viasna on patreon

Патрабуем ад уладаў Беларусі забяспечыць рэалізацыю свабоду мірных сходаў

2019 2019-05-03T11:59:54+0300 2019-05-04T15:24:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shliah-2019-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява праваабарончых арганізацый

Мінск, 03 траўня 2019 г.

25 красавіка 2019 г. стала вядома, што арганізатары традыцыйнага шэсця “Чарнобыльскі шлях” былі вымушаныя адклікаць раней пададзеную імі ў Мінгарвыканкам заяўку аб дазволе правядзення шэсця і мітынгу і адмовіцца ад яго правядзення па прычыне немагчымасці аплаты арганізатарамі выдаткаў па правядзенню дадзенага мерапрыемства. Згодна з агучанай імі інфармацыі, выдаткі склалі 5737 беларускіх рублёў, альбо больш за 2000 даляраў ЗША.

Па гэтай жа прычыне адмовіліся ад правядзення першамайскага сходу і прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў. За адмову аплаціць выдаткі па правядзенню Дня волі 24 сакавіка 2019 у г. Мінску ягоных арганізатараў, прадстаўнікоў шэрагу апазіцыйных партый і арганізацый – Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Ігара Барысава і Вольгу Кавалькову –прыцягнулі да адмінстратыўнай адказнасці па ч. 2 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Правабарончая супольнасць не раз звяртала ўвагу на тое, што патрабаванні аб аплаце правядзення мірных сходаў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі краіны свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, з’яўляюцца недапушчальнай практыкай, сур’ёзна абмяжоўваюць магчымасці рэалізацыі гэтых свабодаў на практыцы. Аднак прапановы праваабронцаў аб зменах Закона “Аб масавых мерапрыемствах” так і не былі прынятыя да ўвагі.

Адпаведныя рэкамендацыі аб прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека неаднаразова былі адрасаваныя Беларусі  міжнароднымі арганізацымі, у тым ліку і Камітэтам па правах чалавека ААН па выніках працэдуры справаздачы Рэспублікі аб выкананні палажэнняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 8 і 9 кастрычніка 2018 г. Сярод іншага Камітэт па правах чалавека выказваў занепакоенасць палажэннем аб забеспячэнні медыцынскіх паслугаў і прыборкі тэрыторыі ў месцах правядзення сходаў, што ўскладаюцца на іх арганізатараў, а таксама стварэннем перашкодаў для свабоднага правядзення штогадовых масавых мітынгаў у сувязі з Днём волі ў сакавіку і Дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе ў красавіку.

З прыняццём Палатай прадстаўнікоў зменаў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, а таксама прыняццём у яго развіццё Пастановы Савета Міністраў № 49 сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць сабой сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

Трэба адзначыць, што пад дзеянне заканадаўства і адпаведна Пастановы Саўміна № 49 трапляюць і рэлігійныя сходы, што традыцыйна арганізуюцца прадстаўнікамі разнастайных рэлігійных канфесій. Абмежаванні ў правядзенні такіх сходаў прыводзіць і да абмежаванняў рэлігійных свабодаў.

У сувязі са склаўшайся сітуацыяй мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем

ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

  • унесці змены у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, прывёўшы яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека;

ад Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

  • адмяніць Пастанову № 49 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства";

ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

  • гарантаваць грамадзянам краіны магчымасць ажыцяўлення імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання;
  • спыніць практыку прыцягнення грамадзянаў да адказнасці за мірную рэалізацыю імі канстытуцыйных свабодаў, мірных сходаў і выказвання меркавання.

Публічная ўстанова “Беларускі дакументацыйны цэнтр”

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”

Экспертна-прававое таварыства “Ініцыятыва FORB”

Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend"

РГА “Прававая ініцыятыва”Беларускі ПЭН-цэнтр

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”

Асамблея НДА

Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасць”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства