"Законных абмежаванняў на інфармацыю аб санітарным стане месцаў утрымання адміністрацыйна арыштаваных няма"

2020 2020-07-13T15:31:29+0300 2020-07-13T15:31:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sapelko_782.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Пасля атрыманага адказу з Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС на заяву па ўмовах утрымання ў сталічных ЦІП і ІЧУ юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка звярнуўся ў Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (РЦГіЭ), а таксама да міністра ўнутраных спраў.

Нагадаем, раней праваабаронца звяртаўся ў Мінскі гарадскі і Маскоўскі раённы цэнтры гігіены і эпідэміялогіі з заявай аб правядзенні праверкі па паведамленнях у СМІ аб умовах утрымання ў ЦІП актывістаў. Ён прасіў даць звесткі аб тым, ці паступалі на працягу 2020 года з ЦІП паведамленні аб выяўленні інфекцыйнага захворвання, каросты, педыкулёзу, у тым ліку – захворвання COVID-19. Гэтыя звесткі былі неабходныя юрысту для стварэння аналітычных матэрыялаў у рамках правядзення Праваабарончым цэнтрам "Вясна" маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання, для недапушчэння адлюстравання недакладнай інфармацыі. Аднак звароты Паўла Сапелкі былі перанакіраваныя ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, які ў сваю чаргу ухіліўся ад адказу, спаслаўшыся на тое, што запытаныя дадзеныя адносяцца да "службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання".

"Гэтыя міліцэйскія – такія выдумшчыкі! Але вынік ёсць: у ЦІП вярнуліся перадачы"

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка атрымаў адказы на свае заявы па факце жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага годнасць абыходжання з арыштаванымі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Цяпер Павел Сапелка ў сваёй скарзе ў РЦГіЭ адзначае, згодна з Законам "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва", органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі дзяржаўны санітарны нагляд, з'яўляюцца:

  • Міністэрства аховы здароўя,
  • Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя",
  • абласныя цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя,
  • Мінскі гарадскі, гарадскія, раённыя, занальныя і раённыя ў гарадах цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Праваабаронца прыходзіць да высновы: РЦГіЭ Дэпартамента фінансаў і тылу МУС не з'яўляецца органам дзяржаўнага санітарнага нагляду, а толькі ажыццяўляе кіраванне дзейнасцю ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва падначаленых (якія ўваходзяць у склад (сістэму)) арганізацый з дапамогай рэгулявання іх дзейнасці і рэалізацыі паўнамоцтваў ўласніка (арт. 38 Закона).

У скарзе юрыст "Вясны" ўказвае і на тое, што па звестках, атрыманых ад арыштаваных і затрыманых, грамадзяне, якія змяшчаюцца ў ЦІП і ІЧУ, падвяргаюцца небяспецы заражэнне COVID-19 у сувязі з невыкананнем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па сацыяльным дыстанцыяванню. Пры гэтым начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў у ходзе прамой тэлефоннай лініі заявіў, што была праведзеная праверка па фактах шматразовых скаргаў у СМІ на ўмовы ўтрымання ў ізалятарах на Акрэсціна: інфармацыя аб тым, што адміністрацыйна затрыманых не выводзяць на прагулкі, што ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, не пацвердзілася.

У скарзе, накіраванай міністру ўнутраных спраў, Павел Сапелка ўказвае, што запытаная ім раней інфармацыя адносіцца да той, доступ, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой не можа быць абмежаваны, а менавіта інфармацыя: аб дзейнасці дзяржорганаў; аб надзвычайных сітуацыях, экалагічнай, санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўцы, гідраметэаралагічнай і іншай інфармацыі, якая адлюстроўвае стан грамадскай бяспекі; аб стане аховы здароўя; аб фактах парушэння законнасці (арт. 16 Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі").

Праваабаронца дасканала вывучыў палажэнне арт. 18-1 Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", а таксама Пералік звестак, якія адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.08.2014 № 783 "Аб службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і інфармацыі, якая складае камерцыйную тайну" (раздзелы "Праваахоўная дзейнасць" і "Медыка-санітарныя пытанні"), і прыйшоў да высновы:

"Звесткі пра захворванне ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь", у выдачы якіх мне было адмоўлена, як і запытаныя мной звесткі аб тым, ці паступалі на працягу 2020 года з ізалятараў ГУУС Мінгарвыканкама паведамленні аб выяўленні інфекцыйнага захворвання, каросты, педыкулёзу, у тым ліку – захворвання COVID-19, не могуць быць аднесеныя да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання".

Павел Сапелка звяртае ўвагу міністра ўнутраных спраў, што ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, "кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або шляхам друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару".

Гэта права спалучанае з некаторымі абмежаваннямі, якія павінны быць устаноўлены Законам і з'яўляцца неабходнымі: a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

"Законных абмежаванняў правоў на збор і распаўсюд інфармацыі аб санітарным стане месцаў утрымання адміністрацыйна арыштаваных няма", - заключае праваабаронца.

Павел Сапелка просіць РЦГіЭ і міністра ўнутраных спраў прызнаць незаконнай адмову ЦГіЭ Дэпартамента фінансаў і тылу МУС і Мінскага гарадскога ЦГіЭ ў прадастаўленні запатрабаванай інфармацыі і абавязаць адказны дзяржаўны орган паведаміць адпаведныя звесткі праваабаронцу. А таксама даручыць органу дзяржаўнага санітарнага нагляду правесці праверку ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама на прадмет выканання супрацьэпідэміялагічных і санітарных патрабаванняў, у тым ліку па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19, па выніках якой прыняць меры ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства