Арганізатары Дня волі прайгралі суд сталічнай міліцыі Фота Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 1 жніўня працягнуўся разгляд пазову ГУУС Мінгарвыканкама да заяўнікаў акцыі Дзень Волі ў Кіеўскім скверы з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР - Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова і Ігара Барысава. Пачатак судовага паседжання ў 10 гадзін.
На папярэднім слуханні, якое прайшло 25 ліпеня, была агучаная выніковая сума пазову ГУУС да арганізатараў святкавання Дня Волі, якая з улікам пені склала 8013 рублёў, паведаміў прадстаўнік ГУУС на слуханні ў судзе.
Суддзя Вольга Гусакова прыняла рашэнне аб пераносе судовага паседжання на 1 жніўня на падставе таго, што прадстаўнік ГУУС падрыхтаваў новую суму іскавых патрабаванняў з улікам пені, але не азнаёміў з ёй астатніх удзельнікаў працэсу.
Сёння на судзе прысутнічае толькі адзін з заяўнікаў Дня волі - старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў ды некалькі праваабаронцаў. З боку ГУУС Мінгарвыканкама - юрысконсульт упраўлення фінансавай службы і тылу Дзяніс Зінавенка.
Ігар Барысаў заяўляе ў судзе тры хадайніцтвы. Першае - аб допыце сведкі Віталя Рымашэўскага, які быў затрыманы падчас святкавання Дня волі ў Кіеўскім скверы, другое - таксама далучыць да матэрыялаў справы відэа, зробленая падчас Дня волі. Трэцяе хадайніцтва – далучыць дакументы, якія даказваюць, што арганізатары ўжо пакараны на суму 30 б.в. кожны за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34 (ч.2). Першае – задаволена, другое хадатайства (пра відэа) – адхіляецца, бо, па меркаванні суддзі, не датычыцца сутнасці справы. Трэцяе хадайніцтва (аб далучэнні копій пастановаў і скаргаў) задаволена.
У сваю чаргу юрысконсульт міліцыі Зінавенка заяўляе хадайніцтва аб допыце старшага інспектара міліцыі Сяргея Астафьева. Ігар Барысаў не супраць, аднак ён вельмі абураны тым, што суддзя адмовілася разглядаць відэа, дзе зафіксавана свавольства міліцыі. Суддзя задаволіла хадатайства юрысконсульта. Юрысконсульт просіць таксама далучыць да справы справаздачу ПЦ Вясна пра тое, як прайшоў сход у Кіеўскім скверы.
Суддзя разглядае справаздачу “Вясны”. Юрысконсульт звяртае ўвагу на зафіксаваную там колькасць удзельнікаў. Там лічба 1400 удзельнікаў. Суддзя далучае справаздачу праваабаронцаў да матэрыялаў справы.
Ігар Барысаў заяўляе адвод суддзі, бо тая не задаволіла іх другое хадайніцтва па далучэнні відэазапісу. Ён лічыць, што яна неаб’ектыўная. Прадстаўнік МУС супраць адводу. Суддзя абвесціла перапынак на 20 хвілін, каб прыняць рашэнне наконт магчымасці свайго адводу.
Хадайніцтва аб сваім адводзе суддзя не задаволіла, паседжанне працягваецца.
Суддзя Вольга Гусакова зачытала матэрыялы справы. Яшчэ раз нагадала, што фінальная сума патрабаванняў міліцыі з арганізатараў складае 8013 рублёў. Кожны з бакоў па-ранейшаму падтрымлівае свае патрабаванні. Пачынаецца допыт Віталя Рымашэўскага.
Рымашэўскі распавядае пра падзеі 24 сакавіка. Палітык прысутнічаў на мітынгу-канцэрце разам з сям’ёй. Прыкладна праз дзве гадзіны пасля пачатку ён пабачыў затрыманне Змітра Дашкевіча, зняў гэта на відэа. Затрыманне адбывалася каля дзіцячай пляцоўкі, таму гэта бачылі дзеці, якія, па словах Рымашэўскага, былі напалоханы тым, што адбываецца. Пры гэтым міліцыя бяздзейнічала. Праз некаторы час схапілі і самога Рымашэўскага, аднак праз пэўны час адпусцілі. І зноў жа, міліцыя ніяк не адрэагавала на сітуацыю. Рымашэўскі лічыць, што такім чынам міліцыя спрыяла крымінальнаму злачынству супраць яго, а сама сітуацыя агулам псуе імідж Беларусі.
Ён лічыць, што на пляцоўцы было не больш за 300 чалавек адначасова і робіць акцэнт на тое, што на пляцоўцы было вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Дапускае, што іх там магла быць палова ад агульнай колькасці людзей.
У судзе дапытваюць старшага інспектара міліцыі Сяргея Астафьева. Па ягоным меркаванні, удзельнікаў было каля 1400 чалавек. Супрацоўнікі міліцыі на ўваходзе і выхадзе лічылі людзей, адзін супрацоўнік лічыў, колькі было адначасова. А заяўлялася арганізатарамі да 1000.
На пытанне суддзі, якой методыкай карыстаюцца міліцыянты, Астафьеў адказваць адмовіўся і спаслаўся на тое, што гэта прапісана ў дакументах для службовага карыстання.
"Частка супрацоўнікаў міліцыі была ў цывільным, - прызнае Астафьеў. - Колькасць супрацоўнікаў у цывільным – не болей за 10 чалавек."
Астафьеў прызнае, што ўдзельнікаў папярэджвалі аб недапушчэнні выкарыстання за тэрыторыяй Кіеўскага скверу незарэгістраванай сімволікі (б-ч-б сцягі ). Юрыстконсульт задае пытанне наконт мер бяспекі, якія арганізавалі міліцыянты на пляцоўцы.
Адно з пытанняў: дык усё-такі 1400 чалавек – гэта адначасова ці цягам 2-3 гадзін? Адказ: адначасова.
Пытанне: колькі супрацоўнікаў міліцыі ўвогуле было задзейнічана?
Адказ: інфармацыя для службовага карыстання.
У судзе абвешчаны перапынак да 12-20. Затым адбудуцца судовыя спрэчкі.
Пачаліся судовыя спрэчкі.
Ігар Барысаў кажа, што бяздзейнасць міліцыі цалкам відавочна, падлік ўдзельнікаў вёўся няякасна, то бок паслугі аказваліся няякасна (што і стала прычынай пазоўных патрабаванняў). Калі ў мерапрыемстве ўдзельнічае больш за 1000 чалавек, значыць яго арганізатарам мусіць быць юрыдычная асоба. А паколькі арганізатары Дня волі – асобы фізічныя, то і патрабаваць аплаты за большую колькасць удзельнікаў, чым было заяўлена, міліцыя не мае права (гэта супярэчыць закону). Барысаў лічыць, што цяперашнія ўмовы для правядзення масавых мерапрыемстваў супярэчаць Канстытуцыі і парушаюць правы грамадзяе на рэалізацыю права на мірныя сходы.
Пасля перапынку ў 14.00 суддзя абвясціла вынік: у задавальненні пазову Барысава і іншых арганізатараў Дня волі аб скасаванні дамовы з міліцыяй адмоўлена, іскавыя патрабаванні ГУУС Мінгарвыканкама задаволены ў поўным аб'ёме, згодна з прадстаўленым імі ў судовым пасяджэнні разлікам.
* * *
Раней арганізатары Дня волі ў Мінску звярталіся ў суд з іскавай заявай да Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама для скасавання дамовы на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу і канцэрта 24 сакавіка 2019 года.
У ім пазоўнікі паказваюць, што падчас свята безпадстаўна былі затрыманыя як мінімум два актывісты - Дзмітрый Дашкевіч і Віталь Рымашэўскі. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі забаранялі пад пагрозай затрымання ўдзельнікам мерапрыемства пакідаць пляцоўку з бел-чырвона-белымі сцягамі, чым псавалі настрой людзям. Тым самым, лічаць заяўнікі, міліцыя не выканала сваіх абавязацельстваў па ахове правапарадку пад час масавага мерапрыемства.
На гэтай падставе арганізатары мерапрыемства прасілі суд скасаваць дамову з ГУУС Мінгарвыканкама аб аказанні паслуг па ахове грамадскага парадку пры правядзенні масавага мерапрыемства.
Раней, калі арганізатары адмовіліся аплачваць паслугі міліцыі, на іх былі складзеныя пратаколы на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства", і суд аштрафаваў кожнага з іх на 30 базавых велічыняў (765 рублёў).
Патрабуем ад уладаў Беларусі забяспечыць рэалізацыю свабоду мірных сходаў
Супольная заява праваабарончых арганізацый, прынятая 3 траўня 2019 года.
Навіныад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96