viasna on patreon

У Мінску масава судзяць удзельнікаў пікетаў каля Камароўкі

2020 2020-06-19T16:09:00+0300 2020-06-19T17:57:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_matalok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Мінску 19 чэрвеня праходзіць каля 20 судоў па адміністрацыйных справах па артыкуле 23.34 КаАП – за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. А фактычна судзяць тых, хто прыходзіў на акцыі падчас нядзельных збораў подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты каля Камароўскага рынку. 

Каго судзяць?

Суд Партызанскага раёна:

  • 09.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Ігара Барысава.

Справу разглядае суддзя Наталля Дзядкова. Абаронца Барысава кажа, што суд мае палітычны характар, а ў самой справе шмат памылак, у прыватнасці ў пратаколе. Так, Барысаў увогуле не бачыў пратакол, не падпісваў яго, месца здзяйснення правапарушэння ўказана памылкова. Таксама абаронца адзначае, што ў матэрыялах справы рапарты сведкаў абсалютна ідэнтычныя. Барысаў хадайнічаў аб адводзе суддзі праз недавер ёй.  Адвод не задаволены, але задаволена хадайніцтва аб азнаямленні з копіяй пратакола. Сам Барысаў сцвярджае, што ў мітынгу не ўдзельнічаў, а проста раздаваў флаеры. 

Сведка-міліцыянт Васіль Ровіч назіраў за зборам подпісаў, які перайшоў ў мітынг. Кажа, што Барысаў крычаў у мегафон і гэта было незаконна. Барысаў пытае, што ён выкрыкваў - той не можа сказаць. Пытае, ці трымаў Барысаў нешта ў руках - той не памятае. Таксама на судзе сведчыў Аляксей Сігаеў з БСДП.

Барысаў хадайнічаў аб праглядзе відэа з камер у партыйным офісе, каб даказаць, што ў час, які пазначаны ў пратаколе,ён быў у офісе. Міліцыянты супраць. Кажуць, што яны самі здымалі ўсё. А відэа з офісаў не зменіць "прынятае рашэнне". Гэта хадайніцтва было адхілена. Увогуле за час працэсу ўсе чатыры хадайніцтвы Барысава былі адхіленыя.

Вынік - 40 базавых велічынь штрафу (1080 рублёў).

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы Святланы Каваленка за ўдзел у пікеце 7 чэрвеня. 

Суддзіла яе таксама Наталля Дзядкова. Каваленка хадайнічала аб правядзенні працэсу на беларускай мове - яно было задаволена. Хадайніцтва аб адводзе суддзі было адхілена. Яна не згодна з пратаколам, казала, што ўдзельнічала ў абсалютна законным мерапрыемстве 7 чэрвеня. Святлана казала, што аб пачатку адміністрацыйнага працэсу яе не апавясцілі належным чынам. 

Першы сведка амапавец Куімаў казаў, што чуў, як Каваленка выкрыквала лозунгі. Сведка Ровін таксама казаў, што яна крычала лозунгі.

Каваленка: "Вы бачылі як я крычала?"

Ровін: "Усе крычалі"

Каваленка: "Вы ўпэўнены, што бачылі, як я крычу?"

Ровін: "Усе крычалі, значыць і вы крычалі. Я бачыў".

Каваленка: "Вы кажаце, што я крычала толькі таму, што ўсе крычалі?"

Ровін: "Так".

Ровін сказаў, што не разумее яе і яму складана адказваць на яе пытанні.

Каваленка адзначыла, што пакідала подпісы падчас таго пікету, і прасіла далучыць відэа, дзе бачна, як яна гэта робіць. Суддзя не задаволіла хадйніцтва. 

Сведка з боку Каваленка пацвердзіла, што яна проста паставіла подпісы і сышла за гароднінай. Сведка Ірына Гарэцкая адзначыла, што яны са Святланай трымаліся здалёк ад пікету. Сведка Мікалай Казлоў таксама пацвердзіў, што жанчына проста пакідала подпісы. Гэта пацвердзіла і сведка Галіна Лагацкая.

Абарона прасіла спыніць справу і заклікае да крытычнай ацэнкі справы суддзёй, бо міліцыянты не могуць указаць, дзе канкрэтна бачылі Каваленка. Таксама ёй не далі магчымасць азнаёміцца і ўнесці праўкі ў пратакол - парушэнне закона. Калі б яна магла ўнесці праўкі, справа мусіла скончыла яшчэ напачатку.

У выніку суддзя Дзядкова прызнала Святлану Каваленка вінаватай і пакарала штрафам у 45 базавых велічынь (1215 рублёў).

Суд Першамайскага раёна:

  • Леаніда Кулакова будуць судзіць у 09.40 за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку 30 траўня. 

Справу разглядае суддзя Анастасія Кулік. Разглядаліся два пратаколы - за ўдзел у акцыі 31 траўня і 30 траўня. Сам Кулакоў на пасяджэнне не прыйшоў. Сведкам выступіў амапавец Аляксей Церашко. Ён распавёў, што ажыццяўляў ахову ў цывільнай форме каля Камароўскага рынку і прымаў удзел у затрыманні Кулакова. Кажа, што той выкрыкваў лозунгі "Стоп таракан!", "Ганьба!", "Свабоду Ціханоўскаму!".

Вынік - 15 сутак арышту.

  • У 09.10 у гэтым жа судзе адбудзецца разгляд справы Маі Навумавай (23.34 КаАП, удзел у пікеце каля Камароўкі 31 траўня). 

Справу разглядае суддзя Таццяна Ліннік.

Суддзя Таццяна Ліннік
Суддзя Таццяна Ліннік

Мая Навумава на пасяджэнне не прыйшла. Яе судзяць за ўдзел у акцыі каля Камароўскага рыйнку 31 траўня. Паводле пратакола, яны выкрыквала лозунгі "Стоп таракан!", "Сыходзь!", "Жыве Беларусь!", "Свабоду Ціханоўскаму!". Сведкам выступіў таксама міліцыянт Аляксей Церашко. У матэрыялах справы таксама рапарт ад Мясаедава з Першамайскага РАУС, дзе напісана, што Мая "сваім удзелам публічна выказвала незадаволенасць,негатыўнае стаўленне да дзеючай улады, падзей і удзельнікаў палітычнага жыцця". У выніку Навумаву пакаралі штрафам, але яго памер суддзя Ліннік не агучыла.

  • У 10.00 разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП Юрася Губарэвіча

Справу разглядае суддзя Анастасія Ляйкоўская. Юрась Губарэвіч на суд прышоў. Фота рабіць забаранілі, нават у калідоры. Згодна з пратаколам, Губарэвіч выкрыкваў лозунгі "Стоп таракан!", "Свабоду Ціханоўскаму!" і іншыя і прымаў удзел у мітынгу, не звязаным з выбарчай кампаніяй. Віну старшыня "Руху за свабоду" не прызнаў, адзначыў, што яго ініцыятыўная група збірала подпісы за яго вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Сведкі - амапаўцы Ігар Астапук і Віктар Ахрамовіч.

Пасля абвяшчэння перапынку для прыняцця рашэння Юрась Губарэвіч вырашыў сысці і сказаў, што мае права атрымаць рашэнне па пошце. На што сакратарка сказала, што той не мае права сыходзіць. Але Губарэвіч усё роўна сышоў. Пасля перапынку суддзя не застала Губарэвіча ў залі і вырашыла не абвяшчаць рашэння публічна, а проста пакінула залу. Пазней палітык даведаўся, што яму прысудзілі 15 сутак арышту.

  • 10.00. Адбудзецца разгляд справы Галіны Лагацкай.

Справу разглядае суддзя Святлана Чараповіч. Атрымала штраф у 45 базавых велічынь (1215 рублёў).

Суд Ленінскага раёна:

  • У 10.00 прызначаны разгляд справы Марыны Адамовіч па ч. 3 арт. 23.34 КаАП.

Справу па двух пратаколах (за 31 траўня і 7 чэрвеня) разглядае суддзя Т. Шоцік. У першым пратаколе напісана, што "Марына Адамовіч 31 траўня прыняла ўдзел у мітынгу, не звязаным з выбарчай кампаніяй, выкрыквала лозунгі". Сведкі па яе справе - міліцыянты Рэут, Бабішчэвіч, Балыш. Паказанні сведкаў у рапартах - ідэнтычныя. Вынік -  50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў).

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы паводле ч. 3 арт. 23. 34 КаАП у дачыненні да Анжалікі Жэлезняковай.
  • 10.00. Разгляд новай адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Арцёма Бабка за ўдзел у акцыях падчас збора подпісаў 31 траўня і 7 чэрвеня.

Справу разглядаў суддзя Аляксей Кісляк. Сам Арцём Бабок на сваё пасяджэнне не прыйшоў, таму што з’яўляецца кантактам першага ўзроўню з-за COVID-19. Але ён не паспеў папярэдзіць аб гэтым суд, бо яму толькі ўчора ўвечары даслалі судовую павестку, у якой была памылка ў прозвішчы і няправільна указана імя па бацьку. Арцём Бабок распавёў “Вясне”, што 31 траўня быў на пікеце каля Камароўскага рынку каля сябра ініцыятыўнай групы Валянціна Фралова, а 7 чэрвеня прыйшоў на пікет літаральна на 15-20 хвілін. Ён атрымаў 50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў).

Суд Кастрычніцкага раёна:

  • 10.00. Разгляд новай адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП блогера Эдуарда Пальчыса.

Разглядае справу суддзя Алена Жывіца. Блогер на пасяджэнне не прыйшоў, справа разглядаецца без яго. У пратаколе значыцца, што сёмага чэрвеня ён выкрыкваў лозунгі "Сыходзь!", "Жыве Беларусь!", "Верым, можам, пераможам!". Сведка - кіроўца АМАПу Сінтавец. Кажа, што бачыў Пальчыса 7 чэрвеня каля Камароўкі, ён нібыта размаўляў з людзьмі і выкрыкваў лозунгі. Наступны сведка - Юрый Багамаз, амапавец. Паказанні сведкаў адносна лозунгаў не супадаюць з тым, што напісана ў пратаколе. Вынік - 15 сутак арышту.

Таксама гэта суддзя разглядала справу 83-гадовага Яна Грыба (11.00). І сведкі ў яго па справе тыя, што былі ў Пальчыса - Багамаз і Сінтавец. Ян Грыб на суд не прыйшоў. Судзілі за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. "Грамадзянін Грыб неаднаразова браў у рукі мікрафон і крычаў лозунгі". На судзе праглядзелі відэа, дзе бачна выступ Яна Грыба. Вынік - 40 базавых велічынь штрафу (1080 рублёў).

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па ч.3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Галіны Жукоўскай.

Разглядае справу суддзя Аксана Няборская. Вынік - 45 базавых велічынь штрафу (1215 рублёў).

  • 10.00. Разгляд адміністратыўнай справы па ч. 3 арт. 23. 34 Каап у дачыненні да Віктара Кавалькова. Разглядае справу суддзя Лаўрыновіч. Атрымаў 45 базавых велічынь штрафу (1215 рублёў).

Суд Цэнтральнага раёна:

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Дзмітрыя Кудраўца

Дзмітрый Кудравец на суд не прыйшоў. Пратакол складзены за тое, што 7 чэрвеня ён "парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемсвах" і "прыняў удзел у мітынгу, які не датычыўся выбарчай кампаніі". 

Сведкі Уладзіслаў Камаровіч, амапавец. Ён пазнаў Кудраўца па фота. Казаў, што разам з іншым сведкам-міліцыянтам Дарашэвічам быў каля Камароўкі, бачыў, як Кудравец "актыўна прымаў удзел і выкрыкваў лозунгі". Сведка Дарашэвіч пацвердзіў словы Камаровіча. Вынік - 10 сутак арышту.

  • Таксама разглядалася справа па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Сяргея Нагліса. Яму прысудзілі 35 базавых велічынь штрафу.

Суд Маскоўскага раёна: 

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Аланы Гебрэмарыям.

Справу разглядае суддзя Юлія Варакса. Алана на суд не прыйшла, сведкі-міліцыянты таксама. Дзяўчыну судзяць за ўдзел у акцыі каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня: "прымала ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, не звязаным са зборам подпісаў, што выразілася ў яе прысутнасці ў групе грамадзян". Вынік суда - 50 базавых велічынь (1350 рублёў).

  • 11.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Міхаіла Варанцова.

Справу таксама разглядае суддзя Юлія Варакса. Пратакол за 07.06.2020: Міхаіл знаходзіўся на Камароўцы з 11:49 да 13:47 і прымаў удзел у масавым мерапрыемстве, не звязаным са зборам подпісаў, што выказалася ў прысутнасці ў групе грамадзян. Вынік - 50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў).

Суд Фрунзенскага раёна:

  • Прызначаны разгляд яшчэ аднаго адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні да Мікалая Маслоўскага.
  • Таксама тут судзілі Андрэя Шыпуліна. Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч. Вынік - 10 сутак арышту
  • Сяргей Тарасенка - 20 базавых велічнынь штрафу (540 рублёў).

Суд Заводскага раёна:

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Віталя Савіча. Вынік - 50 базавых велічынь.

Суд Савецкага раёна:

  • 10.00. Разгляд адміністрацыйнай справы паводле арт 23.34 КаАП у дачыненні да Евы Сапрыгінай.

Ева на суд не прыйшла. Судзіў яе суддзя Воўк. Яе вінавацілі ў тым, што "прымала ўдзел у мітынгу, які не быў звязаны з выбарамі, выкрыквала лозунгі". Сведкам выступаў міліцыянт Аляксандр Ёрш. Вынік - 7 сутак арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства