Праваабаронца просіць правесці праверку па фактах бесчалавечага абыходжання з арыштантамі ў ЦІП
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка накіраваў заяву начальніку ГУУС Мінгарвыканкама па факце жорсткага, бесчалавечнага, прыніжаючага годнасць абыходжання з арыштаванымі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Перш за ўсё гэта звязана з паведамленнямі ў СМІ аб умовах утрымання ў ЦІП ад актывістаў, што нядаўна вызваліліся з Акрэсціна.
Максім Урбановіч заявіў пра здзекі ў турме на Акрэсціна, Паўла Севярынца таксама катуюць
Па меркаванню праваабаронцы ў публікацыі, размешчанай на сайце naviny.by, утрымліваюцца звесткі, якія падлягаюць праверцы і ацэнцы з кропкі гледжання захавання супрацоўнікамі ўстановы патрабаванняў Правілаў унутраннага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту, а таксама наяўнасці ў іх дзеяннях прыкметаў дысцыплінарных праступкаў.
Павел Сапелка ў сваёй заяве просіць начальніка ГУУС Мінгарвыканкама правесці праверку звестак пра парушэнне правоў адміністрацыйна арыштаваных, прыняць меры па ўстраненні парушэнняў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых службовых асобаў.
Акрамя таго, юрыст “Вясны” просіць паведаміць, якія дакладна меры па недапушчэнні распаўсюду каранавірусу прадпрынятыя ў месцах утрымання адміністрацыйна арыштаваных:
- ці ўведенае абавязковае выкарыстанне масак арыштантамі і затрыманымі (у камерах, пры транспарціроўцы, кантактах з супрацоўнікамі);
- ці прымяняюцца дэзінфікуючыя сродкі;
- ці забяспечваецца сацыяльнае дыстанцыянаванне арыштантаў паміж сабой і з персаналам.
Павел Сапелка накіраваў заяву і ў пракуратуру Маскоўскага раёна г. Мінска з патрабаваннем правесці праверку на прадмет наяўнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў ЦІП прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага арт. 426 Крымінальнага кодэкса ("Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў").
Нагадаем, больш за 15 чалавек зараз знаходзіцца ў Центры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску за ўдзел у легальных пікетах па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Згодна з пастановамі сталічных судоў, актывісты пакараныя суткамі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).
Шмат людзей выклікаюць у суды на 19 чэрвеня, магчыма іх таксама будуць арыштоўваць і накіроўваць у ЦІП.
За паўтара месяца – больш за 1200 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды