Рэпартаж з суда, на якім журналістку "Новага Часу" аштрафавалі на 50 базавых Фота

2020 2020-01-27T14:01:13+0300 2020-01-28T14:40:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud_pershaims2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак, 27 студзеня, у Мінску працягваюцца суды над удзельнікамі і ўдзельніцамі антыінтэграцыйных снежаньскіх акцый. Па падліках праваабаронцаў "Вясны" за адзін дзень 27 студзеня мінскія суды па артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах) вынеслі штрафаў на агульную суму 200 базавых велічыняў (5400 рублёў). Сярод асуджанных — пісьменнік Лявон Баршчэўскі, былы дэпутат Пятро Садоўскі, палітык Мікола Статкевіч і іншыя. Акрамя гэтага, блогера "Шэрага Ката" асудзілі на 15 сутак. У судзе Першамайскага раёна г. Мінска 27 студзеня таксама судзяць журналістку “Новага Часу” Дзіяну Серадзюк. Гэта ўжо другі раз, калі яе спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за мітынг 20 снежня.

sud_pershaims2.jpg
Журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк у судзе 27 студзеня. Фота: spring96.org

Першы суд над ёй адбыўся 10 студзеня, але тады суддзя Максім Трусевіч адправіў справу на дапрацоўку ў Першамайскі РУУС для “ліквідацыі недакладнасцяў”. На тым судовым паседжанні супрацоўнік АМАПу Віталь Івашкоў сцвярджаў, што бачыў, як Серадзюк ўдзельнічала ў акцыі 20 снежня з 18:00 да 18:40 на Кастрычніцкай плошчы, але высвятлілася, што ў гэты час журналістка была зусім у іншым месцы.

Рэпартаж з суда, дзе судзілі журналістку “Новага Часу”, дэпутата незалежнасці Беленькага, Юрыя Губарэвіча і іншых

к праходзілі суды над людзьмі, якія рэалізоўвалі свае правы на мірныя сходы? Што казалі сведкі, якія сведчылі супраць іх? Якая атмасфера была ў судзе? Пра гэтае і іншае — ў рэпартажы “Вясны” з суда Першамайскага раёна г. Мінска.

Новы пратакол супрацоўнікі міліцыі склалі на Дзіяну Серадзюк амаль праз тыдзень пасля суда — 16 студзеня. Гэты судовы працэс, як і папярэдні, вядзе Максім Трусевіч. Сведкамі на ім выступаюць супрацоўнікі ГУВД Мінгарвыканкама Сяргей Астаф'еў і Віталь Івашкоў. Менавіта выразы апошняга на папярэднім судзе над журналісткай сталі крылатымі: "Вядомая асоба ў апазіцыі", "Дзяўчына прыгожая, запомнілася". 

Дзіяну Серадзюк вінавацяць па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах). На думку міліцыянтаў, яна парушыла заканадаўства тым, што 20 снежня ў парку Янкі Купалы публічна выказвала сваё меркаванне, крычала "Жыве Беларусь".

Журналістка "Новагу Часу" скарысталася на судзе правам не сведчыць супраць сябе згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі, таму ніякіх тлумачэнняў суду яна не давала.


Першы сведка — супрацоўнік ГУВД Мінгарвыканкама Сяргей Астаф'еў. Характэрна, што сведкам ён выступае на многіх судах за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй.

Суддзя Максім Трусевіч устанаўлівае асобу Астаф’ева: 

— Дзе нарадзіліся?

— Мінская вобласць.

— А канкрэтней?

— Бярэзінскі раён.

— Вёска? Горад? Што?

— Вёска Пагост.

"20 снежня праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Даволі працяглы час. Звярнуў увагу на раней знаёмых мне грамадзян, сярод іх была і Серадзюк”, — распавядае сведка міліцыянт Астаф’еў.

— А вы самі што там рабілі? — запытваецца ў яго суддзя.

— У мяне служба па ахове грамадскага парадку ў цывільным адзенні, — адказвае Астаф’еў.

— Вы да Серадзюк падыходзілі?

— Не, я толькі фатаграфаваў.

— Асобу яе ўстанаўлівалі?

— Не, яна мне раней знаёмая была.

— А адкуль яе ведаеце?

— Па працы.

Міліцыянт Сяргей Астаф’еў распавёў суддзі, што сфатаграфаваў Дзіяну Серадзюк на свой асабісты тэлефон. Здымак потым быў далучаны да матэрыялаў справы і з’яўляўся доказам яе ўдзелу ў акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй 20 снежня. Аднак прадастаўлены здымак быў зроблены на скрыжаванні вуліцы Купалы, а не ў самім парку.

— А вы маю прысутнасць менавіта ў парку Купалы як-небудзь зафіксавалі? — запытваецца Серадзюк у Астаф'ева.

— Не, калі я хацеў сфатаграфаваць вас у парку, вы адварочваліся.

sud_pershaims3.jpg
Журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк у судзе 27 студзеня. Фота: spring96.org

Другі сведка — міліцыянт Віталь Івашкоў, які змяніў паказанні, калі складалі новы пратакол на журналістку. Свае паводзіны ён растлумачыў тым, што памыліўся, але ўпэўнены, што бачыў яе на мітынгу ў той дзень. На пытанне суддзі, чаму ў папярэдні раз ён даваў іншыя паказанні, адказаў, што тады было шмат людзей, цёмны час сутак, таму абазнаўся.

“20 снежня паступіла каманда, што ў парку Купалы праходзіць мітынг 50-100 чалавек. Мы рушылі туды... Сярод іх была і Дзіяна Эдуардаўна”, — распавядае ў судзе сведка міліцыянт Віталь Івашкоў.

— Вы знаёмыя? — запытваецца суддзя.

— Ну, яна журналістка “Новага Часу”.

— А я што я рабіла там? — запытваецца Дзіяна Серадзюк у міліцыянта.

— Ну крычалі лозунг "Жыве Беларусь", любімыя вашыя...

Журналістка спытала ў Івашкова, ці дапушчальна так мяняць свае паказанні, але  суддзя зняў яе пытанне і сказаў, што яна мае права звярнуцца з заявай у кампетэнтныя органы.

— Думаю, гэта варта зрабіць.

Дзіяна заяўляе ў судзе, што яна не ў першы раз сутыкаецца з хлуснёй сведак у судах:

"Я лічу, што яны выконваюць зпушчаныя зверху загады".

Журналістка “Новага Часу” напрыканцы суда правяла прававы лікбез для суддзі на хвілін 15. Дзіяна заявіла, што наогул удзел у мірных акцыях гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Яна зачытала нормы Канстытуцыі, Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама палажэнні Кіруючых прынцыпаў АБСЕ аб свабодзе мірных сходаў. Суддзі Трусевічу яна заявіла, што такімі рэпрэсіямі яны дамагаюцца, што імідж прававой і дэмакратычнай дзяржавы канчаткова сапсуецца.

На вынясенне рашэння — 13 хвілін. На перапынку прысутныя здзіўляюцца, што выкрыкванне лозунгу на судзе пацвярджаюць фатаграфіяй.

sud_pershaims.jpg
Дзіяна Серадзюк каля суда Першамайскага раёна г. Мінска 27 студзеня. Фота: spring96.org

Вынік суда — 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

— Рашэнне зразумела? — запытваецца суддзя Трусевіч у журналісткі.

— Ганьба... — толькі ўздыхае Дзіяна.

— Па кімсьці турма плача! — абураецца такім рашэннем суда актывіст Яўген Батура.

— Добра, копію рашэння можаце забраць цяпер… — адказвае суддзя.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства