Актывістаў, затрыманых каля рэстарана "Паедзем паядзім" аштрафавалі больш чым на 2 000 даляраў Дапоўнена

2019 2019-11-04T17:57:00+0300 2019-11-05T07:54:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/urbanovich-sud-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Урбановіч. Фота: Зміцер Казакевіч

Дзяніс Урбановіч. Фота: Зміцер Казакевіч

У другой палове дня 4 лістапада Мінскі раённы суд разглядзеў адміністрацыйныя справы маладафронтаўцаў Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава, а таксама Валерыя Рабцава, затрыманых і збітых учора ў Курапатах, каля рэстарана "Паедзем паядзім".

Яшчэ аднаго затрыманага напярэдадні, кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Зміцера Казакевіча, вызвалілі ў той жа вечар, аднак пратаколы правапарушэнняў склалі ўсё адно: па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арт. 23.4 (непадпарадкаванне).

Зміцер Казакевіч у размове з прэсавай службай БХД распавёў падрабязнасці  жорсткага затрымання яго і іншых актывістаў падчас Курапацкай варты 3 лістапада.

Паводле яго, актывісты, як і звычайны, стаялі на варце, збіраліся раздаваць улёткі. У гэты час Зміцер Казакевіч паспрабаваў прайсці на тэрыторыю рэстарацыі “Паедзім паядзім”, каб раздаваць улёткі і размаўляць з выбарнікамі. Актывістаў на тэрыторыю не пускалі, але калі брама адчынілася і яны змаглі ўвайсці, ахоўнікі пачалі іх выпіхваць. Аднаму з хлопцаў пры гэтым зламалі вуду са сцягам.

Затым з’явіліся два ўчастковыя міліцыянты, а за імі – шэры мікрааўтобус без апазнавальных знакаў.

“Выбеглі адтуль людзі без формы. Кінулі нас усіх у гэты бусік. І ўсё дарогу ад гэтага рэстарана і да Бараўлянскага РАУС білі нагамі, скакалі па нас. На мяне зверху кінулі яшчэ Віталю (Трыгубава – рэд.), і нас дваіх нагамі мясілі. Дзяніса Урбановіча, Іларыёна Трусава – усіх адхадзілі. Мы калі прыехалі, я думаў, што Максім Урбановіч зусім без прытомнасці”, - расказаў Зміцер Казакевіч.

Паводле кандыдата, у РАУС яго 1,5 гадзіны не пускалі ў прыбіральню. І адвялі толькі пасля пагрозы не даваць паказанні.

У РАУС на актывістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП.

“Я ім кажу, што працаўнік міліцыі мусіў мне патлумачыць, што супраць мяне будзе ўжыты артыкул 23.4 – гэтага нічога не было. Адразу без нічога кінулі ў бусік”, - сказаў Зміцер Казакевіч, які адмовіўся прызнаваць віну.

Выпусцілі яго толькі дзякуючы наяўнасці пасведчання кандыдата ў дэпутаты.

“Дзяніса Урбановіча вельмі моцна збілі. Яго ў больніцу абласную вазілі – вельмі сур’ёзныя праблемы. Іларыёна Трусава забралі бацькі, бо няпоўнагадовы. А на астатніх, наколькі я ведаю, склалі пратаколы і пакінулі іх у РАУС”, - расказаў актывіст.

Пра далейшыя дзеянні міліцыянтаў у дачыненні да яго, у тым ліку і суду, Змітру Казакевічу сказалі чакаць паведамлення. Сам ён наведаў больніцу і зафіксаваў пабоі.

Як паведамляе Павел Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку, Дзяніса Урбановіча аштрафавалі агулам на 65 базавых велічынь (1657 рублёў 50 капеек) – 25 базавых за "дробнае хуліганства" і 40 базавых за "непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы". 

"У шпіталі наклалі на шыю шыну і "адпусьцілі дахаты". Ля дзьвераў яго чакалі бараўлянскія. Са шпіталя забралі на міліцэйскай машыне, паклалі на падлогу на расьцяжцы. Трымалі ў райаддзеле да трох начы", – падкрэслівае палітык.

Як піша Радыё Свабода, паводле суду, менавіта Дзяніс Урбановіч учыніў бойку на ўваходзе ў рэстарацыю, крычаў і парушаў грамадзкі парадак. Супраць яго сведчылі дырэктарка рэстарацыі Святлана Дубкова, ахоўнікі Мікалай Красоткін і Віктар Юневіч (абодва былыя міліцыянты).

Урбановіч не прызнаў віну. Паводле яго, бойку каля ўваходу ў рэстарацыю справакавалі ахоўнікі ўстановы. Урбановіч прасіў дапытаць у судзе супрацоўнікаў АМАП, якія фігуруюць у пратаколе на яго.

Дзеянні гэтых міліцыянтаў актывіст назваў «злачыннымі» і патлумачыў, што яны збівалі яго, «круцілі шыю» ў аўтамабілі, калі везлі з Курапатаў у пастарунак. Паводле Урбановіча, яны былі не ў адмысловай форме. Суддзя Аляксей Кропачаў гэтае хадайніцтва не задаволіў.

У Дзяніса Урбановіча траўмаваны пазванок шыі, на шыі ў яго накладзены бінт, ён з цяжкасцю паварочвае галаву. Актывіст сказаў, што ў міліцыі адмовіліся прымаць у яго заяву на дзеянні АМАПу пры яго затрыманні.

Пасля Дзяніса Урбановіча суддзя Кропачаў разглядзеў справу брата актывіста, Максіма Урбановіча. Яму прызначаны штраф у 510 рублёў (20 базавых). Супраць актывіста сведчылі тыя ж сведкі, якіх апыталі на працэсе супраць ягонага брата: ахоўнікі і дырэктарка рэстарацыі, а таксама ўчастковы міліцыянт Аляксей Аўчыннікаў.

Таксама 4 лістапада плануюць судзіць актывістаў Віталя Трыгубава і Валерыя Рабцава (на суд супраць апошняга выкліканыя ўсё тыя ж сведкі). Адміністрацыйны працэс супраць кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча, як ён сам думае, адбудзецца пазней у Маскоўскім раённым судзе.

Суддзя Вадзім Казей аштрафаваў Валерыя Рабцава на 40 базавых велічынь (1020 рублёў) па артыкулах КаАП 17.1 і 23.4, Віталя Трыгубава - таксама на 40 базавых велічынь па тых жа артыкулах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства