Улёткі, збор подпісаў і пікеты. Што рыхтуюць праціўнікі закона “Аб адтэрміноўках"?

2019 2019-08-02T14:43:14+0300 2019-08-02T14:47:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pechi_prisyaga_vas_tutby_phsl_10122016_img_1541.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца - TUT.BY

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца - TUT.BY

Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона “Аб адтэрміноўках", якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасцяў, каб ўсё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачута.

Аўтары петыцыі супраць закона “Аб адтэрміноўках" патрабавалі даць адтэрміноўку ад войска абітурыентам, якія паступілі ў ВНУ пасля сярэдняга спецыяльнага або прафесійна-тэхнічнага навучання, вярнуць адтэрміноўку тым, хто хоча працягваць адукацыю ў аспірантуры або магістратуры. Таксама аўтары петыцыі звярталі ўвагу на дыскрымінацыю ў навучанні дзяцей, якія пайшлі ў школу з 7 гадоў. Петыцыя была апублікавана на платформе petitions.by, і пад ёй у рэкордныя тэрміны падпісалася 10 тысяч чалавек - максімальна даступная лічба.

Як паведаміла “Еўрарадыё”, 29 ліпеня Палата прадстаўнікоў адказала арганізатарам петыцыі. У адказе гаворыцца, што выкладзеныя ў петыцыі думкі і аргументы дэпутаты прынялі да ведама. Але на стадыях падрыхтоўкі законапраект прайшоў працэдуру ўзгаднення, і эксперты пастанавілі, што ён адпавядае Канстытуцыі Беларусі і беларускаму заканадаўству.

Тое, што дэпутаты “прынялі да ведама” меркаванне 10 тысяч грамадзян Беларусі, гэтых грамадзян не задаволіла. Вынік - стварэнне кампаніі “Пратэст BY”, у тэлеграм-чаце якой ужо сабралося больш за 2000 чалавек. Удзельнікі кампаніі рыхтуюць інфармацыйныя ўлёткі пра недасканаласць закону “аб адтэрміноўках”, збіраюцца і далей весці збор подпісаў за адмену закона, а таксама плануюць адзіночныя пікеты ў дазволеных для гэтага месцах. Таксама ў планах - мірны мітынг супраць прынятага закону на пачатку восені.

Па інфармацыі “Радыё Свабода”, некалькі паведамленняў аб адзіночных пікетах ўжо пададзена. Так, 23-гадовы Валянцін Мілешка падаў паведамленне на правядзенне пікету ў мінскім парку 50-годдзя Кастрычніка – дазволеным месцы для мірных сходаў грамадзян. Паведамленне зарэгістравалі і распісалі на ўпраўленне ідэалагічнай працы Заводскага раёну. Літаральна на наступны дзень, першага жніўня, хлопцу адтуль патэлефанавала намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і ў справах моладзі Валянціна Папкова. Яна, па словах хлопца, была настроена негатыўна і відавочна схіляла яго адклікаць паведамленне на пікет.

“Яна пыталася, якая мэта пікета, каго збіраемся агітаваць у лесапарку, ці няўжо няма ніякіх іншых спосабаў інфармавання людзей у краіне”, - распавёў Валянцін.

Жанчына праінфармавала Мілешку, што яму варта будзе заключаць дамовы з міліцыяй, хуткай і “Зелянбудам” і аплаціць па 3 базавыя велічыні ў кожную інстанцыю.

“Мы будзем вырашаць, ці трэба гэта нам напярэдадні пачатку навучальнага года”, - таксама папярэдзіла яна.

Такая фармулёўка яскрава паказвае, што чыноўніца не вельмі ўсведамляе, што ўжо паўгода як дзейнічае паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў. А гэта значыць, што адмовіць Валянціну яна зможа толькі ў двух выпадках: калі нехта іншы ўжо падаў паведамленне на той жа час і тое ж месца, альбо калі паведамленне не адпавядае заканадаўству. Ці знойдуцца такія падставы - стане вядома ў хуткім часе.

Што мяняе закон "Аб адтэрміноўках"?

Якія асноўныя новаўвядзенні будуць разглядаць дэпутаты і чаму людзі супраць законапраекта — у разборы Еўрарадыё.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства