viasna on patreon

Заява пра пачатак экспертнай місіі па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі* у Беларусі 26 студзеня 2025 года

2024 2024-10-24T16:17:00+0300 2024-10-24T16:45:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_elections.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

logo_bel.jpg

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвяшчае пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* прэзідэнта, якія пройдуць у Беларусі 26 студзеня 2025 года.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з 2008 года аб'ядноўвае намаганні найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі — праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта — для назірання за выкананнем выбарчых правоў грамадзян Беларусі і ацэнкі выбараў на прадмет адпаведнасці міжнародным стандартам.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, мірных пратэстаў і масавых рэпрэсій, у сітуацыі палітычнага крызісу ў Беларусі, улады абвясцілі аб правядзенні 26 студзеня 2025 года чарговых, 7-х прэзідэнцкіх выбараў.

Палітычная сітуацыя ў Беларусі па-ранейшаму характарызуецца бесперапыннымі рэпрэсіямі ў сувязі з рэалізацыяй такіх базавых правоў, як права на ўдзел у кіраванні дзяржавай, свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцый ды іншых. Прымусова ліквідаваныя тысячы арганізацый грамадзянскай супольнасці і ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі; у краіне знішчаныя практычна ўсе незалежныя СМІ, частка з іх змаглі захавацца і вымушаныя працаваць у выгнанні; у турмах у бесчалавечных умовах працягваюць знаходзіцца палітыкі, грамадзянскія актывісты, праваабаронцы, журналісты і мноства людзей, якія, на думку ўладаў, праяўлялі апазіцыйныя погляды.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года суправаджаліся пераследам асноўных незалежных кандыдатаў і чальцоў іх каманд, які працягваецца дагэтуль. Шэраг удзельнікаў выбарчай кампаніі ўжо некалькі гадоў знаходзяцца паводле палітычна матываваных прысудаў у месцах пазбаўлення волі, без кантактаў са знешнім светам, іншыя — вымушаныя былі пакінуць Беларусь праз рызыку адвольнага крымінальнага пераследу.

Тысячы грамадзян, што ўзялі актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ў якасці чальцоў ініцыятыўных груп, валанцёраў, назіральнікаў, актывістаў, пераследаваліся ў адміністрацыйным або крымінальным парадку. Тысячы асуджаных паводле палітычных матываў грамадзян пазбаўленыя выбарчых правоў. Не менш за 300 000 выбаршчыкаў вымушаныя былі пакінуць краіну праз атмасферу страху ці пагрозу палітычна матываванага пераследу. Пры гэтым усе яны былі пазбаўленыя свайго права галасаваць праз пастанову ўладаў не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой.

Прызначаючы выбары прэзідэнта за шэсць месяцаў да чаканай даты іх правядзення, улады інструменталізуюць электаральныя працэдуры, падганяючы дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушаюць прынцыпы прававой дакладнасці, прадказальнасці выбараў і роўнасці магчымасцяў кандыдатаў. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заяўляе, што ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць людзей, якія ўспрымаюцца як іншадумцы, нельга казаць пра сумленныя і свабодныя выбары, пра рэальную рэалізацыю прынцыпу народаўладдзя і выбарчых правоў грамадзян Беларусі. Сапраўдныя выбары – гэта не толькі і не столькі выбарчыя працэдуры. Любая свабодная выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі напоўніцу рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі.

Важную ролю ва ўстанаўленні і падтрыманні даверу да працэсу волевыяўлення грамадзян і яго вынікам грае назіранне з боку нацыянальных і міжнародных назіральнікаў. Аднак зачыстка грамадзянскай супольнасці, а таксама створаная ўладамі атмасфера страху прывялі да таго, што цяпер у Беларусі адсутнічае магчымасць паўнавартаснага незалежнага назірання за ўсімі аспектамі выбарчага працэсу. Выкарыстанне ўладамі палітычна прадузятага міжнароднага назірання для легітымацыі гэтых выбараў* толькі падкрэслівае дэкаратыўнасць такога "назірання" і адсутнасць празрыстасці выбарчых працэдур.

Мы хочам нагадаць, што задачай праваабаронцаў пры любым дзяржаўным рэжыме з'яўляецца ажыццяўленне грамадзянскага кантролю за дзеяннямі ўладаў. Менавіта таму кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічыць неабходным правесці маніторынг гэтай выбарчай кампаніі, каб на падставе сабранай інфармацыі мець магчымасць задакументаваць тое, што адбываецца і працягваць ацэньваць дзеянні ўладаў з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

Праз адсутнасць магчымасці арганізаваць паўнавартаснае назіранне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі ды на ўчасткі для галасавання ў сувязі з асцярогай за бяспеку назіральнікаў, мы аб'яўляем аб запуску экспертнай місіі, мэтай якой будзе ацэнка адпаведнасці выбарчай кампаніі-2025 міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўдных, свабодных і дэмакратычных выбараў, ды інфармаванне нацыянальнай і міжнароднай грамадскасці аб сваіх высновах. Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніцаў і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі. Мы разлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэннях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захавання лічбавай гігіены і правілаў бяспечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбаршчыкі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэннях праз ананімную форму ды па іншых бяспечных каналах інфармавання. Вынікі маніторынгу будуць апублікаваныя ў выглядзе серыі справаздач, якія будуць даступныя на сайце кампаніі ды ў іншых адкрытых крыніцах.


*Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі – 2025 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі напоўніцу рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства