Алесь Бяляцкі: "Гэта яшчэ не перамога, але верны шлях да яе"

2018 2018-12-12T11:48:32+0300 2018-12-12T11:48:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2018-pravaabaroncy-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы адзначаюць дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека раздачай спецвыпуска "Народнай Волі"..

Праваабаронцы адзначаюць дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека раздачай спецвыпуска "Народнай Волі"..

2018 год унёс у змаганне за правы чалавека ў Беларусі новыя фарбы. Калі 2017 год праходзіў пад сцягам барацьбы за сацыяльныя правы – мы памятаем пра акцыі ў шматлікіх беларускіх гарадах супраць падатку на так званае дармаедства, дык сёлета на першы план выйшла барацьба за чыстае паветра, ваду, экалагічна прымальнае асяроддзе. У Брэсце і Светлагорску гэта супрацьстаянне мае зацяжны і пастаянны характар. У Брэсце будаўніцтва акумулятарнага завода, у Светлагорску запуск завода беленай цэлюлозы выклікалі мірныя пратэсты мясцовых жыхароў.

Абодва заводы будуюцца за кошт “выгадных” кітайскіх крэдытаў. Кошт завода ў Брэсце – прыкладна 20 мільёнаў еўра. Завод у Светлагорску значна даражэйшы, толькі праектны кошт – 700 мільёнаў еўра, не лічачы непрадбачаных расходаў на дапрацоўку хібаў пры будаўніцтве і запуску вытворчасці.

Будаўніцтва абодвух гэтых заводаў паказала сістэмныя праблемы, якія існуюць у Беларусі паміж уладамі і грамадствам. Існуюць даўно, але тут яны былі падкрэслены грамадскай актыўнасцю і рэльефна выдзеліліся на фоне агульнай грамадскай апатыі, страху і зняверання. Раптам стала ясна, што людзі жывуць самі па сабе, са сваімі клопатамі і трывогамі, а ўлады – самі па сабе, са сваімі планамі і задумамі. І людзі часта разглядаюцца ўладамі як бяздушны дадатак да гэтых планаў, працоўны рэсурс. Галоўнае – вал, прадукцыя, тысячы акумулятарных батарэй, дзясяткі тысяч тон цэлюлозы. А людзі ж няхай дзякуй скажуць, што ім даюць магчымасць працаваць абы-дзе і выжываць абы-як. Пра якую экалогію тут вядзецца гаворка?! У дзяржаве, якая ўкладвае грошы ў будаўніцтва прадпрыемстваў, цяжка казаць пра аб’ектыўны экалагічны кантроль гэтых заводаў. Бо ў нас няма незалежнай экалагічнай службы. Урэшце, як і пра іхнюю эканамічную эфектыўнасць (няўжо нядаўняя мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, а зараз – ільнозаводаў нічому не навучыла?). А хто адказвае за мільярды прафуканых еўра? Відавочна, што з такім “дзяржаўным” падыходам пра бяспеку ўмоў для свайго жыцця павінны клапаціцца самі людзі.

Актывісты кампаніі па барацьбе з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам
Актывісты кампаніі па барацьбе з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам.

Выклікае трывогу і пастаянны ўсходні вектар брудных і небяспечных прамысловых аб’ектаў у Беларусі. Для пабудовы гэтых заводаў узялі крэдыты ў Кітая, для будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі – у Расіі. Зразумела, на такія “смярдзючкі” еўрапейскіх грошай не знайсці. Калі мы ўпарта паўтараем, што мы – еўрапейская краіна, дык, можа, тады давайце імкнуцца і жыць па еўрапейскіх стандартах? У тым ліку – не будаваць шкодныя для людзей і прыроды прадпрыемствы.

У такой дзяржаве, як наша Беларусь, дзе ўсё кантралюе прэзідэнт і ягоная выканаўчая вертыкаль, любая нязгода з уладамі – ці то сацыяльныя акцыі, як у мінулым годзе, ці то экалагічныя, як сёлета, – адразу ўспрымаецца як палітычны супраціў. Згадваецца показка яшчэ савецкіх часоў пра пеўня, які трапіў у турму за тое, што піянера ў азадак дзеўбануў. Тое часта адбываецца і зараз.

Мясцовыя жыхары сабралі подпісы супраць будаўніцтва шкодных і небяспечных заводаў і перадалі ў адміністрацыю. У Брэсце – 36.809, у Светлагорску – 10.191 подпіс. Улады адмахнуліся ад іх, як быццам бы нічога і не было. Колькі ж упэўненасці ў сваёй беспакаранасці трэба мець, каб не зважаць на голас дзясяткаў тысяч людзей!

Але людзі не спыніліся. У Брэсце кожную нядзелю ў гэтым годзе ідзе мірны флэшмоб. На цэнтральнай плошчы Леніна збіраюцца дзясяткі, а то і сотні чалавек, і ў знак пратэсту супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй ідзе “кармленне галубоў”. Такі маўклівы і падкрэслена мірны пратэст.

У Светлагорску 15 верасня 2018 года больш за 200 чалавек сабраліся вакол цэнтральнай плошчы горада. Людзі прыйшлі ў медыцынскіх павязках і з зялёнымі шарыкамі. Мясцовыя ўлады, каб сарваць гэтую мірную акцыю, павялі сябе вельмі цынічна. Яны вывелі на плошчу дзяцей, якія танцавалі і пускалі ўгару чырвоныя шары. Гэткім быў адказ ўлад на экалагічны пратэст.

Светлагорцы пратэстуюць супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Фота: Радыё Рацыя.
Светлагорцы пратэстуюць супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Фота: Радыё Рацыя.

І ў Брэсце, і ў Светлагорску, здавалася б, непалітычныя акцыі сутыкаюцца з забаронай і абмежаваннем грамадзянскіх правоў, у прыватнасці права на мірныя сходы. Любімая фраза царскіх жандараў “Больш за трох не збірацца” стала залатым правілам для беларускіх выканаўчых улад. У Светлагорску на адзінае адведзенае выканкамам для мітынгаў і сходаў месца – стадыён “Папернік”, які стаіць у лесе за высокім бетонным плотам, – ініцыятыўная група падала сёлета 11 (!) заявак на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. І не атрымала ніводнага дазволу! Стадыён часта стаіць пусты, паміж соснаў бегаюць вавёркі, а светлагорцам сабрацца, пагаварыць на жыццёва важныя і балючыя для іх праблемы – ані-ні. Улады баяцца людзей. Якія далёкія яны ад народа!

У выніку актывісты гэтых экалагічных кампаній пратэсту, блогеры і журналісты, якія асвятляюць акцыі пратэсту, праваабаронцы, якія дапамагаюць актывістам, часта пераследуюцца. Улады спрабуюць дыскрэдытаваць іх, ціснуць на іх, судзяць, штрафуюць, садзяць на суткі, урываюцца ў памяшканні, але праз гэта канчаткова губляюць рэшткі павагі да сябе. Гэта небяспечная гульня – пляваць на народ і лічыць, што ён можа вытрымаць любы здзек і прынуку.

“Чаго ж дабіліся людзі, апроч штрафаў ды іншых пакаранняў за сваю актыўнасць?” – спытае песіміст. Дабіліся! Мінскія цэнтральныя ўлады, якія рабілі выгляд, што нічога не адбываецца, былі вымушаны даць задні ход. І па адным і па другім праекце будаўніцтва шкодных заводаў прызначана паўторная экалагічная экспертыза, якую будзе праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Вытворчасць у Светлагорску беленай цэлюлозы прыпынена, урэшце будзе закуплена абсталяванне для вымярэння забруджвання паветра. Міністэрства прызнала, што смярдзючыя газы, якія ўтвараюцца на вытворчасці, увогуле не павінны трапляць у паветра. Гэта яшчэ не перамога, але верны шлях да яе.

У гэтым годзе групы экалагічных актывістаў Брэста і Светлагорска, адстойваючы сваё права на чыстую зямлю і паветра, паказалі ўсім нам, дзевяці з паловай мільёнам беларусаў, якія жывуць у Мінску і Наваполацку, у Чарнобыльскай зоне і каля Беларускай АЭС, як трэба змагацца за свае правы.

Спецыяльна для "Народнай Волі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства