viasna on patreon

Суды ў Магілёве і Бабруйску: на суткі адправілі сем чалавек Дапоўнена

2020 2020-05-11T18:20:00+0300 2020-05-12T11:08:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/burakov_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак, 11 траўня, пачынаюцца суды над затрыманымі на выходных і ў пятніцу актывістамі і журналістамі. Усіх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сярод тых, над кім чакаюцца суды ў Магілёве, — праваабаронца "Вясны" Аляксандр Буракоў, блогер Міхаіл Аршынскі, журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў, грамадскія актывісты Андрэй Бодзілеў і Станіслаў Паўлінковіч і іншыя. Суды над актывістамі чакаюцца і ў Бабруйску.

burakov_sud_2.jpg
У суд прывезлі Алеся Буракова. Фота: Радыё Свабода

Вынікі магілёўскіх судоў над актывістамі і журналістамі 11 траўня:

  • актывістка "Маці 328" Інна Джумава — 3 сутак;
  • падпісчык "Краіны для жыцця" Уладзімір Барэйша — 8 сутак;
  • Стас Расінскі, які "карміў галубоў" — 10 сутак;
  • блогер і журналіст Міхаіл Аршынскі (заўтра яшчэ адзін суд) — 10 сутак;
  • актывіст Станіслаў Паўлінковіч (асудзілі па трох артыкулах) — 15 сутак;
  • Барыс Огнеў - 7 сутак; 
  • Мікіта Ігнашын - 10 сутак; 
  • сябра АГП Таццяна Сівачэнка — 25 базавых велічыняў (675 рублёў);
  • праваабаронца і журналіст "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў — перапынак да 12 траўня 10:00;
  • актывіст Ігар Шчамялёў — перапынак да 14 траўня 14:30;

*Усе арыштаваныя будуць адбываць пакаранне ў Ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама,
вуліца Крупскай 99Б, г. Магілёў, 212011

Падрабязнасці з судоў — ніжэй.

У суд Ленінскага раёна г. Магілёва прывезлі праваабаронцу і журналіста "Вясны" Аляксандра Буракова. На яго складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Як распавёў Аляксандр Буракоў, у пратаколе супрацоўнікі міліцыі пазначылі толькі адзін радок, што ён ўдзельнічаў у акцыі каля ІЧУ. Хаця, як настойвае праваабаронца, удзел у акцыі ён не прымаў. Ён не згодны з абвіначваннямі. Адміністрацыйную справу праваабаронцы прызначаны разглядаць суддзя Палякова.

У суд даставілі таксама падпісчыка "Краіны для жыцця" Уладзіміра Барэйшу. Яго, як Аляксандра Буракова і Станіслава Паўлінковіча, затрымалі ў пятніцу. На ІЧУ іх прывезлі пасля адбою. Суд над Уладзімірам Барэйшам прызначаны на 14:40. Суддзя — Урублеўская.

Дапоўнена. Стала вядома, што суд над Аляксандрам Бураковым прызначаны на 14:10. Але ў 11:10 скончыўся максімальна магчымы 72-гадзінны тэрмін затрымання. Праваабаронца напісаў скаргу ў судзе. Затым праваабаронца накіраваўся ў пракуратуру для абскарджвання дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Пракурор сказаў, калі старэйшы ўчастковы Гоманаў будзе працягваць утрымліваць праваабаронцу, то трэба пісаць скаргу менавіта на яго.

Як паведамляе mspring.online, у суд Кастрычніцкага раёна г. Магілёва дастаўлена восем адміністрацыйных справаў па артыкулу 23.34 КаАП. Час судоў пакуль невядомы. Паколькі ў 13 гадзін у судзе пачынае абед, працэсы адбудуцца пасля 14 гадзін.

Дапоўнена. Стала вядома, над кім у бліжэйшы час яшчэ адбудуцца суды:

  • Таццяна Сівачэнка і Мікіта Ігнашын — пасля 14:00 у судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя Зарычнюк. Затрыманая знаходзілася ў ІЧУ;
  • Іна Джумава — пасля 14:00 у судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя Селядцова. Затрыманая знаходзілася ў ІЧУ;

Па дадзеных праваабаронцаў, у ІЧУ чакаюць судоў Міхаіл Аршынскі, Барыс Огнеў, Станіслаў Паўлінковіч, Ігар Шчамялёў, Андрэй Бодзілеў, Алесь Асіпцоў. Нагадаем, 8 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва адправіў на "суткі" пяць чалавек, якіх затрымалі яшчэ 6 траўня. Гэта каманда "Краіна для жыцця" з аўтадома і жыхары Магілёва, якія адбівалі кіроўцу аўтадома ад міліцыі: блогер Уладзімір Няронскі (10 сутак), Арцём Сакаў (5 сутак),  Аляксандр Арановіч (6 сутак), Сцяпан Лазаронак (5 сутак), Вячаслаў Зайцаў (2 сутак).

Дапоўнена. Як паведамляе mspring.online у суд Кастрычніцкага раёна Магілёва даставілі блогера і журналіста Міхаіла Аршынскага. Яго працэс пачнецца ў 14:10, суддзя — Міхайлава. Яна прызнала блогера вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП і асудзіла яго на 10 сутак арышту. Праваабаронцы "Магілёўскай вясны" адзначаюць, што 12 траўня ў яго ў судзе Ленінскага раёна прызначанае яшчэ адно судовае пасяджэнне.

burakov_sud_mogilev.jpeg
Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў перад пачаткам суда. Фота: MSPRING.ONLINE

У судовым працэсе па справе праваабаронцы і журналіста "Магілескай вясны" Аляксандра Буракова абвешчаны перапынак да 15:00. Ён пахадайнічаў аб прадастаўленні яму часу на пошук і заключэнне дамовы з адвакатам. Суддзя адразу спытала, ці не мог ён знайсці яго пасля затрымання, хаця сам праваабаронца да 11:00 сённяшняга дня знаходзіўся ў ІЧУ. У выніку Палякова дала 40 хвілін на пошукі адваката. Пасля перапынку сакратарка суддзі прывяла Аляксандру Буракова абаронцу. Верагодна, дзяржаўнага. Праваабаронца мае намер адмовіцца ад яго і чакаць свайго адваката, які згодны заключыць з ім дамову.

Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што Аляксандру Буракову ставяць у віну дзве хвіліны ўдзелу ў "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Доказам выступілі скрыншоты з стрыму блогера Міхаіла Аршынскага, у якога сёння таксама чакаецца суд. Пры гэтым Буракоў не ўдзельнічаў у масавай акцыі — ён прывёз да ІЧУ двух прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага (Сяргея Лазарэнку і Андрэя Ільюка), якіх міліцыя затрымала разам з Ціханоўскім.

Пастанова суда па адміністрацыйнай справе Аляксандра Буракова будзе агучана заўтра,12 мая, у 10 гадзін раніцы. Яго адпусцілі на волю. З пятніцы ён знаходзіўся ў ІЧУ.


У 15:00 пачынаецца суд над сябрам АГП Таццянай Сівачэнка. Суддзя — Вольга Зарычнюк. Ёй прысудзілі штраф 25 базавых велічыняў (675 рублёў).

Як паведамляе mspring.online, суддзя Урублеўская паведаміла Уладзіміру Барэйшу, што ён можа скарыстацца паслугамі дзяжурнага адваката, але Барэйша адмовіўся. Працэс працягнуўся без абаронцы. Уладзімір прызнаў, што прыехаў 6 траўня да ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, каб падтрымаць і выказаць салідарнасць з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Ён заявіў, што не лічыць гэта правапарушэннем. На пытанне суддзі, ці прызнае ён, што быў там і ці прызнае ён гэта і сваю віну, Барэйша адказаў сцвярджальна. У выніку суддзя вынесла рашэнне — прызнаць Уладзіміра Барэйшу вінаватым і пакараць яго 8 суткамі арышту.

Актывістку "Маці 328" Інну Джумаву суд пакараў таксама 3 суткамі арышту. Як паведамляе "Радыё Свабода", гэты тэрмін у яе заканчваецца сёння а 18:30.  Актывісткі ініцыятывы, якія прыехалі яе падтрымаць, будуць чакаць яе выхаду на волю каля суду.

Дапоўнена. Паводле інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, журналіста Алеся Асіпцова і каардынатара ініцыятывы "За здаровы Магілёў" Андрэя Бодзілева будуць судзіць у аўторак 12 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёна.

Паведамляецца, што сёння адбудзецца суд Ігарам Шчамялёвым у 17:00 у судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя — Пушкіна. Праваабаронцы адзначаюць, што Шчамялева затрымалі ў ІЧУ больш чым на 72 гадзіны, што з'яўляецца парушэннем закона. Паведамляецца, што абвешчаны перапынак у судовым працэсе Ігара Шчамялёва да 14 траўня 14:30. У суд не з'явіліся двое сведак — супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама ў суд Ленінскага раёна даставілі актывіста Станіслава Паўлінковіча. Яго затрымалі 8 траўня проста на працоўным месцы на Магілёўскім металургічным заводзе. Суд па Паўлінковічу пачаўся а 16:00. Суддзя — Ланчава. Акрамя ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, Паўлінковічу ставяць у віну супраціў законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі (23.4 КаАП) і абразу службовай асобы (23.5 КаАП). Станіслава Паўлінковіча па трох артыкулах адміністрацыйнага арышту асудзілі на 15 сутак.

Як паведамляе mspring.onlineСтаса Расінскага, які нібыта "карміў галубоў", асудзілі на 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП. За сустрэчу з блогерам Ціханоўскім асудзілі на 7 сутак таксама Барыса Огнева і Мікіту Ігнашына на 10 сутак арышту

Сітуацыю ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва манітораць праваабаронцы "Вясны" Барыс Бухель і Аляксей Колчын. На суды ў Магілёў прыехала шмат палітыкаў: Анатоль Лябедзька, Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў, прыйшлі жанчыны з руху "Маці 328", прысутнічае шмат журналістаў.

БАБРУЙСК

У Бабруйску сёння чакаецца суд над блогерам Дзмітрыем Цімафеевам (Баранавічы), якога затрымалі 9 траўня. Акрамя гэтага, як паведамляе праваабаронца "Вясны" Сяржук Лацінскі, таксама ў Бабруйску павінны судзіць паводле артыкула 23.34 КаАП Юрыя Салаўёва (Ворша) і Андрэя Шуляка (Мінск). Пад судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска стаіць аўтазак.

Дапоўнена. А 15 гадзіны з яго вывелі шэсць чалавек. Акрамя названых, за ўдзел у акцыі затрымалі Аляксандра Ярмоленку (Жлобін) і Дзмітрыя Вальфсона, якога затрымалі ў Бабруйску, калі той выехаў са свайго двара ў працоўнай вопратцы. Таксама паведамляецца пра Сяргея Аднамаха з вёскі Бабірова Глускага раёна, якога затрымалі на прыпынку вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску. Ён проста прыехаў у горад на базар, ні ў чым не ўдзельнічаў.

У 16:30 праваабаронца "Вясны" Сяргей Лацінскі паведаміў, што шасцярых затрыманых зноў адправілі ў ізалятар. Суды над імі чакаюцца заўтра, але час іх невядомы.

Поўны спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў

Восьмага траўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні і выклікі ў міліцыю прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама тых, хто пачаў выходзіць па нядзелях на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і карміць галубоў у знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста. Затрыманні не спыніліся і 9 траўня - людзей забіраюць з дамоў ці спыняюць па дарозе ў Бабруйск, дзе запланавана правядзенне "Антыпараду".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства