viasna on patreon

Ціск сілавых структураў на сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Буракова - гэта ціск на ўсіх сяброў ПЦ “Вясна”

2018 2018-11-12T09:43:17+0300 2018-11-12T12:54:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/burakou-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Мінск. 12 лістапада 2018 г.

Як стала вядома Радзе ПЦ “Вясна”, 8 лістапада 2018 г. сябра нашай арганізацыі Алесь Буракоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва. Лейтэнант міліцыі Павал Кот прапаноўваў Алесю Буракову даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС  па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна”. Праверка ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ праводзіцца Кастрычніцкім РАУС г. Магілёва з 8 кастрычніка 2018 г. Карыстаючыся сваім правам Алесь Буракоў адмовіўся ад дачы якіх-небудзь тлумачэнняў.

У сувязі з гэтым Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна”  адзначае, што:

Рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” у лістападзе 2003 г, у адпаведнасці з рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН ад 7 жніўня 2007 г. № 1296/2004 было прызнана парушэннем права на свабоду асацыяцыў, якое Рэспубліка Беларусь павінна забяспечыць у адпаведнасці са сваім абавязацельствам па МПГПП. Ураду было прапанавана забяспечыць заснавальнікам арганізацыі адпаведныя сродкі прававой абароны, уключна з перарэгістрацыяй ПЦ “Вясна” і кампенсацыяй.

Насуперак узятым на сабе абавязацельствам Урад краіны не толькі не выканаў рашэнне КПЧ ААН, але і тройчы адмовіў у рэгістрацыі наноў створаных сябрамі ПЦ “Вясна” грамадскіх аб’яднанняў у 2007-2009 гг., што ў сваю чаргу таксама было прызнана КПЧ ААН парушэннем свабоды асацыяцый іх заснавальнікаў. У сувязі з відавочным нежаданнем уладаў легітымізацыі дзейнасці арганізацыі, сябры Рады ПЦ “Вясна” заявілі аб далейшым працягненні сваёй дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Датычна крымінальнай адказнасці за факт ажыцяўлення дзейнасці арганізацыі без дзяржаўнай рэгістрацыі, устаноўленай арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь,  міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацымі неаднаразова заяўлялася аб неканстытуцыйным характары гэтага артыкула, аб яго неадпаведнасці міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Адпаведная ацэнка арт. 193.1 КК Рэспублік Беларусь была дадзеная і ў экспертна-прававым заключэнні Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі пры Радзе Еўропы).

Гэта не першы выпадак спробы пераследу сябраў ПЦ “Вясна” па арт.193.1 КК.

Так, у лютым 2011 г. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у адрас старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага было вынесенае афіцыйнае пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна” і магчымым прыцягенні яго да крымінальнай адказнасці па арт. 193.1 КК РБ у выпадку працягу такой дзейнасці. У жніўні 2011 г. паводле рашэння Генеральнай пракуратуры сайт ПЦ “Вясна” www.spring96.org быў унесены ў спіс абмежаванага доступу ў сувязі з тым, што дзейнасць ад імя ПЦ “Вясна”, якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству і за арганізацыю такой дзейнасці прадугледжаная адказнасць па арт. 193 КК РБ.

Правядзенне праверкі ў межах КПК Рэспублікі Беларусь па арт. 193.1 распачатай зараз, 8 кастрычніка 2018 г., органамі МУС г. Магілёва выглядае вельмі недарэчнай на фоне дэклараванага і шырака анансаванага ўладамі Беларусі працэса дэкрыміналізацыі дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый. Патрабаванне адмены арт. 193.1 КК і недапушчэнне яе замены нават на адміністратыўную адказнасць утрымліваецца ў рэкамендацыях Камітэту па правах чалавека ААН, якія былі зробленыя Камітэтам у адрас Урада Рэспублікі Беларусь па выніках праходжання першага за апошнія 20 гадоў працэсу справаздачы Рэспублікі Беларусь у КПЧ ААН.

Мы расцэньваем распачатую органамі МУС г. Магілёва праверку ў дачыненні да сябра нашай арганізацыі Алеся Буракова, як чарговы нічым не прыхаваны ціск  ў сувязі з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасцю, а таксама як ціск на ўсіх сябраў ПЦ “Вясна” ў цэлым.

У сувязі з гэтым мы выказваем свой рашучы пратэст і патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

неадкладна спыніць праверку сілавых структураў у  дачыненні да сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова;

прыняць захады скіраваныя на адмену забароны на  дзейнасць незарэгістраваных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, а таксама на дэкрыміналізацыю такой дзейнасці і адмену арт. 193.1 КК РБ;

стварыць належныя ўмовы для легітымнай дзейнасці праваабарончых арганізацый краіны і ПЦ “Вясна” ў прыватнасці, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятымі Рэспублікай Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства