viasna on patreon

Следcтва адмовіла палітвязню Жамчужнаму ў атрыманні пасылак і спатканнях

2020 2020-03-28T19:10:01+0300 2020-04-01T12:21:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sledchy_izaliatar_vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Следчы ізалятар у Віцебску

Следчы ізалятар у Віцебску

Як паведамляе Віцебская Вясна, Віцебскі гарадзкі аддзел Следчага камітэту РБ адмовіў праваабаронцу Леаніду Свеціку ў кароткатэрміновай сустрэчы з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, а таксама – у перадачы палітвязню харчова-рэчавай пасылкі. Свецік лічыць, што следчы фармальна паставіўся да ягонай просьбы, праігнараваўшы прынцып гуманізму.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік звярнуўся 17 сакавіка ў Віцебскі гарадзкі аддзел Следчага камітэту (ГАСК) з заявай, у якой прасіў даць яму кароткатэрміновае спатканне з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, а таксама – магчымасьць перадаць яму пасылку з харчаваннем і сродкамі гігіены. Жамчужны знаходзіўся ў той час у Віцебскім следчым ізалятары (СІЗА).

Праваабаронца прасіў кіравацца прынцыпамі гуманізму і, даючы адказ, улічыць, што ён ужо 5 гадоў вядзе з Жамчужным перапіску.

Аднак следчы ГАСК Аляксандар Яроміч адмовіў праваабаронцу ў ягонай просьбе. У адказе паведаміў, што згодна з распараджэньнем начальніка ДВП МУС РБ ад 13 сакавіка кароткатэрміновыя і працяглыя спатканьні часова забароненыя – у сувязі з правядзеньнем прафіляктычных мерапрыемстваў.

«Таксама паведамляю на ваш адрас, што даванне вам кароткатэрміновага спатканьня са зьняволеным Жамчужным М.І. немэтазгодна», – падвёў рысу следчы Яроміч.

Як стала вядома, магчымасьці сустрэцца і перадаць харчы следства адмовіла таксама стрыечнай сястры Жамчужнага, якая жыве ў Віцебску. Пра гэта ў лісце праваабаронцу паведаміў сам палітвязень. Напісаў, што хадайнічаў аб сустрэчы і што следчы адмовіў, спаслаўшыся на адсутнасць законных падставаў.

Камэнтуючы пазыцыю Віцебскага ГАСК праваабаронца Леанід Свецік выказвае шкадаванне, што следчы фармальна падышоў да разгляду ягонай заявы, адмовіўшыся тым самым ад праявы гуманізму і прынцыпу сацыялізацыі ў дачыненьні да зняволенага Міхаіла Жамчужнага.

Лявон Яфрэменка


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства