viasna on patreon

Блогеры Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў і Ігар Лосік – на Валадарцы Дапоўнена

2020 2020-06-29T13:14:00+0300 2020-06-29T14:10:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabanau_piatruhin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота з сайта b-g.by

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота з сайта b-g.by

Як паведамляе "Брэсцкая Вясна", блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава падазраюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады або актыўны ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справа тычыцца падзей у Гродне 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яго паплечнікі.

Сяргею Пятрухіну ўжо перадалі перадачу ў 5 кг. Блогер знаходзіцца ў СІЗА-1, у яго ёсць адвакат.

Пра Кабанава валанцёры кажуць:

Калі можаце нейкую прадуктовую перадачу і ад страўніка амез, то, калі ласка Ён вельмі знямоглы, мы не змаглі дапамагчы, пакуль ён быў у Драгічыне, бо не ведалі, што ён там. А калі даведаліся і перадалі, то хутчэй усяго не аддалі яму, бо там былі таблеткі, а ён хацеў узяць таблеткі ў хаце ў маці, значыць, не атрымаў перадачу”. 

Раніцай 29 чэрвеня Аляксандру Кабанава перадалі лекі, ён таксама знаходзіцца ў СІЗА-1 па вул. Валадарскага ў Мінску. 

Як паведамляе "Радыё Свабода", у СІЗА-1 на вул. Валадарскай у Мінску пераведзены таксама адміністратар тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігар Лосік. Паведамляецца, што яму падоўжылі арышт да 10 дзён да выстаўлення абвінавачання. Перадачу Лосіку раней адмовіліся прыняць, «бо праводзіцца санітарная апрацоўка будынка».

На адміністратара telegram-канала «Беларусь головного мозга» заведзена крымінальная справа

Увечары 25 чэрвеня "Радыё Свабода" паведаміла, што на адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

Храналогія пераследу брэсцкіх блогераў

Напрыканцы сакавіка блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін сышлі на "народны каранцін" і схаваліся ў вёсачцы пад Пінскам. Але спакойна працаваць рэпарцёрам праваахоўнікі не далі: 4 красавіка падпалкоўнік Пінскага ГАУС Алег Хрысюк наведаўся ў госці да блогераў, каб “апытаць” Сяргея.

27 красавіка блогерам Сяргеем Пятрухіным зноўку зацікавілась міліцыя. Гэтым разам пінскі ўчастковы Таранько паскардзіўся сваім калегам на блогера. Пасля гэтага яго пачалі пільнаваць і ў дзень, і ў начы.

6 траўня Сяргея Пятрухіна затрымаў АМАП. Пазней Пухавіцкая міліцыя перадала яго УУС Брэсцкага аблвыканкама, а 7 траўня блогера чатыры разы выклікалі на допыт, але размаўляць з супрацоўнікамі Сяргей Пятрухін адмовіўся. За што яго затрымалі ён даведаўся толькі ў судзе 8 траўня, калі яго абвінавацілі ў здзяйсненні правапарушэння паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП 19 траўня. Суддзя Куроўскі прызначыў працяг разгляду справы на 11 траўня на 10.00. Але Пятрухіна не выпусцілі, тут жа затрымалі за масавае мерапрыемства, якое адбылося 5 красавіка, і зноўку адправілі ў камеру. 11 траўня суд пакараў блогера 15 суткамі арышту, і нягледзячы на тэмпературу яго змясцілі ў ІЧУ. Адтуль у той сама дзень “хуткая дапамога” даставіла яго ў шпіталь. Пасля выпіскі Пятрухін быў на самаiзаляцыi да 2 чэрвеня.

16 чэрвеня каля 14 гадзін на лецішча, дзе блогер Пятрухін васстанаўліваўся пасля перанесенага каранавіруса, прыехала міліцыя. Яны затрымалі блогера “дзеля далейшага адбыцця пакарання”. І блогер знік. Толькі 20 чэрвеня Сяргей быў знойдзены у ІЧУ Кобрынскага РАУС. А 25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна з Кобрынскага ІЧУ даставілі ў Мінскі ІЧУ на Акрэсціна. 

Блогера Сяргея Пятрухіна праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнем. 

18 красавіка стала вядома пра затрыманне блогера Аляксандра Кабанава. У 7.30 яго затрымалі ў Пінскім раёне, у п. Гарадзішча, дзе Кабанаў знаходзіўся на самаізаляцыі. Раніцай блогер сабраў дзяжурны пакунак, пагаліўся, надзеў медыцынскую маску і выйшаў за браму, дзе і быў затрыманы міліцыяй, а пасля дастаўлены ў ІЧУ. 20 красавіка суддзя Куроўскі Д.Г. пакараў Аляксандра Кабанава паводле ч.2 арт. 23.34 КаАП 15 суткамі адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэста супраць завода АКБ 12 красавіка. 9 траўня Кабанава змясцілі ў Брэсцкі гарадскі шпіталь, дзе ў яго выявілі каронавірус. 1 чэрвеня блогера выпісалі з бальніцы, і ён знаходзіўся на самаізаляцыі.

15 чэрвеня блогера Аляксандра Кабанава ізноў затрымалі, калі ён пайшоў па выкліку ў паліклініку дзеля кантроля па адбыцці каранціна. Як толькі выйшаў з дома, яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёна г. Брэста. Блогера абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП за заклікі 7 траўня “карміць галубоў”. 17 чэрвеня старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак арыштаваў Кабанава на 15 сутак, і яго адразу адправілі ў ІЧУ.

20 чэрвеня блогер знік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава ў вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёна адбыўся ператрус. Ператрус праводзілі міліцыянты Драгічынскага РАУС. У іх, як выявілася, тры дні перад гэтым знаходзіўся Кабанаў у ізалятары часовага ўтрымання. Туды яго таемна перавезлі з ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста, дзе нібыта праводзілі дэзінфекцыю. Міліцыянты бацькам не прадставіліся, ператрус учынілі заўзята, потым далі Кабанаву падпісаць нейкую паперу. Таблетак для хворага страўніка Кабанаву дома ўзяць не дазволілі, як і паразмаўляць з бацькамі. На пытанне блізкіх, куды павязуць іх сына, сказалі – у Мінск. Па словах родных,  Аляксандр Кабанаў пачувае сябе кепска. Ён нядаўна перанёс COVID-19 і яму патрэбныя добрыя ўмовы для аднаўлення здароўя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства