Максім Урбановіч заявіў пра здзекі ў турме на Акрэсціна, Паўла Севярынца таксама катуюць
Першы сакратар "Маладога Фронту" Максім Урбановіч днём 15 чэрвеня выйшаў на волю пасля арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, паведамляе Радыё Свабода.
Марына Адамовіч, жонка зняволенага лідэра "Народнай грамады" Міколы Статкевіча, пераказала на Facebook словы Максіма Урбановіча пра арышт:
Толькі што вызвалены Максім Урбановіч. Расказвае, што такога бязмежжа ў ЦІПе не было нават у горшыя часы. Здзекі, шантаж, бязмежжа. Акрамя таго, на дзень у зняволеных адбіраюць матрасы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлоркай, хлорку ж льюць на асабістыя рэчы. Пры гэтым, астатнім, не палітычным, пастаянна кажуць: "Скажыце дзякуй палітычным. Гэта з-за іх".
Раней Адамовіч заяўляла пра здзекі са Статкевіча, спрабавала запісацца на асабісты прыём да начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму, але яе не прынялі.
Максім Урбановіч расказаў пра ціск у турме на Акрэсціна і заявіў, што ён збіраецца падаваць скаргу на ўмовы ўтрымання:
"Калі зімой бывае, што "марозяць", то цяпер "душаць хату" хлоркай".
У камеры ягонага брата, лідэра "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча, таксама вылівалі на падлогі нейкую вадкасць.
"Усё, казалі, палітычнае", — тлумачыць Максім.
Нагадаем, Максіма Урбановіча 1 чэрвеня асудзілі на 15 сутак арышту за "несанкцыянаванае мерапрыемства" на пікеце для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. У той дзень такі ж вырак атрымалі Мікола Статкевіч і Максім Вінярскі, якіх 15 чэрвеня чакаюць новыя суды.
Паўла Севярынца катуюць на сутках
Пра гэта напісала жонка палітыка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Сёння пазваніў чалавек, які сядзеў з Паўлам і сказаў, што Паўлу далі яшчэ 2 пратаколы па 15 сутак - агулам атрымліваецца 75 сутак, забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна. Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць.
Я вельмі прашу, калі неяк можна паўплываць на тое, што з ім робяць, дапамажыце, бо яго там заб'юць.