Суды над затрыманымі на "Камароўцы": суткі і штрафы Дапоўнена

2020 2020-06-01T17:07:00+0300 2020-06-01T18:35:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gormash_zatrim.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Момант затрымання Яўгена Гормаша.

Момант затрымання Яўгена Гормаша.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых напярэдадні актывіста “Еўрапейская Беларусі” Максіма Вінярскага і лідара “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча. Як паведаміў актывіст Леанід Кулакоў, іх судзяць за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). 

Максім Вінярскі ў судзе. Скрыншоў з відэастрыму блогера Шэрага Ката.
Максім Вінярскі ў судзе. Скрыншот з відэастрыму блогера Шэрага Ката.

Блогер Шэры Кот паведамляе ў Тэлеграм-канале, што ў судзе над Вінярскім абвешчаны перапынак на 15 хвілін, паколькі  Вінярскага з ІЧУ даставілі ў кайданках і ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі справы. Неўзабаве стала вядома, што блогера папрасілі пакінуць судовую залю да часу абвяшчэння пастановы па справе.

Вынік судовых працэсаў: Максіму Вінярскаму — 15 сутак арышту, Дзянісу Урбановічу — таксама 15 сутак арышту.

Суд Савецкага раёна Мінска разглядае справу яшчэ аднаго затрыманага 31 траўня — Яўгена Гормаша. На яго склалі адразу тры пратаколы правапарушэнняў: арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) і 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Справу разглядае суддзя Наталля Бондар.

Гормаш 31 траўня крычаў “Ганьба” на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу. Спачатку яго спрабавалі затрымаць супрацоўнікі ДАІ, але народ адбіў яго. Потым яго ўсё ж затрымалі ў дварах супрацоўнікі ў цывільным. У выніку Суд Савецкага раёна пакараў яго 50 базавымі велічынямі (1350 рублёў).

У судзе Ленінскага раёна палітык Мікалай Статкевіч пакараны на 15 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Супрацоўнікі міліцыі 31 траўня паўдня дзяжурылі каля дома палітыка Міколы Статкевіча. Каля 12:30 яго затрымалі людзі ў цывільным па дарозе на пікет на Камароўцы і павезлі ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска. Жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч пацвердзілі ў ЦІП, што ён у іх да суда.

Як паведаміў тэлеграм-канал "Маладога фронту", актывіст Віталь Трыгубаў, які быў затрыманы ўчора разам з Максімам Вінярскім і Андрусём Войнічам, знаходзіцца ў ЦІП па вуліцы Акрэсціна. Рашэнне суда пакуль невядома.

Дапоўнена: Тэлеграм-канал "Еўрапейскай Беларусі" паведаміў, што Андусь Войніч таксама асуджаны на 15 сутак арышту судом Першамайскага раёна.

Затрыманні актывістаў і зборшчыкаў подпісаў працягваюцца 31 траўня. Спіс абнаўляецца

Праваабаронцам "Вясны" з раніцы 31 траўня паведамляюць пра затрыманні актывістаў з усёй Беларусі. Нагадаем, на сёння былі аб'яўлены ў розных гарадах Беларусі ў 12:00 пікеты па збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя затрымлівае зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістаў "Народнай Грамады".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства