viasna on patreon

"Нам далі распараджэнне такіх затрымліваць". Затрыманні 3 ліпеня ў Беларусі Фота Відэа Дапоўнена

2020 2020-07-03T20:55:00+0300 2020-07-04T17:54:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_akciya_zaderzhaniya_2020_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 ліпеня ў Беларусі святкуюць Дзень незалежнасці. У розных сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі. Міліцыя пачала затрымліваць людзей. Агулам 3 ліпеня па ўсёй Беларусі было затрымана мінімум 17 чалавек.

Гомель

Днём 3 ліпеня на выхадзе з дому супрацоўнікі міліцыі чакалі актывістку каманды "кандыдатаў пратэста" з Гомеля Алену Давыдаву

Яе затрымлівалі адразу некалькі міліцыянераў, якія пасадзілі жанчыну ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым накірунку. Пазней з'явілася інфармацыя, што Алену Давыдаву даставілі ў Навабеліцкі РАУС.

Дапоўнена: Як паведамляе тэлеграм-канал Real Belarus (YouTube) @ОставайсяДома, Алену затрымалі ў 11.35, а адпусцілі каля 23.10, "адразу ж пасля салюту". За гэты час ёй не прад'явілі ніякага пратаколу.

Паведамляецца таксама, што на гомельскім пляжы быў затрыманы Аляксей Раманаў

pavel_severynec_z_aliaksej-gomel.jpg
Павел Севярынец з гамельчуком Аляксеем Раманавым. Фота з тэлеграм-канала

"Падышлі супрацоўнікі міліцыі, сказалі яму „Пройдзем“ і павялі ў службовы аўтамабіль", — паведаміў Свабодзе Віталь, прыяцель Аляксея. Ён быў сведкам затрымання. 

Аляксея Раманава даставілі ў Цэнтральны РАУС. Пазней туды выклікалі хуткую дапамогу, бо мужчыне стала дрэнна.

Дапоўнена. У 14 гадзін на выхадзе з пад'езда дома нібыта паводле адміністрацыйнай справы была затрыманая Святлана Нарскіна. Яе даставілі ў аддзел міліцыі на Мазурава, 10, супрацоўнікі міліцыі праводзяць з ёй гутарку.

Блогер YouTube-канала Real Belarus Іван Рэмязоўскі папрасіў выйсці суседа з дома і праверыць ці дзяжурыць міліцыя пад домам. Аказалася, што так. Блогер мяркуе, што яго хочуць затрымаць.

Таксама шэрая "Лада" з 8 гадзін раніцы стаяла каля дома актывіста Юрыя Уласава, які за падтрымку Сяргея Ціханоўскага адседзеў 45 сутак запар у ІЧУ.

Нагадаем, 3 ліпеня ў Гомелі людзей заклікалі прыходзіць на гарадскі пляж з 12.00, прыносіць з сабой калонкі з музыкай, мячы і пляжныя тапкі.

Масты

Сябра ініцыятыўнай группы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк з г. Масты вяртаўся дадому з сынам. Да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра Мелюка і нецэнзурна выказвацца ў яго адрас. Аляксандр Мелюк вёў відэазапіс таго, што адбываецца, на тэлефон. 

У хуткім часе пад'ехала міліцэйская машына. Аляксандр Мілюк прасіў засцерагчы яго ад дакучлівых прыставанняў невядомага мужчыны. Але міліцыя затрымала і самога Аляксандра. 

Дапоўнена: У РАУСе на Аляксандра склалі пратакол за "дробнае хуліганства" (арт. 7.1 КаАП), потым перавезлі ў Мастоўскую раённую лякарню, дзе зрабілі тэст на COVID-19. Тэст даў станоўчы вынік, таму Аляксандра пакінулі ў стацыянары на лячэнне. 

Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што сёння раніцай сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Скідзеля Яўген Клімук быў выкліканы ў РАУС, а паздней змешчаны ў ІЧУ. Некалькі дзён таму ў яго канфіскавалі аўто і тэлефон за язду на машыне са сцягам, а сёння вырашылі "закрыць" за гэта ж правапарушэнне, прад'явіўшы арт. 23.34 КаАП. У ІЧУ ён прабудзе да панядзелку. 

Барысаў

У Барысаве затрымалі трох чалавек, якія былі апранутыя ў майкі "3ИЮЛЯ", стылізаваных пад 3%.

zaderzha_borisov.jpg
Жыхары Барыса на святкаванні 3 ліпеня. Фота з тэлеграм-канала "Беларусь галаванога мозгу"

Сярод затрыманых — Максім Барушка, Павел Пусташыла і Аляксандр Кульнеў.

Афіцыйнай прычынай затрымання быў нібыта пошук балонаў з фарбай, бо недалёка было намалявана графіці.

Паведамляецца, што ў хуткім часе затрыманых адпусцілі. 

Як паведаміў праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч, прыкладна ў 20:00 каля барысаўскага гарадскога парка быў затрыманы Дзмітрый Шувалаў. Ён быў у футболцы з надпісам "Саша 3%, ты не будешь президентом". Пры затрыманні міліцыянты сказалі Дзмітрыю:

"Вы правакуеце сваёй майкай людзей. Нам далі распараджэнне такіх затрымліваць".

У гэтай жа майцы яго затрымлівалі 20 чэрвеня падчас "Ланцугу салідарнасці". Барысаўскі суд тады аштрафаваў яго паводле арт. 23.34 КаАП на 30 базавых велічыняў.

Усіх затрыманых 3 ліпеня ў Барысаве адпусцілі. У РУУСе іх апыталі, з імі былі праведзеныя тлумачальныя гутаркі. Адміністрацыйныя пратаколы на іх не складаліся. 

Брэст

brest_akciya_zaderzhaniya_2020_8.jpg
Затрыманне ў Брэсце 3 ліпеня. Фота: TUT.BY

Як паведамляе тэлеграм-канал "Беларусь головного мозга", у Брэсце пасля стыхійнай акцыі пратэсту супрацоўнікі АМАПу затрымалі мінімум трох чалавек. Прозвішчы затрыманых высвятляюцца.

Дапоўнена. Як піша TUT.BY, акцыя салідарнасці ў Брэсце пачалася ў 18.00 каля сцэны ля тэатра эстрады ў гарадскім парку, дзе праходзіў святочны канцэрт да Дня Незалежнасці. Прыкладна ў 18.15 АМАП ужо затрымаў першага чалавека. Міліцыянты падышлі да кампаніі маладых людзей, якія сядзелі на лавачцы каля сцэны, вывелі аднаго з хлопцаў і пасадзілі яго ў мікрааўтобус.

Потым каля 50 чалавек прастаялі прыкладна 40 хвілін каля ўваходу ў гарадскі парк, а затым калонай пайшлі па вуліцы Леніна. Людзі не выкрыквалі лозунгаў. Яны ішлі і пляскалі ў ладкі. Калона перайшла скрыжаванне з вуліцай Міцкевіча і пайшла далей у напрамку Гогаля. Каля крамы "Вінар" да калоны пад'ехалі некалькі мікрааўтобусаў. З іх выбеглі супрацоўнікі АМАПу і затрымалі пецярых чалавек.

Частка ўдзельнікаў акцыі пасля гэтага пайшла далей па вуліцы Леніна. Астатнія вярнуліся на вуліцу Міцкевіча і рассеяліся па дварах і суседніх вуліцах. Пасля гэтага мікрааўтобусы АМАПа кружылі па квартале, не даючы людзям сабрацца ў вялікія групы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, за час акцыі затрымалі шэсць чалавек. Іх прозвішчы і куды іх даставілі — удакладняецца.

Затрыманне ў Брэсце 3 ліпеня. Фота: TUT.BY
Затрыманне ў Брэсце 3 ліпеня. Фота: TUT.BY
Затрыманне ў Брэсце 3 ліпеня. Фота: TUT.BY
Затрыманне ў Брэсце 3 ліпеня. Фота: TUT.BY

У прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкама TUT.BY растлумачылі сітуацыю па затрыманых так:

"3 ліпеня ў Брэсце праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Дня незалежнасці. Супрацоўнікамі міліцыі забяспечваецца ахова грамадскага парадку. За здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў супрацоўнікамі міліцыі затрыманыя 7 грамадзянаў, у дачыненні да якіх распачаты адміністрацыйны працэс".

Мінск

Як паведамляе TUT.BY, днём падчас святочнага шэсця і выступлення Аляксандра Лукашэнкі каля манумента Перамогі былі затрыманыя муж і жонка Алена і Дзмітрый. Як распавядае Алена, калі яны ўжо збіраліся выходзіць праз рамку, да іх падышлі супрацоўнікі ў цывільным і прапанавалі прайсці ў мікрааўтобус. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным сказалі, што яны падазрона выглядаюць. Правезлі на ім каля 300 метраў па вуліцы Захарава і нечакана адпусцілі. Прычыну затрымання мінчукам ніхто не растлумачыў. 

Жанчына распавяла TUT.BY, што абураная і не разумее, што сёння з ёй адбылося. Ды і вельмі спалохалася: жанчына цяпер знаходзіцца на восьмым месяцы цяжарнасці.

Маладэчна

rh_by.jpg
У маладзечанскім парку. Фота Настассі УТКІНАЙ, rh.by

Як паведамляе «Рэгіянальная газета», каля 18:00 у парку Перамогі ў Маладзечне супрацоўнікі міліцыі падышлі да лаўкі з групай людзей, уключаючы Яўгена Радзівілку, які быў апрануты ў футболку з нацыянальнымі сімваламі. Міліцэйскія прапанавалі яму пайсці з імі. 

Яўгена прывялі на пляцоўку, дзе павінна была адбыцца разводка асабістага складу з інструктажам. Міліцыянты патлумачылі журналістам, што прывялі хлопца для гутаркі. Але пазней яго ўсё ж павезлі ў РАУС.

Магілёў

Увечары праваабаронцам стала вядома, што ў Магілёве затрыманы Глеб Будкоў. Абставіны затрымання высвятляюцца.

Інфармацыя ўдакладняецца і дапаўняецца


Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, просім паведамляць праваабаронцам "Вясны" па тэлефоне: +375 29 841 39 81 (Signal, WhatsApp, Telegram).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства