viasna on patreon

МУС прапанаваў новыя ўмовы накіравання і ўтрымання асоб у ЛПП

2020 2020-05-06T12:58:26+0300 2020-05-06T12:58:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp_svetlogorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У аўторак, 5 траўня, ніжняя палата парламента прыняла ў першым чытанні законапраект аб унясенні зменаў у Закон "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі", піша TUT.BY. Дакумент павінен прывесці Закон у адпаведнасць з Дэкрэтам № 3 ад 2 красавіка 2015 года "Аб садзейнічанні занятасці".

ЛПП №1 у Светлагорску. Фота: TUT.by

Што плануецца новага ў парадку і ўмовах накіравання грамадзян у ЛПП?

Дакумент у парламент прадставіў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, паведамляе TUT.BY. Праект закона замацоўвае магчымасць накіравання ў ЛПП працаздольных непрацуючых асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Ініцыяваць іх накіраванне ў ЛПП змогуць пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якія ствараюцца мясцовымі органамі ўлады.

Пры гэтым канчатковае рашэнне па пытанні накіравання ў ЛПП па-ранейшаму застаецца за судом. Асноўным крытэрыем будзе злоўжыванне алкагольнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі і г.д. і здзяйсненне правапарушэнняў у стане, выкліканым спажываннем гэтых рэчываў, што адназначна сведчыць аб асацыяльным ладзе жыцця. Таксама па выніках медыцынскага агляду павінны быць устаноўлены адпаведна дыягназы "хранічны алкагалізм", "наркаманія" або "таксікаманія".

Акрамя таго, плануецца падзяліць ЛПП на два віды ў залежнасці ад умоваў прымусовай ізаляцыі. Першы — для грамадзян, упершыню накіраваных у ЛПП. Другі — для раней судзімых, а таксама накіраваных у другі і больш разоў.

Другую катэгорыю грамадзян чакаюць абмежаванні ў матэрыяльна-бытавым забеспячэнні.

Законапраектам прадугледжана скарачэнне з 25% да 15% памеру зарплаты, якія залічаць на рахунак грамадзяніна, які знаходзіцца ў ЛПП і абавязанага кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, і якія маюць запазычанасць па кампенсацыі гэтых выдаткаў.

Па разліках аўтараў законапраекта, яго прыняцце павялічыць аб'ём сродкаў, якія спаганяюцца ў бюджэт на ўтрыманне дзяцей на 240 тысяч рублёў у год. 

Як адзначаюць у МУС, з улікам узроўню рэабілітацыйнага патэнцыялу прапануецца размяшчаць асобна ад іншых катэгорый у ЛПП грамадзян, якія выказалі добраахвотнае жаданне на лячэнне ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі або таксікаманіі і далі згоду на аказанне ім наркалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове здароўя.

Што думаюць пра гэта праваабаронцы?

Праваабаронцы крытыкавалі не толькі змены ў заканадаўства аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у ЛПП, але і саму сістэму. Па сутнасці, ЛПП – гэта месца, дзе знаходзяцца ў зняволенні, у стане пазбаўлення волі людзі, якія не здзейснілі злачынства. Беларускія ўлады ігнаруюць той факт, што па Канстытуцыі Беларусі пазбаўленне волі дапускаецца толькі за здзяйсненне злачынства. Як адзначаюць праваабаронцы "Вясны", дзяржаве такое становішча выгадна: гэтыя людзі з'яўляюцца таннай, практычна бясплатнай працоўнай сілай, а праблема прымусовай працы ў Беларусі вельмі актуальная. Эксперт па пытаннях маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь Павел Сапелка так характарызуе прымусовую працу, якая паўсюдна выкарыстоўваецца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях:

«ЛПП – гэта як алка-ГУЛАГ, толькі замест лесапавалу і капання каналаў — некваліфікаваная праца без працоўнага дагавора, з трэмарам, на "невыкарыстоўваемым абсталяванні"».

Што датычыцца зменаў, то юрыст "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што "разыначкай" законапраекта стала павелічэнне тэрміну знаходжання ў ЛПП да двух гадоў для тых, хто накіроўваецца туды трэці раз і часцей. З улікам таго, што знаходжанне грамадзяніна ў ЛПП можа быць падоўжанае па рашэнні суда на тэрмін да шасці месяцаў за прагулы і правіннасці, маем на выхадзе перспектыву пазбаўлення волі грамадзян, якія не здзяйснялі злачынства, на два з паловай гады практычна ва ўмовах папраўчай калоніі. Гэта значыць адвольнае пазбаўленне волі, забароненае міжнародным правам і Канстытуцыяй.

"Значыць, варта чакаць павелічэння насельніцтва ЛПП, а туды і без таго за год трапляе 7-8 тыс. чалавек. Гэтыя 7-8 тыс. працоўных "штыкоў", мабыць, нядрэнна ўмацоўваюць працоўную армію ДВП, падвышаючы за кошт практычна рабскай нізкааплатнай працы паказчыкі прыбытковай працы прадпрыемстваў гэтага сучаснага ГУЛАГа", — адзначае юрыст.

Міжнародная арганізацыя працы і іншыя органы ААН патрабавалі, што беларускія ўлады спынілі выкарыстанне забароненай прымусовай працы ў ЛПП.

"Спакуса стварыць рэпрэсіўнымі практыкамі ілюзію здаровага грамадства, прыбраўшы за "калючку" тых, хто перашкаджае "росквіту", вялікі, і медыка-сацыяльна-псіхалагічна-выхаваўчыя патугі ў барацьбе з сацыяльным злом будуць суседнічаць са звонам ланцугоў сучасных рабоў і грукатам турэмных дзвярэй", — тлумачыць Павел Сапелка нежаданне беларускіх уладаў адмовіцца ад ЛПП.

У цяперашні час ва ўсіх ЛПП у Беларусі ўтрымліваецца каля 4,5 тысячы мужчын і каля 900 жанчын.

Чытаць таксама лонгрыды "Вясны" пра ЛПП:

«Цяпер на зоне няма такога, што адбываецца ў ЛПП»

Жыхар Гомеля Алег Максімаў, пра якога распавядалі праваабаронцы Гомельскага аддзялення "Вясны", вызваліўся з ЛПП у ліпені 2019 года. Сітуацыя, у якую трапіў пенсіянер высвяціла супярэчнасці, якія існуюць у сістэме лячэбна-працоўных прафілакторыяў, якія Максімаў называе проста канцлагерамі.

«Заробленых грошай не заўсёды хапала на ежу і бытавыя патрэбы»

Сярод найбольш частых пытанняў, з якімі грамадзяне звяртаюцца ў Праваабарончы цэнтр "Вясна", можна адзначыць тыя, якія звязаны з дзейнасцю ў Беларусі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП), умовамі змяшчэння туды людзей, якія пакутуюць на алкагольную або наркатычную залежнасць, спецыфікай іх лячэння і рэабілітацыі.

Рамонкавы чай, анальгін і працатэрапія

Адна з іх функцый сістэмы і лячэбна-працоўных прафілакторыяў – медыка-сацыяльная рэадаптацыя грамадзян. Якім чынам гэта дасягаецца?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства