Асудзілі "капітанаў папяровых караблікаў": усім па 490 рублёў штрафу Фота Дапоўнена
У судзе Цэнтральнага раёна Менска 22 снежня пачынаецца разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля Расійскай амбасады.
Нагадаем, увечары 26 лістапада да амбасады Расеі ў Менску прыйшло каля дзесяці чалавек, пераважна з "Моладзі БНФ", якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга.
Такім чынам актытвісты выказалі салідарнасць з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.
За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і вялі аператыўную відэаздымку. Пазней некаторыя з удзельнікаў атрымалі па пошце копіі пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Пазней некалькі ўдзельнікаў атрымалі па пошце пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сярод іх Яўген Батура, Святлана Каваленка і журналістка “Новага Часу Дзіяна Серадзюк. Суд прызначаны на 10 гадзін.
Усе тры справы будуць разглядацца разам, у адзін час. Суддзя - Іван Касцян.
А ў 11-30 у гэтым судзе прызначаны разгляд спраў яшчэ дваіх “капітанаў”. Гэта Дзяніс Урбановіч і Сяргей Тарасенка. Іх вінавацяць у парушэнні часткі 3 артыкула 23.34 КаАП.
Удзельнікаў акцыі ў суд прыйшлі падтрымаць актывісты і журналісты. Сярод іх старшыня АГП Мікалай Казлоў і былы кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька.
Журналістка “Новага Часу” Дзіяна Серадзюк, якая асвятляла падзею таксама атрымала пратакол. Чамусьці супрацоўнікі міліцыі палічылі, што яна таксама брала ўдзел у акцыі.
«Супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС палічылі, што я не асвятляла акцыю Моладзь БНФ па ўскладанні караблікаў да Расійскай амбасады ў якасці журналіста, а прымала ў ёй удзел. Нават пратакол даслалі», — напісала журналістка ў фэйсбуку.
Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў выставілі ў судзе караблікі. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным падыйшоў і забраў караблікі. Людзі паставілі новыя, жартуюць, што іх захапілі піраты. Супрацоўнік міліцыі Ярмаленскі, які прадставіўся пасля патрабаванняў залі, сказаў, каб прыбралі і новыя караблікі.
"Пакуль вы не прыбярэце караблікі, судовае пасяджэнне не пачнецца", - заяўляе ён
Прыйшоў новы супрацоўнік міліцыі па форме, не прадставіўся, спытаўся чыё гэта і скамечыў іх.
Супрацоўнік у цывільным: "Не рабіце з суда цырк!" Святлана Каваленка паказвае яму пратакол і кажа: "Цырк вось тут!".
Суддзя Касцян адразу траім тлумачыць правы і абавязкі. Зачытвае пратаколы "парушылі парадак правядзення пікетавання з мэтай публічнага выказвання пра затрыманне ў Керчанскім праліве ўкраінскіх караблёў падчас якога ўстанавлівалі папяровыя караблікі".
Яўген Батура заявіў хадайніцтва, каб працэс вялі на беларускай мове. Касцян задаволіў хадайніцтва. Серадзюк заявіла хадайніцтва, каб у якасці сведак выклікала Сяргея Балая, фотакарэспандэнта БелаПАН, і Аксаны Колб, галоўнай рэдактаркі Новы час". Суддзя вырашыў пасля вывучэння ўсіх доказаў, прыняць рашэнне па заяўленаму хадайніцтву.
Апытваюць Яўгена Батуру. Ён кажа, што яго папрасіла з ім пайсці яго жонка Серадзюк Дзіяна. Ён пайшоў дзеля яе бяспекі: "Цяпер такія часы, што журналістам на такіх мерапрыемствах пагражае небяспека. Могуць і пасадзіць, і асудзіць. Што ў прынцыпе і здарылася вось цяпер". Падкрэсліў, што яна там выконвала свае журналісткія абавязкі. Кажа, што мерапрыемства здымалі людзі ў цывільным, але не рабілі ніякіх заўвагаў, што гэта незаконна. Батура знаходзіўся побач, сваю віну не прызнае.
Другой тлумачэнні дае Дзіяна Серадзюк. Кажа, што ёй стала вядома, што адбудзецца акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі. Яна адправілася на яго як журналістка. На мерапрыемстве была пазначана журналісткім бэйджам. Яна далучае наступныя дакументы да справы: рэдакцыйнае заданне «Новага часу», копію журналісткага падсвечання, фота Сяргея Балая з БелаПАН, дзе яна фатаграфуе акцыю, дыск з гэтым фотаздымкам, скрыншот яе матэрыяла з сайта «Новага часу».
Суддзя Касцян далучыў гэта ўсё да матэрыялаў справы.
Серадзюк выпадкова перадала суддзі скаргу ў КПЧ ААН. Ён пытаецца, што гэта? Яна: "Скарга ў КПЧ. Але пакуль што не па маёй справе».
Трэцяя дае тлумачэнні Каваленка. Яна хадайнічае, каб яе апыталі пасля апытання сведак-міліцыянтаў.
"У мяне ёсць падазрэнне, што тыя, хто складаў пратаколы, не з'яўляюцца сведкамі насамрэч", кажа яна. Суддзя згадзіўся і вызваў першага сведку Антона Зубцова, выконваючага абавязкі кіраўніка аддзела правапарадку Дае тлумачэнні, што нёс тады службу па ахове грамадскага парадку. Кажа, што знаходжанне побач было дастаткова, каб скласці пратакол. Сведчыць, што Серадзюк устанавлівала караблікі, як і ўсе".
Яўген Батура:
"Адкуль вы ведалі, што там быў менавіта я?
Сведка:
"Па роду службу неаднаразова сутыкаліся на несанкцыянавым масавым мерапрыемстве".
Серадзюк пытаецца ў Зубцова наконт сябе. Спыталася, якія СМІ былі, бо ён казаў раней, што былі і журналісты. Зубцоў: "Былі Белсат, Новы час... Ад “Новага Часу” была журналістка з бэйджам. Яна падыходзіла і прадстаўлялася, але не памятаю як яна выглядала". Пры гэтым упэўнены, што Серадзюк устанавлівала разам з усімі караблікі, хоць ад “Новага часу” на акцыі была толькі Дзіяна.
Батура падкрэслівае, што па Закону аб СМІ, супрацоўнікі міліцыі павінны былі папярэдзіць, што адбываюцца незаконныя дзеянні. Зубцоў: "У мяне ёсць кіраўніцтва, якое дае распараджэнні".
Наступны сведка-міліцыянт Алег Лазарчык распавядае, што каля расейскай амбасады група з 11 чалавек устанавлівалі караблікі, давалі інтэрв'ю журналістам. Кажа, што бачыў сярод іх Каваленку, Батуру, Серадзюк. Зноў, кажа, што асабіста ён не павінны быў рабіць заўвагі аб незаконнасці дзеянняў грамадзян. Сведчыць, што былі журналісты, але не памятае з якіх выданняў.
Перапынак на 10 хвілін.
Суддзя Касцян прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Усім асобам, у дачыненні да якіх вядзецца працэс, прапанаваў пазнаць сябе на здымках. Збіраюцца глядзець дыск з фотаздымкамі.
Наступны сведка - Сяргей Балай, які супрацоўнічае з БелаПАН у якасці фотакарэспандэнта. Сведчыць, што Серадзюк рабіла на акцыі матэрыялы.
"Я чакаў нейкай актыўнасці. І калі ўсе падыйшлі з караблікамі, перада мной стала Серадзюк з фотаапаратам. Яна ўлезла ў мой кадр, таму я яе і сфатаграфаваў. Пікетам гэта назваць не магу, бо доўжылася менш за хвіліну", -распавёў ён.
Наступная сведка Аксана Колб, галоўная рэдактарка "Новага часу":
"Дзіяна павінна была прысутнічаць на акцыі, бо рэдакцыя яе туды накіравала. Калі нам стала вядома пра канфлікт у Керчанскім праліве, то мы зразумелі, што людзі захочуць гэта неяк падтрымаць. Мы ўвогуле хацелі выпісаць заданне на некалькі дзён. Але Дзіяна была падхварэўшая, таму мы яе накіравалі на адну акцыю".
Дае паказанні Святлана Каваленка. Яна адзначае, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць фотаздымкі і відэаздымкі, "што можа сведчыць аб нізкім узроўні падрыхтоўкі адміністрацыйнай справы, гэта непавага да нас, і нават да Вас! Я б нават заявіла хадайніцтва аб закрыцці справы з-за адсутнасцю доказнай базы".
Кажа, што яна сапраўды ўсталявала тры караблікі. "Гэта не пікет, а акт салідарнасці. Я не лічу, што акт салідарнасці трэба санкцыянаваць".
Падкрэслівае, што супрацоўнікі міліцыі не рабілі ніякіх заўвагаў аб незаконнасці мерапрыемстваў.
Яўген Батура напрыканцы падкрэслівае, што, калі міліцыянты, якія выступалі сведкамі у судзе, працуюць у аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі, але аб якой ахове можа ісці рэч, калі яны нічога не папярэджваюць. Каваленка звярнула ўвагу суддзі, што за акт салідарнасці з людзьмі, сем'і якіх пацярпелі ў Кемерава, на людзей не складалі пратаколаў.
Абвешчаны перапынак для вынясення пастановы па справе.
Агучваецца пастанова: Святлана Каваленка - штраф 20 базавых велічынь, Яўген Батура - штраф 20 базавых велічынь, Дзіяна Серадзюк - штраф 20 базавых велічынь, усім роўна па 490 рублёў.
Усе крычаць "Ганьба!"
Распачаўся суд над Дзянісам Урбановічам. Ён заяўляе адвод суддзі Касцяну. Суддзя пайшоў у дарадчы пакой. Пазней стала вядома, што Дзянісу Урбановічу і Сяргею Тарасенку таксама прысудзілі штрафы ў памеры 40 базавых велічынь.
* * *
Апроч гэтага праваабаронцам стала вядома, што на некалькі непаўнагадовых актывістаў Моладзі БНФ таксама склалі пратаколы правапарушэнняў, якія перададзены для разгляду ў Адміністрацыйныя камісіі па месцы іх жыхарства.