Рэпартаж з суда, дзе судзілі журналістку “Новага Часу”, дэпутата незалежнасці Беленькага, Юрыя Губарэвіча і іншых Фота
У Беларусі працягваецца судовы канвеер над удзельнікамі і ўдзельніцамі акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй, якія праходзілі 7,8, 20, 21 снежня ў Мінску. Звычайна суды сканчваюцца буйнымі штрафамі. Напрыклад, напярэдадні, 9 студзеня, агульная сума прысуджаных штрафаў перавысіла 15 тысяч долараў. 10 студзеня стала вядома, што адміністрацыйныя арышты прызначылі блогерам Зміцеру Казлову і Сяргею Ціханоўскаму, якія адбываюць ужо пакаранне за антыінтэграцыйныя акцыі. 15-суткавым арыштам пакаралі таксама палітыка Паўла Севярынца, які выйшаў на волю з ЦІПа раніцай за некалькі гадзінаў да суда.
У судзе Першамайскага раёна Мінска на 10 студзеня прызначаныя восемь судоў: над журналісткай “Новага Часу” Дзіянай Серадзюк, актывісткамі Нінай Багінскай, Маяй Навумавай, Святлана Каваленкай, Галінай Лагацкай, над намеснікам старшыні КХП-БНФ і экс-дупататам Вярхоўнага Савету 12-га склікання Юрасем Беленькім, старшынёй Руху "За свабоду" Юрасем Губарэвічам, актывістам Андрэем Рогавым. Усіх судзілі па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Як праходзілі суды над людзьмі, якія рэалізоўвалі свае правы на мірныя сходы? Што казалі сведкі, якія сведчылі супраць іх? Якая атмасфера была ў судзе? Пра гэтае і іншае — ў рэпартажы “Вясны” з суда Першамайскага раёна г. Мінска.
Суд на намеснікам старшыні КХП-БНФ Юрасем Беленькім
Судовы працэс паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за акцыю пратэсту 21 снежня над экс-дупататам Вярхоўнага Савету 12-га склікання Беленькім прызначаны на 9:30. Справу разглядае суддзя Святлана Чараповіч. Гэта не першы працэс гэтай суддзі за акцыі пратэсту. На буйныя штрафы яны асудзіла Леаніда Кулакова і Юрыя Губарэвіча напрыканцы 2019 года.
У маленькай зале размясцілася каля 15 чалавек падтрымкі. Сярод іх — былы калега Лявон Баршчэўскі і пісьменнік Язэп Янушкевіч.
"Штрафы аплачваеце?" — першае пытанне суддзі да Беленькага пасля высвятлення асобы. Ён пахадайнічаў, каб працэс вёўся на беларускай мове, але яму было адмоўлена.
"Згодна Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы. І падрыхтоўка да працэсу вялася на рускай мове", — растлумачыла сваё рашэнне суддзя Святлана Чараповіч.
Юрась Беленькі падрыхтаваўся да судовага працэсу грунтоўна. Сваю прамову ў судзе ён абгрунтоўваў нормамі Канстытуцыі і міжнароднага права.
“…У гэтай сітуацыі я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, кіруючыся артыкулам 57 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, выступіў у абарону незалежнасці нашай краіны 21 снежня. Я звярнуў увагу іншых грамадзян на намер пэўных асобаў ліквідаваць Беларусь як сувярэнную дзяржаву…" — тлумачыць свае дзеянні былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі.
Суддзя старанна запісвае словы Беленькага. Па зале разлятаюцца гукі клавіш сакратаркі суда, якая таксама заносіць яго словы ў пратакол судовага працэсу.
Калі Юрась Беленькі растлумачваў суддзі Чараповіч, што абарона незалежнасці дзяржавы — прамы абавязак грамадзян, тая толькі кіўнула і спытала:
"Гэта зразумела, але давайце высвятлім абставіны справы. Лозунг “Жыве Беларусь" выкрыквалі?”
Беленькі адказаў, што нічога такога не крычаў, ён звяртаўся да людзей з прамовай.
“А гэты лозунг выкарыстоўвалі ў сваёй прамове?”, — дапытваецца суддзя наконт “Жыве Беларусь”.
Па адміністрацыйнай справе Юрася Беленькага дапыталі толькі аднаго сведку — супрацоўніка АМАПу Палякова 1998 года родам з Чэрыкава Магілёўскай вобласці. Ён так хутка выпаліў асабістыя дадзеныя, што ніхто з прысутных не змог разабраць яго словы.
"21 снежня на Кастрычніцкай плошчы група грамадзян сабралася, выкрыквала лозунгі на беларускай мове “Жыве Беларусь”, “Незалежнасць”, “Ганьба...", — словы сведкі заглушыў смех з залі суда.
Суддзя вырашыла за гэта выдаліць адну з слухачак працэсу.
"Суддзя — прадстаўніца акупацыйнага рэжыму! Пайшлі, Марына, няма чаго тут слухаць! Судзілішча, а не суд!” — выйшла з гэтымі словамі жанчына. За ёй з залі суда таксама выйшла Марына і яшчэ два чалавекі.
Па ходзе дадатковых пытанняў высветлілася, што супрацоўнік АМАПа быў на акцыі ў цывільным адзенні. Супрацоўнік АМАПу асабіста Беленькаму ніякіх заўваг не рабіў.
"Асабіста да Вас не падыходзілі. Было некалькі супрацоўнікаў міліцыі па форме, якія апавяшчалі ўсіх прысутных, што акцыя не дазволеная Мінгарвыканкамам. Мы назіралі”, — сведчыць Палякоў.
Суддзя прыйшла да высновы, што супрацоўнік АМАПу з'яўляўся назіральнікам гэтай акцыі.
На вынясенне рашэння суддзя Святлана Чараповіч адвяла 10 хвілін.
Падчас перапынку прысутныя абураюцца з нагоды таго, што суддзя адмовілася весці працэс на беларускай мове:
"На кітайскай трэба было прасіць! Вось тады б пытанняў не ўзнікла!"
Вынік суда — 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Адзін з прысутных гучна абвясціў, што сёння Міжнародны дзень “Дзякуй”. “Таму дзякуй!” — сказаў напрыканцы мужчына.
Паралельна ў Першамайскім судзе г. Мінска разглядаюцца адміністрацыйныя справы Багінскай, Навумавай, Губарэвіча, Рогава.
У калідоры суда сустрэлі Ніну Багінскую ў сваім вядомым расшытым лозунгамі паліто. Да агалошвання рашэння па сваёй справе яна не засталася, ёй трэба было бегчы на прыём да доктара.
“А навошта заставацца? Усё пад капірку!”, — кажа Ніна Багінская.
Калі мы хацелі сфатаграфаць яе, то яна падыйшла да міліцыянтаў, каб фотаздымак быў з імі. Але яны не захацелі фатаграфавацца з актывісткай:
"Вы не эратычная! Не будзем з вамі фатаграфавацца!".
Тут жа да нас падбягае сакратарка суда:
"Вас павінны былі папярэдзіць, што відэа і фотаздымка ў судзе забароненыя!"
Але нас ніхто не папярэджваў. Праз пару хвілін сакратарка вырашыла ўсё ж такі гэта зрабіць гэта.
Суд над журналісткай “Новага часу” Дзіянай Серадзюк
Наступны суд у 10:00 пад старшынствам суддзі Максіма Трусевіча над журналісткай “Новага часу” Дзіянай Серадзюк. Дарэчы, учора Дзіяну прызналі Журналісткай 2019 году ў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” Асамблеі НДА.
Дзіяну Серадзюк судзяць па частцы 3 арт. 23.34 КаАП — паўторнае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Зімой 2019 году журналістку “Новага Часу” пакаралі буйным штрафам па арт. 23.34 КаАП за тое, што яна асвятляла акцыю салідарнасці з караблікамі з украінскімі маракамі каля амбасады Расійскай Федэрацыі.
Яе прыйшлі падтрымаць каля 20 чалавек, таму сакратарка вымушаная была знайсці большую залю, чым тая, дзе быў прызначаны суд. Усе не памяшчаліся ў залі.
Праваабаронца "Вясны" Алёна Лапцёнак на першай лаве праседзела ўвесь судовы працэс з плакатам "Ну вы ж самі ўсё разумееце".
Па пратаколу Дзіяна Серадзюк "парушыла парадак правядзення мітынгу 20 снежня, крычала "Жыве Беларусь!”". Суддзя спытаў у яе, ці згодная яна з гэтым сцвярджэннем, на што яна адказала: "Гэта абсалютная хлусня".
Судовы працэс над журналісткай пачаўся з яе тлумачэнняў. Яна распавяла, што фізічна не магла прысутнічаць на той акцыі, бо ў гэты час з мужам Яўгенам Батурам была ў гасцях у знаёмай у іншым канцы горада. У якасці доказаў яна прынесла скрыншоты перапіскі ў вайберы са знаёмай, дзе яна паведамляла, што яны пад’язжаюць ужо.
"Калі знаёмілася з матэрыяламі справы, то ўбачыла дзіўны фотаздымак, які нібы даказвае маю прысутнасць там. Гэта не Кастрычніцкая плошча. Там няма ніякіх ланцугоў. І той чалавек, які на тым здымку — я нават не магу зразумець, хто гэта", — распавяла Дзіяна суддзі.
Адвакатка журналісткі Таццяна Лішанкова апытала знаёмую, у якой была 20 снежня Серадзюк і Батура. Суддзя зачытаў і далучыў гэтыя тлумачэнні да адміністрацыйнай справы.
У залю суда выклікалі сведку супрацоўніка АМАПу Мінгарвыканкама Віталя Івашкова 1994 года нараджэння. На акцыі таксама прысутнічаў у цывільным адзенні.
"Грамадзяне выказвалі сваю незадаволенасць інтэграцыяй з Расійскай Федэрацыяй. Сярод іх была і Дзіяна Серадюк. Ішла ў калоне, усе крычалі лозунгі “Жыве Беларусь”, “Незалежнасць””, — сведчыць супрацоўнік АМАПу.
“Ці ведаеце Вы Серадзюк асабіста?” — запытваецца ў яго адвакатка.
"Ну, гэта асоба вядомая!” — кажа Івашкоў. Зала засмяялася. Засмяяўся і сам сведка. — "Апазіцыя ў Беларусі не такая вялікая".
"Затое вас, мусароў, шмат”, — выпаліў нехта з залі суда.
"Раней яе бачыў на акцыях. Раней жа былі ў нас акцыі, вы ж самі ведаеце. Дзяўчына прыгожая, запомнілася", — працягвае тлумачэнні сведка.
Аднак патлумачыць, дзе і калі менавіта яна знаходзілася 20 снежня — ён не можа. З дапамогай пытанняў адвакаткі і суддзі сведка сказаў, што яна 40 хвілін стаяла са сцягам каля галоўнай ялінкі на Кастрычніцкай плошчы.
"Былі Севярынец, Статкевіч, Спарыш, Сіўчык, Стрэльчанка..." — працягвае тлумачэнні сведка.
“А іншыя прозвішчы не на “С” Вы ведаеце?" — запытваецца ў яго адвакатка.
Дзіяна Серадзюк звярнула ўвагу, што паказанні сведак у адміністрацыйнай справе ўсе як пад капірку. Сапраўды, калі суддзя пачаў знаёміцца з пісьмовымі матэрыяламі справы, то апынулася, што пратаколы апытання сведак Шайко і Івашкова ідэнтычныя, аж да косак. Івашкоў не змог растлумачыць, чаму так атрымалася.
Муж Дзіяны — Яўген Батура, якога таксама дапыталі ў якасці сведкі, пацвердзіў, што 20 снежня ўвечары яны сапраўды ездзілі ў госці да сваёй знаёмай.
Адвакатка заявіла хадайніцтва аб выкліку знаёмай Дзіяны Серадзюк, у якой яна гасціла ў той вечар. Але суддзя адхіліў хадайніцтва. Адразу суддзя Максім Трусевіч абвясціў, што вяртае справу на дапрацоўку ў РУУС для “ліквідацыі недакладнасцяў”.
“Чаму проста цяпер нельга закрыць гэтую справу?” — сыходзілі з адкрытым пытаннем з залі суда прысутныя.
На судах у старшыні Руху "За свабоду" Юрася Губарэвіча, актывістак Галіны Лагацкай і Святланы Каваленкі прысутнічаў праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч.
Усе тры суды скончыліся буйнымі штрафамі: 30, 30, 50 базавых велічыняў адпаведна. Праваабаронца пракаментаваў гэтыя судовыя працэсы:
“Ужо на пачатку судовага працэсу мы не разумелі, як расцэньваць тое, што Юрыю Губарэвічу даслалі чысты бланк пратакола, дзе, акрамя прозвішча сведкаў, нічога не было. Там не было пазначана, хто складаў гэты пратакол, сутнасць правапарушэння, па якому артыкулу яго абвінавачваюць. Хаця працэсуальнае заканадаўства абавязвае орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, дасылаць копію пратаколу для таго, каб чалавек азнаёміўся з сутнасцю справы. Даслаўшы чысты бланк, Першамайскі РАУС прапанаваў Губарэвічу самому яго запоўніць?
Удзел у несанкцыянаваным мітынгу Юрыя Губарэвіча быў даказаны фактам раздачы інтэрв’ю журналістам каля галоўнай елкі на Кастрычніцкай плошчы. Больш ніякіх доказаў, што ён прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, — няма. Што за інтэрв’ю? Якім журналістам? Невядома.
Усе гэтыя працэсы — гэта класічны беларускі судовы канвеер. Тут не надта надаюць увагу доказам, сведкам і ўсяму астатняму. Сведка Палякоў сёння паспеў паўдзельнічаць у некалькіх працэсах у Першамайскім судзе, учора ў Цэнтральным судзе, мабыць, яшчэ і ў іншых судах.
Вельмі ўразіў апошні працэс у Першамайскім судзе па спадарыне Каваленке, якая вельмі пераканаўча выступіла ў судзе ў сваю абарону. Яна спаслалася і на Канстытуцыю, і на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Святлана Каваленка заявіла, што яна карысталася сваім правам на выказванне меркаванне шляхам мірнага сходу. Гэтая сітуацыя выглядала так, што чалавек без юрыдычнай адукацыі і не працуючы юрыстам больш разумее сутнасць права, чым той суддзя, які яе судзіў”.