viasna on patreon

У Мінску судзяць абаронцаў Курапатаў: агульны штраф 226 базавых велічынь Дапоўнена

2019 2019-04-18T11:07:14+0300 2019-04-23T16:20:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rabcay.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 красавіка ў судзе Мінскага раёна ў 9 гадзін раніцы пачаліся разгляды справаў абаронцаў Курапатаў. Першым асудзілі Філіпа Шаўрова. Суддзя А. Колабаў прызнаў актывіста вінаватым па двух артыкулах КаАП - 17.1 "Дробнае хуліганства" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў", і аштрафаваў Філіпа Шаўрова на 40 базавых велічынь

У 10 гадзін пачаўся працэс над Валерыем Рабцавым, ён бароніць сябе сам.

Валерый Рабцаў у судзе

Справу разглядае суддзя Анжаліка Казлова. Валерыя Рабцава вінавацяць у "дробным хуліганстве" (арт. 17.1 КаАП), якое ён нібыта ўчыніў 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты. Актывіст заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб выкліку сведкі. 

Пасля перапынку Валеры Рабцаў распавёў у судзе, што ён прыехаў у Курапаты, каб даведацца ці ёсць у арганізацыі "Заславль Строй Індустрыя" дазвол на знос крыжоў.  Адзначае, што не мог знаходзіцца фізічна ў 11.30 у месцы складання пратакола, як гэта ў ім запісана. Валеры Рабцаў здымаў на тэлефон затрыманне людзей, але неўзабаве да яго падскочылі супрацоўнікі ў цывільным, выхапілі тэлефон, выдалілі відэа і скінулі наладкі да заводскіх. Рабцаў адзначае, што бачыў, як супрацоўнікі затрымлівалі Ніну Багінскую, Віталя Трыгубава. Да яго самаго падышлі моўчкі ззаду, выбілі тэлефон, скруцілі, кінулі ў аўтобус. Хто круціў, актывіст не бачыў. Пасля гэтага яго пратрымалі дзевяць гадзін ў міліцэйскім участку і потым адправілі на ІЧУ. 

Сведкай выступае супрацоўнік АМАП Віталій Атрасевіч. Ён сцвярджае, што тэхніка і крыжы былі абгароджаныя, Ніна Багінская легла на крыжы, у гэты час Рабцаў вёў здымку на агароджанай тэрыторыі. Калі супрацоўнікі міліцыі неслі Багінскую ў спецтранспарт, Рабцаў і Сабалеўскі сталі перашкаджаць затрыманню. Пасля гэтага Валерый быў затрыманы, а Сабалеўскі збег. Сам Віталій Атрасевіч прымаў удзел у затрыманні Валерыя Рабцава. 

Аднак актывіст настойвае, што ніякай агароджы не было. Ён заявіў хадайніцтва аб праглядзе відэа з месца здарэння, аднак суддзя адхіліла яго, бо невядома, хто яго здымаў, а самаго Рабцава на ім няма. 

Наступным у суд выкліканы Міхаіл Сабалеўскі. Ён сведчыць, што дакладна тэхніка не была агароджаная, а супрацоўнікаў у форме ён не бачыў. Калі пачалі затрымліваць Рабцава ён збег, бо спужаўся людзей у цывільнай вопратцы. 

Суддзя Анжаліка Казлова палічыла віну Валерыя Рабцава даказанай і аштрафавала яго на шэсць базавых велічынь

Справу супраць самаго Міхаіла Сабалеўскага разглядаў суддзя Павел Жэчко. Яго таксама, як і Валерыя Рабцава абвінавацілі ў "дробным хуліганстве". Актывіста аштрафавалі на 10 базавых велічынь

У 11 гадзін пачаўся суд над 72-гадовай Нінай Багінскай. Судзіць яе будзе Віктар Шаўцоў. Сама Ніна Багінская на суд не з'явілася. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 17.1 КаАП у дачыненні да яе перанесены на 26 красавіка. 

У 14.00 пачаўся разгляд справы ў дачыненні да Зміцера Дашкевіча. Яго вінавацяць па двух артыкулах - 17.1 і 23.4 КаАП. Справу разглядае Аляксей Крапачоў. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Шчэрбакоў. Суддзя вырашыў, што Зміцер Дашкевіч вінаваты ў прад'яўленых правапарушэннях і аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь.

У 15 гадзін пачаліся суды над Дзянісам Урбановічам і Віталём Трыгубавым. Справу Дзяніса Урбановіча разглядае суддзя Анжаліка Казлова, а Віталя Трыгубава - Віктар Шаўцоў. Абодвух таксама вінавацяць па двух артыкулах КаАП - "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне службовай асобе". Супраць Віталя Трыгубава сведчыць зноў Шчэрбакоў. 

Суддзя аштрафавала Віталя Трыгубава на 20 базавых велічынь. Суд вынес рашэнне аб прызначэнні штрафу Дзянісу Урбановічу ў 50 базавых велічынь

У суд даставілі Паўла Севярынца. Справу супраць яго разглядае суддзя А. Колабаў. За 4 красавіка на яго таксама складзена два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па тых жа артыкулах, як і іншых абаронцаў. У судовай залі Павел Севярынец сустрэўся з жонкай і сынам, якія прыехалі яго падтрымаць. 

seviarynec_sud_18.04.19.jpg
Павел Севярынец у судзе з жонкай і сынам. Фота Івана Мірончыка

Нагадаем, 7 красавіка суддзя Павел Жэчко арыштаваў Паўла Севярынца на 15 сутак.

Гэтым разам актывіста зноў прызналі вінаватым, аднак пакаралі штрафам у 50 базавых велічынь

У 16.30 суддзя Аляксей Крапачоў разгледзіць справу ў дачыненні да Валянціны Яроменак. Жанчыну вінавацяць па арт. 17.1 і 23.4 КаАП. Яе таксама аштрафавалі - на 10 базавых


Нагадаем, раніцай 4 красавіка стала вядома, што ў Курапатах прадстаўнікі Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу масава зносяць крыжы. Абаронцаў мемарыяла, якія абурыліся такімі дзеяннямі, супрацоўнікі міліцыі пачалі масава затрымліваць. Некаторых актывістаў пасля ўтрымання ва УУС Мінскага раёна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

З гэтай нагоды праваабрончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай у абарону мемарыяла "Курапаты". 


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства