viasna on patreon

Павел Сапелка: "Сярод 1300 палітвязняў — прэтэндэнты на гэтую пасаду з ранейшых выбараў, усе ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада"

2024 2024-10-29T10:32:58+0300 2024-11-11T09:07:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka_pavel_svaboda.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На фоне рэпрэсій, якія цягнуцца з папярэдняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, 23 кастрычніка рэжым Лукашэнка анансаваў дату сёмых выбараў прэзідэнта. Іх прызначылі за шэсць месяцаў да чаканай даты правядзення — яны мусілі адбыцца не пазней за 20 ліпеня. Але ўлады абралі 26 студзеня. Тым часам кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла пра пачатак працы экспертнай місіі. Паразмаўлялі з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам пра ўмовы правядзення выбарчай кампаніі, ролю маніторынгу праваабаронцаў і мэты кампаніі.

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. Фота: "Радыё Свабода"

Як адзначае праваабаронца, логіку ў тым, што ўлады прызначылі выбары раней, шукаць не трэба, але дакладна можна сказаць, што пры гэтым не ўлічваліся інтарэсы грамадзян Беларусі:

"Цалкам відавочна, што ў грамадства няма запыту на тэрміновае правядзенне выбараў прэзідэнта па існуючых правілах гульні. Краіна пагружаная ў змрок рэпрэсій, легальнае палітычнае жыццё замерла, свабода слова і інфармацыі жорстка падаўленая, ніводнага шанцу на канкурэнтную барацьбу няма. Сярод 1300 палітвязняў — прэтэндэнты на гэтую пасаду з ранейшых выбараў, усе ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада. Некалькі прэтэндэнтаў мінулых гадоў прайшлі праз адвольнае асуджэнне і абмежаваныя ў грамадзянскіх правах. Няма магчымасці выкарыстоўваць кампанію ў якасці трыбуны і скарыстацца заканадаўчымі патураннямі для агітацыі за дэмакратычныя каштоўнасці. І наадварот, усе з цяжкім сэрцам чакаюць узмацнення рэпрэсій, "заціскання гаек", прэвентыўных арыштаў, каб пазбегнуць любых праяў нелаяльнасці. 

 Неяк нават нязручна нагадваць, што рашэнне аб прызначэнні выбараў прымае Палата прадстаўнікоў — прызначаны ўладамі пул лаяльных людзей, якія касплэяць парламенцкія функцыі. Дык вось: у дэмакратычнай дзяржаве такое рашэнне не прымалася б таемна і нечакана, гэтаму папярэднічала б свабоднае абмеркаванне пытання. А ў ходзе абмеркавання, безумоўна, улічваліся б інтарэсы грамадзян — выбаршчыкаў і іншых удзельнікаў выбарчага працэсу. 

І хоць у сучасных умовах парадак прызначэння выбараў — гэта меншая з усіх праблем, у будучыні неабходна заканадаўча вярнуць у гэты працэс роўныя ўмовы для ўсіх патэнцыйных кандыдатаў і іншых удзельнікаў выбарчага працэсу, у тым ліку права своечасова атрымліваць інфармацыю аб пачатку выбарчай кампаніі".

У заяве кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаецца, што задачай праваабаронцаў пры любым дзяржаўным рэжыме з'яўляецца ажыццяўленне грамадзянскага кантролю за дзеяннямі ўладаў, таму яны лічыць неабходным правесці маніторынг гэтай выбарчай кампаніі, каб на падставе сабранай інфармацыі мець магчымасць задакументаваць тое, што адбываецца і працягваць ацэньваць дзеянні ўладаў з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

"Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніцаў і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі. Мы разлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэннях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захавання лічбавай гігіены і правілаў бяспечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбаршчыкі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэннях праз ананімную форму ды па іншых бяспечных каналах інфармавання".

Павел Сапелка тлумачыць, што кампанія неаднаразова падкрэслівала важную ролю незалежнага назірання на выбарах.

"Нават ва ўмовах татальнага абмежавання магчымасцяў назіральнікаў мы можам дасягнуць сваёй мэты і даць ацэнку характару тых працэсаў, якія будуць адбывацца ў Беларусі. Гэта важна ва ўмовах пастаянных намаганняў уладаў па прапагандзе і дэзінфармацыі, уключэння прадстаўнікоў GONGO, залежных і лаяльных уладам людзей у імітацыю назірання. Для імітацыі вонкавага адабрэння падаўжэння паўнамоцтваў дыктатара будуць запрошаныя псеўданазіральнікі з СНД і ШАС. У гэтых умовах мы бачым важным наяўнасць абгрунтаванай ацэнкі ўмоў палітычных працэсаў і бягучых падзей з пазіцыі незалежнага назірання і правоў чалавека". 

Праваабаронца "Вясны" распавядае, што кампанія па-ранейшаму будзем выпускаць справаздачы па асноўных этапах выбарчага працэсу, а таксама бягучыя каментары па найбольш важных падзеях. Таксама на сайце кампаніі будуць размяшчацца асветніцкія матэрыялы.

"Негледзячы на сітуацыю, мы па-ранейшаму лічым, што палітычныя выбары — гэта нармальны элемент дэмакратыі, да якога калісьці прыйдзем".

Заява пра пачатак экспертнай місіі па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі* у Беларусі 26 студзеня 2025 года

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвяшчае пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* прэзідэнта, якія пройдуць у Беларусі 26 студзеня 2025 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства