Хто павінен разглядаць факты “загонаў” студэнтаў? Адказала пракуратура Дакумент
Праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч застаўся незадаволены адказам Пракуратуры Заводскага раёну г. Мінска.
Раней ён накіроўваў заяву з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання студэнтаў з боку выкладчыцы БДЭУ Аксаны Аніскевіч.
“Гэта цалкам незаконна, таму што Канстытуцыя і Выбарчы Кодэкс гарантуюць права выбаршчыкаў свабодна ўдзельнічаць у выбарах, — пракаментаваў праваабаронца. — Тым больш, студэнты знаходзяцца ў пэўным падпарадкаванні адміністрацыі ўніверсітэту і маглі ўспрыняць гэта як абавязковы загад, бо выкладчыца сказала, што гэта ўсё «адсочваецца»”.
І ў выніку замест правядзення пракуратурай праверкі… заяву перанакіравалі рэктару БДЭУ Вячаславу Шуціліну, каб той “разглядзеў зварот і прыняў меры”.
Валянцін Стэфановіч з гэтым не пагадзіўся па шэрагу прычын:
“Па-першае, рэктар БДЭУ, відавочна, не надзелены паўнамоцтвамі праводзіць пракурорскія праверкі, — тлумачыць праваабаронца. — А я прасіў правесці менавіта яе, таму што менавіта пракуратура – гэта орган, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем законнасці, а не рэктар БДЭУ. Асабліва, калі гэта датычыцца канстытуцыйных і выбарчых правоў, а не нейкіх там пытанняў навучання.
Па-другое, заканадаўства забараняе перанакіроўваць заявы ў орган, дзеянні якога абскарджваюцца. Фактычна я абскарджваў дзеянні адміністрацыі ўніверсітета, дзе ставіў пытанне аб тым, што неабходна праверыць інфармацыю аб наяўнасці так званага “кантролю” за галасаваннем з боку адміністрацыі ўніверсітэта. Аніскевіч як выкладчыца БДЭУ падпарадкоўваецца адміністрацыі БДЭУ, і таму рэктар універсітэту не можа аб’ектыўна ацаніць яе дзеянні”.
Таму Валянцін Стэфановіч палічыў адказ пракурора незаконным і нават абуральным. Ён паскардзіўся ў Пракуратуру г. Мінска з патрабаваннем разглядзець па сутнасці яго першапачатковую заяву, а пракурора В. Млявага, які гэтага не зрабіў, прыцягнуць да адказнасці. Скарга будзе разглядацца ўжо цягам месяца, бо выбарчы перыяд скончыўся.