viasna on patreon

Спецдакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў праінфармавалі пра ціск на Аляксандра Пыльчанку

2020 2020-10-12T13:51:50+0300 2020-10-12T14:06:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pylchanka-aliaksandr-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Пыльчанка. Фота: БелСАТ.

Аляксандр Пыльчанка. Фота: БелСАТ.

Беларускі Хельсінскскі камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна” праінфармавалі Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саяна пра ціск на адваката Аляксандра Пыльчанку ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваёй прафесійнай дзейнасці. Падобнае паведамленне накіраванае таксама  на адрас Спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Адвакат Пыльчанка ў дадзены момант з’яўляецца абаронцам былога прэтэндэнта у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, абвінавачанага адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу і кіраўніцы ягонага выбарчага штаба Марыі Калеснікавай, якая  падазраецца ў крымінальным злачынстве па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Праваабаронцы ўстрывожаныя там фактам, што 7 кастрычніка адвакат Аляксандр Пыльчанка атрымаў ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь апавяшчэнне аб тым, што 15 кастрычніка 2020 года адбудзецца пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, на якім будзе разглядацца пытанне аб спыненні дзеяння яго ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

Падставай для разгляду гэтага пытання ў паведамленні названа «здзяйсненне правіны, несумяшчальнай са званнем адваката», а менавіта, «здзяйсненне дзеянняў, што дыскрэдытуюць адвакатуру». Гаворка йдзе пра інтэрвію з адвакатам, змешчанага на партале TUT.BY.

Праваабаронцы лічаць, што разгляд пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі адваката А. Пыльчанкі звязана выключна з яго публічным выказваннем прафесійнага меркавання аб неабходнасці ажыццяўлення пэўных прававых працэдур, што не можа прызнавацца дзеяннем, якое дыскрэдытуе адвакатуру. Гэтая акалічнасць дазваляе кваліфікаваць дзеянні Міністэрства юстыцыі як пераслед адваката за законнае ажыццяўленне правоў, гарантаваных у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта, права на свабоду выказвання меркавання (артыкул 19).

Спроба пазбавіць ліцэнзіі адваката расцэньваецца як ціск на яго выключна ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваёй прафесійнай дзейнасці - абароны Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.

БХК і ПЦ “Вясна” просяць Спецдакладчыка па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саяна неадкладна звязацца з Урадам Рэспублікі Беларусь, з Міністэрствам юстыцыі, і рашучым чынам запатрабаваць ад уладаў спыніць ціск на адваката Аляксандра Пыльчанку ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваёй прафесійнай дзейнасці па абароне апанентаў рэжыму Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства