Судзяць абаронцаў Курапатаў: Багінскай - 50 базавых велічынь, а Паўла Севярынца - на 15 сутак Дапоўнена
У судзе Мінскага раёну судзяць 72-гадовую Ніну Багінскую, якая намагалася спыніць будаўнічую тэхніку ў Курапатах.
Яе затрымалі 5 красавіка, абвінавацілі ў тым, што яна нібыта перашкаджала будаўнічым працам у Курапатах, і склалі пратаколы па двух артыкулах КаАП: 17.1 - "дробнае хуліганства" і 23.34 - "непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы". Да суда Ніну Багінскую ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна, дзе яна аб'явіла галадоўку.
Суддзя Аляксей Крапачоў, разглядеўшы справу супраць актывісткі, адправіў яе на дапрацоўку.
У хуткім часе распачаўся суд над палітыкам Паўлам Севярынцам. Справу разглядае суддзя Павел Жэчко. Паўла Севярынца таксама вінавацяць па двух артыкулах КаАП.
Суддзя палічыў віну палітыка даказанай па двух артыкулах - "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы", і асудзіў Паўла Севярынца на 15 сутак арышту.
Як паведамляе Вячаслаў Сіўчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку, справу Ніны Багінскай зноў прывезлі ў суд пасля дапрацоўкі ў РУУС. З будынку суда актывістку не выпускаюць. Меркавана сёння ж адбудзецца паўторны разгляд справы супраць яе. Суддзя пераглядзеў справу і вынес рашэнне - пакараць Ніну Багінскую штрафам у 50 базавых велічынь.
Таксама стала вядома, што Максіма Вінярскага даставілі ў суд Маскоўскага раёна г. Мінска. Яго вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП.