viasna on patreon

Майсей Мазько вызвалены, але працягвае знаходзіцца ў ІЧУ яго сын Дзяніс

2019 2019-04-06T11:44:06+0300 2019-04-08T08:19:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazko_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Майсей Мазько на акцыі пратэсту ў Брэсце. Фота: b-g.by

Майсей Мазько на акцыі пратэсту ў Брэсце. Фота: b-g.by

Увечары ў пятніцу, 5 красавіка, з ізалятара часовага ўтрымання вызвалілі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам Майсея Мазько. Следства па крымінальнай справе па частцы 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працягваецца. Як стала вядома "Вясне" Майсей Мазько праходзіць па гэтай справе ў статусе падазронага.

Але працягвае знаходзіцца у ІЧУ Ленінскага РАУС г. Брэста сын Майсея —  Дзяніс. Як паведаміў “Вясне” берасцейскі актывіст Аляксандр Абляк, на якой падставе ён змешчаны ў ІЧУ невядома:

“Бо позна ў вечары прайшоў вобшук, нічога знойдзена не было. Паехаў да следчых на допыт і пасля гэтага быў памешчаны на 72 гадзіны ў ІЧУ па той жа справе, што і Маісей”.

Акрамя гэтага, у Брэсце працягваецца ціск на іншых праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведамляе “Белсат”, у чацвер 4 красавіка ў Брэсце і ў вёсцы Тэльмы пачалі з’яўляцца плакаты з заклікам вызваліць Майсея Мазька. Гэта не спадабалася мясцовым уладам.

У міліцыю Берасцейскага раёну 4 красавіка выклікалі Ігара Зубіка, якога спрабавалі абвінаваціць у незаконным расклейванні друкаванай прадукцыі агітацыйнага характару ў вёсцы Тэльмы. У міліцыі не аказалася ніякіх доказаў і яны адпусцілі Зубіка.

З самай раніцы пятніцы каля дому яшчэ адной актывісткі, Таццяны Фесікавай, з’явіліся невядомыя, і фактычна заблакавалі жанчыне выхад з уласнага дому, а пасля абеду ў доме Фесікавай пачаўся агляд – шукалі гэту самую друкаваную прадукцыю па заведзенай адміністратыўнай справе. Падчас агляду жанчыне стала кепска, яе шпіталізавалі лекары хуткай дапамогі.​ Цяпер яна знаходзіцца ў абласным аддзяленні кардыалогіі.

Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін пракаментаваў гэтую сітуацыю “Белсат”:

“Мы бачым, што ўлады вельмі нервова рэагуюць на такое праяўленне грамадскай актыўнасці. Яны напужаныя, бо людзі не вераць ім, і ведаюць, што справа Маісея Мазька гэта правакацыя. Таму такія дзеянні з боку ўладаў – адказ, каб запужаць грамадства і пазбегнуць магчымых пратэстаў”.

Нагадаем, 2 красавіка ў другой палове дня ў машыне, за рулём якой ехаў актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запаў выбуховага прыстасавання. На актывіста ўзбуджаная крымінальная справа. Актывісты лічаць гэта правакацыяй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства