астатніх судоў невядомыя. Па рэгіёнах рэпрэсіі размеркаваліся наступным чынам: 140 выпадкаў — Брэсцкая вобласць, 111 — Гродзенская вобласць, 215 — Мінская вобласць, 158 — Гомельская вобласць, 72 — Віцебская вобласць.

Найболей папулярная падстава для асуджэння — распаўсюд "экстрэмісцкіх" інфармацыйных матэрыялаў.

Так, суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 25 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Telegram арыштавала на 15 сутак працаўніка ААТ "Нафтан" Аляксандра Ляшкова. Гэта быў чацвёрты запар адміністрацыйны арышт удзельніка стачкі 2020 года. У судзе стала вядома, што Аляксандр у Telegram пераслаў паведамленні з канала, прызнанага экстрэмісцкім.

Акрамя таго, як адзначалася, больш як 100 чалавек асуджаныя да штрафаў паводле арт. 24.15 КаАП за выкарыстанне прадуктовай дапамогі (са спагнаннем кошту гэтай дапамогі).

Напярэдадні выбараў міліцыя правяла ў Бабруйску рэйд, затрымліваючы людзей, вядомых у сувязі з выбарамі 2020 года, — якія ўдзельнічалі ў назіранні і трапляліся на акцыях пратэсту.

У Докшыцах затрымалі былога настаўніка гісторыі Арцёма Стадольніка. Ён быў абвінавачаны паводле арт. 24.23 КаАП (Несанкцыянаванае пікетаванне) за допіс у Instagram ад 18 студзеня 2021 года. Публікацыя не мела палітычнага зместу, але была праілюстраваная здымкам машыны з налепкай, на якой быў выяўлены герб "Пагоня". Налепку Арцём зняў пазней на патрабаванне міліцыянтаў: тады абыйшлося без пратаколу. У лютым маладога чалавека затрымалі на трое сутак. Раней Арцёма затрымлівалі ў кастрычніку 2020 года за ўдзел у "несанкцыянаваным мерапрыемстве", а потым, 8 ліпеня 2021 года, на трое сутак паводле падазрэння ў датычнасці да нанясення "палітычнага" надпісу на прыпынку. Мужчына мае траіх непаўнагадовых дзяцей.

У Віцебску прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву згодна з ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), а таксама згодна з ч. 1 арт. 19.10 КаАП (Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі). Гэты факт сведчыць пра тое, што ўладам не заўжды важна, якія каштоўнасці падтрымлівае той ці іншы "парушальнік", — мае значэнне толькі адсутнасць санкцыі ўладаў на гэтую грамадскую ці палітычную актыўнасць.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Працягвае расці пералік суб'ектаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэта суправаджаецца павелічэннем колькасці ўзятых пад варту і асуджаных за стварэнне, датычнасць да дзейнасці і фінансаванне такіх ініцыятыў.

Так, у Гомельскім абласным судзе 6 лютага пачаўся судовы працэс над Дзмітрыем Папковым, Ігарам Чарнавусавым і Уладзімірам Каменавым, якіх абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці абвінавачвання невядомыя. Справу разглядае суддзя Алег Харошка. Абвінавачаныя ўжо амаль год знаходзяцца ў зняволенні. Раней на "пакаяльным відэа" яны паведамлялі пра тое, што стварылі чат, дзе перапісваліся паміж сабой, а пасля ўварвання РФ ва Украіну нібыта некалькі разоў у перапісках абразілі Лукашэнку, таксама пісалі "няправільныя" каментары.

У Мінскім гарадскім судзе 16 лютага вынеслі прысуд 27-гадовай палітзняволенай Ксеніі Ходыравай. Яе асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361-2 (Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 2 арт. 361-3 (Фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях). Па справе адбылося тры пасяджэнні; палітзняволеную абвінавацілі ў выплаце ахвяраванняў ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі фармаваннямі, і беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за незалежнасць Украіны. У выніку суддзя Святлана Макарэвіч прызначыла палітзняволенай пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Брэсцкі абласны суд 12 і 14 лютага 2024 года разглядаў крымінальную справу супраць 39-гадовага Аляксандра Сысоева. Суддзя — Руслана Сянько. Мужчыну паставілі ў віну тое, што праз сацыяльную сетку Facebook, выкарыстоўваючы аплатную сістэму PayPal, ён пералічыў грошы палку Каліноўскага. Перавод на суму 12,91 долара ЗША быў здзейснены з беларускай карты. Дзяржаўнае абвінавачванне кваліфікавала гэта як ч. 2 арт. 361-3 КК (Фінансаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях). Згодна з інфармацыяй "Берасцейскай вясны", 12 лютага пракурор запатрабаваў для Сысоева пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд агучвалі 14 лютага.

У спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, куды змяшчаюць звесткі асуджаных за пратэсную актыўнасць, у лютым дадалі 80 чалавек, пасля чаго ў спісе стала 3 819 імёнаў.

Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся трыма суб'ектамі, цяпер там 181 пазіцыя.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі звесткі пра інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі на падставе больш як 100 рашэнняў судоў.

За месяц вядома 416 выпадкаў адміністрацыйнага асуджэння за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання

Па-ранейшаму груба і беспакарана, паўсюдна і сістэмна ў Беларусі парушаецца права не зазнаваць катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання — пры затрыманні, адбыванні адміністрацыйнага арышту, утрыманні пад вартай, у месцах абмежавання ці пазбаўлення волі.

Пра катаванні, іншыя віды забароненага абыходжання праваабаронцам паведамляюць вызваленыя зняволеныя.

Так, адзін з іх — былы палітвязень, які адбыў тры гады калоніі, — быў адвольна асуджаны паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост з прызнанага ўладамі экстрэмісцкім рэсурсу і адбываў адміністрацыйны арышт у ІЧУ Мінскага раёна ў лістападзе 2023 года. Ён падзяліўся з "Вясной" сваім досведам і назіраннямі: распавёў пра ўмовы ў ІЧУ, параўнаў ШІЗА ў калоніі з адміністрацыйнымі суткамі, а таксама ўмовы ў ІЧУ — з тым, што было тры гады таму.

Іншы былы палітвязень быў затрыманы ў межах рэзананснай "справы Зельцэра" ўвосень 2021 года. Сёлета ён распавёў падрабязнасці "Вясне". У зняволенні ён правёў два гады, у тым ліку разам з іншымі затрыманымі і асуджанымі паводле гэтай справы. Затрыманыя сутыкнуліся з жорсткім бесчалавечным абыходжаннем.

Працягваецца практыка запісу зневажальных відэа з прызнаннямі затрыманых за пратэсты і іншадумства. Так, спецслужбы затрымалі экс-супрацоўніцу Савета міністраў Беларусі. На відэа жанчына кажа, што ў 90-я працавала ў Вярхоўным Савеце і Савеце міністраў Беларусі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і ў тым, што яна абмяркоўвала палітыку з сябрамі з Украіны і Ізраіля. Прапагандысты сцвярджалі, што жанчыну арыштавалі на 15 сутак.

Палітвязня, верніка-каталіка Уладзіслава Беладзеда, як паведаміла "Хрысціянская візія", прымусілі запісаць "пакаяльнае відэа", у якім ён выглядаў прыгнечаным і пад відавочным прымусам заяўляў пра сваю гомасексуальную арыентацыю, што ставіць яго пад дадатковую пагрозу. У прапагандысцкім відэа пра яго выказваліся ў зневажальным тоне, прымушалі абгаворваць сябе, а таксама дэманстравалі фота і відэа, накіраваныя на дыскрэдытацыю яго ў вачах вернікаў.

Згодна са сведчаннямі былых палітвязняў, у беларускіх месцах няволі вельмі нізкі ўзровень медыцынскай дапамогі: у калоніях і СІЗА амаль не аказваюць дапамогу з хранічнымі захворваннямі; бракуе якасных медыцынскіх сродкаў; на прыём да доктара вылучаюць вельмі мала часу, праз што ўтвараецца вялікая чарга і зняволеныя не атрымліваюць своечасовую медыцынскую дапамогу. Праз аказанне несвоечасовай і няякаснай дапамогі на гэты момант у калоніях памерла ўжо пяць палітвязняў. Яшчэ нямала палітзняволеных сталага веку, а таксама з інваліднасцю знаходзяцца ў калоніях у вельмі дрэнным стане здароўя і патрабуюць неадкладнага лячэння.

Былы палітвязень, які нядаўна вызваліўся з наваполацкай калоніі, распавёў "Вясне" пра падтрымку паміж хворымі і пра тое, як палітвязні перадаюць хворым на дыябет цукеркі ў ШІЗА; як у ПК № 1 вязням з анкалагічнымі захворваннямі замест профільнага абследавання прапануюць прымаць антыдэпрэсанты; як зняволеныя адмаўляюцца замаўляць медыцынскія бандэролі праз вельмі складаную працэдуру іх атрымання; а таксама пра асобныя даведкі на нашэнне і захоўванне акуляраў.

Пераслед адвакатаў

У Мінску 28 лютага супрацоўнікі КДБ ажыццявілі затрыманні адвакатаў. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, было затрымана як мінімум 12 адвакатаў. Вялікая частка з іх выйшла на волю, а некаторыя застаюцца ў няволі. Таксама варта нагадаць, што ў зняволенні знаходзяцца шэсць палітзняволеных адвакатаў, асуджаных за прафесійную дзейнасць і рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь 15 лютага 2024 года праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў, па выніках якой былі прынятыя рашэнні наконт немагчымасці выканання адвакаткай Ірынай Шабанавай сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі. Кваліфікацыйнай камісіяй таксама прынята рашэнне наконт магчымасці спынення ліцэнзіі ў дачыненні да Наталлі Каноды. Падставай для спынення ліцэнзіі паслужыла рашэнне аб немагчымасці выканання адвакаткай сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, прынятае Кваліфікацыйнай камісіяй па выніках чарговай атэстацыі 18 студзеня 2024 года. Ірына Шабанава і Наталля Канода — высокапрафесійныя спецыялісткі з бездакорнай рэпутацыяй, якія раней удзельнічалі ў дзейнасці органаў адвакацкага самакіравання. Іх дыскваліфікацыя — гэта чарговы ганебны акт рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў, які аслабляе не толькі адвакатуру, але і сістэму правасуддзя наогул.

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна выказвалі антываенную пазіцыю: ладзілі маршы і пікеты, выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай вайсковай тэхнікі, падрывалі расійскія вайсковыя самалёты. Беларусы дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на боку Украіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" паслядоўна асуджае агрэсію Расійскай Федэрацыі і любыя формы яе падтрымкі з боку беларускіх уладаў.

Паводле стану на 23 лютага 2024 года ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за акцыі на чыгунцы агулам на 199,5 года няволі. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаны не менш за 37 чалавек, за намер ваяваць на баку Украіны — 15 чалавек. Не менш за 38 чалавек зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і падтрымку Украіны. За грашовыя ахвяраванні беларускім добраахвотнікам былі асуджаны 14 чалавек. За першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1 500 чалавек. У нашай краіне дагэтуль пераследуюць і прызначаюць адміністрацыйныя арышты за адкрытую падтрымку Украіны.

Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не менш за 1 671 чалавека. З іх 94 было асуджана паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў. "Вясна" распавяла пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

У другую гадавіну ўварвання "Вясна" пагутарыла з двума ўдзельнікамі мірных антываенных пратэстаў — пра тое, чаму маўчаць было больш немагчыма, а таксама пра наступствы гэтага.

Парушэнне выбарчых правоў

Адзіны дзень галасавання ўведзены ў Беларусі па выніках змены Канстытуцыі на рэферэндуме 2022 года. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання былі прызначаны на 25 лютага 2024 года. Экспертная місія па незалежным назіранні за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасавання ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якая аб'ядноўвае Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі Камітэт, апублікавала Папярэднюю аналітычную справаздачу па выніках назірання.

Праваабаронцы заявілі, што выбары ў Беларусі праходзілі ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій і фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі. Праведзены кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя дзеля ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадстве. Пра гэта сведчаць: непразрыстае фармаванне выбарчых камісій; узгодненыя ўладнай вертыкаллю спісы людзей, якія вылучаюцца ў кандыдаты, і зарэгістраваных кандыдатаў; агітацыя, што імітуе палітычную актыўнасць, але мерапрыемствы і іх медыйнае асвятленне будаваліся вакол агульных заклікаў прыйсці прагаласаваць; працяг практыкі прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні; атмасфера запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў, рыторыкай адносна "планаў экстрэмістаў" і супрацоўнікамі міліцыі на ўсіх участках для галасавання; непразрыстая працэдура падліку галасоў; поўная адсутнасць незалежных назіральнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства