Міхаіл Жамчужны пераведзены ў Горацкую калонію Дапоўнена

2020 2020-04-08T10:56:43+0300 2020-04-14T11:18:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhamchuznyi_67_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскія праваабаронцы паведамляюць, што яны перасталі атрымліваць лісты ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага, піша vitebskspring.org. Магчымыя прычыны: поўная ізаляцыя палітвязня ў сувязі з пандэміяй COVID-19 альбо этапаванне ў Горацкую калонію, мяркуе праваабаронца Леанід Свецік.

Але як пазней паведаміла "Вясне" праваабаронца Наста Лойка, палітвязень пераведзены назад у Горацкую калонію. Пра гэта ёй стала вядома з ліста ад Міхаіла Жамчужнага, датаванага 1 красавіка. Палітвязень таксама паведамляе, што яго змясцілі да 20 красавіка ў памяшканне камернага тыпу.

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

«Больш за два тыдні ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага я не атрымліваў лістоў, таму раблю высновы: альбо Міхаіла ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ізалявалі, альбо следства скончылася і яго этапавалі ў Горкі», – паведаміў «Віцебскай вясне» праваабаронца Леанід Свецік.

У лісце, які Свецік атрымаў ад Жамчужнага раней (дата адпраўлення 20 сакавіка), гаварылася, што пастанову аб працягу следства яшчэ на месяц следчы не вынес. Такім чынам, ёсць вялікая верагоднасць, што следства скончанае і Жамчужнага вярнулі ў Горацкую калонію №9.

Чаму Жамчужнага ўтрымліваюць(-лі) ў Віцебскім СІЗА

Знаходжанне палітвязня цягам месяца ў Віцебскім СІЗА патрабуе тлумачэння. Прычынай аднаўлення следства было «недарасследаванне» крымінальнай справы па факце крадзяжу маёмасці Жамчужнага. Справа была распачатая яшчэ ў лютым 2011 году і спыненая ў траўні 2016-га праз сканчэнне тэрмінаў даўнасці. Не пагадзіўшыся з такім падыходам органаў следства, Жамчужны звярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласці.

«Пры разглядзе звароту Жамчужнага М.І. ўстаноўлена, што прыведзеныя ім довады ў частцы неналежнай ацэнкі органамі папярэдняга следства кошту выкрадзенай маёмасці, непрыняцці мер для праверкі пададзенай інфармацыі пра асобу, датычную да здзяйснення злачынства, ды іншай значнай інфармацыі з'яўляюцца абгрунтаванымі», – адзначыў намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімер Гук.

Таму, улічваючы ўсе абставіны, 21 студзеня 2020 году пракурор адмяніў рашэнне следчага Віцебскага ГАСК Ішчука. Крымінальная справа з пісьмовымі ўказаннямі для арганізацыі справаводства дадатковага папярэдняга следства была накіраваная начальніку Віцебскага ГАСК. Яму ж было даручана арганізаваць правядзенне службовай праверкі па тым факце, што следчы не паведаміў Жамчужнаму аб спыненні папярэдняга расследавання. Калі факт парушэння пацвердзіцца, начальнік гарадскога аддзелу СК мусіць вырашыць пытанне аб прымяненні мер уздзеяння ў дачыненні да вінаватага.

Апроч таго, Жамчужнаму паведамілі пра тое, што пракуратура Віцебскай вобласці «ўказала» пракурору Віцебску на неналежнае вывучэнне ягонымі падначаленымі матэрыялаў крымінальнай справы, што прычынілася да несвоечасовай адмены працэсуальнага рашэння.

Леанід Свецік: Аб выніках даведаемся не хутка

Праваабаронца Леанід Свецік спадзяецца на тое, што палітвязень Жамчужны яшчэ нейкі час будзе знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА, бо пракуратура абавязала азнаёміць яго з матэрыяламі следства пасля заканчэння папярэдняга следства па крымінальнай справе.

«Але баюся, што грамадскасць не хутка даведаецца аб выніках расследавання, бо камунікацыя з Жамчужным цалкам прыпынілася праз захады, зробленыя УДВП Віцебскай вобласці ў сувязі з бурлівым распаўсюдам у краіне каранавірусу», – выказаў заклапочанасць Леанід Свецік.

Следcтва адмовіла палітвязню Жамчужнаму ў атрыманні пасылак і спатканнях

Віцебскі гарадзкі аддзел Следчага камітэту РБ адмовіў праваабаронцу Леаніду Свеціку ў кароткатэрміновай сустрэчы з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, а таксама – у перадачы палітвязню харчова-рэчавай пасылкі. Свецік лічыць, што следчы фармальна паставіўся да ягонай просьбы, праігнараваўшы прынцып гуманізму.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства