viasna on patreon

Новыя крымінальныя справы супраць палітвязняў, папаўненне ў "спісе экстрэмістаў": хроніка пераследу 4-6 траўня Дапоўнена

2024 2024-05-06T16:30:00+0300 2024-05-09T10:21:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/savicki-ivan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-6 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" Telegram-канал праекту InformNapalm і шэраг іншых

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 29 красавіка. InformNapalm — шматмоўны некамерцыйны праект аб расійскім вайсковым уварванні ва Украіну. Пераклад беларускамоўнай версіі сайта да затрымання ажыццяўляў Дзяніс Івашын.

 

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Roman Popkov», «Зона власти Беларусь», «PLUSHEV/ПЛЮЩЕВ», «Наш Дом-Шуфлядка», «НеКедми», «White Powder»;
Youtube-каналы «Николай Масловский», «Святлана Ціханоўская», «NEXTA Plus»;
Facebook-старонкі «Беларусь ЗА перемены», «Беларусы ў Летуве / Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania», «Беларусы в Германии 97%», «Тыдзень Белсат»;
Старонка ў «Х» «Светлана Тихановская»;
Старонкі ў «Аднакласніках» «Protest», «Ольга Карач», «Все нормально, это Гомель»;
TikTok-старонкі «rocket_brutto_», «reformby», «belveterans», «Belarus.socdems», «_..nazgul.._», «Andrei_Smalianko», «ў1808053».


Супраць гродзенскай актывісткі распачалі спецвытворчасць

41-гадовай Кацярыне Туманавай інкрымінаваныя ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.


Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы"

Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя друкаваных выданняў "Выбраныя творы" Вацлаў Ластоўскі (1997 год) і «Выбраныя творы» Алесь Петрашкевіч (2017 год), выдадзеныя ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор», прызнаныя судом экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пра гэта паведамляе Генпракуратура.


Супраць актывіста з Наваполацка распачалі "спецвытворчасць"

Супраць актывіста з Наваполацка Андрэя Зуева пачалі "спецыяльную вытворчасць". Інфармацыя пра гэта апублікаваная ў тэлеграм-канале Следчага камітэта.

Мужчыну абвінавачваюць па артыкулах аб распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК), стварэнні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 арт. 361-1 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК).

У траўні 2020 года ён даў інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, пасля чаго Зуева арыштавалі на 7 сутак. Пасля гэтага ён пайшоў валанцёрам у ініцыятыўную групу па вылучэнні ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Некалькі разоў ён падвяргаўся адміністрацыйным арыштам. У 2021 годзе з'ехаў з Беларусі, піша "Медыязона".


Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Аліны Галінскай

24-гадовай дзяўчыне інкрымінаваная ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне варожасці). Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Жлобінскі раённы аддзел СК.

Аліну Галінскую затрымлівалі ў красавіку 2023-га году падчас (https://t.me/viasna96/18388) масавага «хапуну» на Гомельшчыне. На «пакаяльным відэа» яна казала, што некалі была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там каментары.


Сілавікі затрымалі мужчыну, які напісаў пра тэракт у Маскве

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні хлопца, які пакінуў каментар пра тэракт у падмаскоўскім «Крокус Сіці холе». Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ "БАЗА»". Пра затрыманне паведамляе “Медыязона”.

На міліцэйскім відэа мужчына ў джынсавай куртцы і чорнай камізэльцы кажа, што напісаў фразу “Можаце мяне не дзякаваць".

Гэта як мінімум 15 беларус, якога затрымалі за «няправільныя» каментары пра тэракт у Расіі.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 23 чалавек — цяпер у ім 4034 прозвішчы

Трэцяга траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Сярод іншых, у спіс дадалі фатографа Аляксандра Зянкова, Галіну Краснянскую, якая вярнулася са Швецыі і атрымала 5 гадоў калоніі, а таксама палітвязня  Валерыя Самсоненку, які вывесіў украінскі сцяг замест афіцыйнага.


Сілавікі затрымалі бізнэсоўцу за тое, што сігналіў у падтрымку пратэстаў

Як паведамляе @nashaniva, затрыманы — 36-гадовы Іван Савіцкі.

Вінавацяць яго ў тым, што ён на ўласным аўто ездзіў уздоўж дарог і сігналіў у падтрымку пратэстаў. Таксама падчас удзелу ў паўмарафоне ў Маскве ён скандзіраваў «Жыве Беларусь» і намаляваў гэты лозунг на лістку паперы, а фота адтуль змясціў у сацсетках.


Супраць Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу 

Пра гэта ў Facebook паведамляе ягоная жонка Наста Дашкевіч. Вядома, што Змітру Дашкевічу інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Зміцер і Наста Дашкевічы

Нагадаем, актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».

Палітзняволены актывіст павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. Палітвязню  прызначылі яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства