Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне Беларусcю правоў Алеся Бяляцкага
Гістарычнае рашэнне супраць дзяржаў, якія ўшчамляюць права на свабоду асацыяцый
Парыж – Мінск, 17 лістапада 2014
24 кастрычніка 2014 г. Камітэт па правах чалавека ААН прыняў гістарычнае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прызнаўшы, што дзяржава Беларусь парушыла яго правы, гарантаваныя артыкуламі 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), 14 (права на справядлівае судовае разбіральніцтва) і 22 (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтае рашэнне, прынятае па індывідуальным паведамленні жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук, якую прадстаўляе генеральны дырэктара FIDH Антуан Бернар, з'яўляецца важным пасланнем усім рэжымам, якія маніпулююць заканадаўствам для таго, каб заглушыць пратэстныя галасы, парушаючы тым самым свабоду асацыяцый.
Пасля таго, як "Вясна" была ў 2003 годзе пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі, яе заснавальнікі тройчы (у 2007 і 2009 гадах) звярталіся ў Мінюст Рэспублікі Беларусь за рэгістрацыяй, але дзяржава тройчы адмаўляла ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі, пазбавіўшы яе такім чынам магчымасці адкрываць рахункі на сваё імя для прыцягнення фінансавання сваёй дзейнасці. Паводле высноваў Камітэта, парушэннем свабоды асацыяцыі з'яўляюцца адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна", прынятыя толькі на падставе таго, што ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах меліся нязначныя неадпаведнасці патрабаванням Міністэрства юстыцыі, якія маглі быць выпраўленыя пры прадастаўленні міністэрствам такой магчымасці заснавальнікам. Адмовы ў рэгістрацыі прывялі да забароны дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і перашкодзілі рэалізацыі яе сябрамі сваіх правоў. Прысуд Алеся Бяляцкага да працяглага тэрміну пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне дзейнасці арганізацыі, якую ён узначальвае, быў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі. Пры разглядзе справы беларускія суды адхілілі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на названыя мэты, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцый. У гэтых умовах прыцягненне Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права.
"Дадзенае рашэнне Камітэта па правах чалавека на аснове міжнароднага права прызнае легітымнасць дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" і цалкам рэабілітуе яго кіраўніка Алеся Бяляцкага", - з задавальненнем адзначыў Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні "Вясны".
Камітэт па правах чалавека таксама заключыў, што ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі рашэнне аб арышце прымалася пракурорам, а не судом, і грунтавалася толькі на цяжары прад'яўленага абвінавачаньня, а не на фактах, якія сведчалі б пра неабходнасць і мэтазгоднасць дадзенай меры.
Камітэт прызнаў, што ў працэсе крымінальнага пераследу Алеся Бяляцкага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях Прэзідэнта, якія да ўступлення ў законную сілу прысуду суда сцвярджалі аб вінаватасці Алеся Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках.
У рашэнні Камітэта па правах чалавека ўказана, што Алесь Бяляцкі мае права на належныя сродкі прававой абароны, а менавіта: перагляд заявы "Вясны" аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зняцце судзімасці, адэкватную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё выплат, зробленых паводле судовых рашэнняў. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё ўнутранае заканадаўства аб асацыяцыях і прывесці яго ў адпаведнасць з артыкулам 22 Пакта.
"Камітэт апавясціў аб сваім рашэнні дзяржаву, якая павінна даць сродкі прававой абароны, названыя Камітэтам", - заявіў Карым Лахіджы, Прэзідэнт FIDH. "Гэтае рашэнне мае найвялікшую важнасць для "Вясны", усіх беларускіх праваабарончых арганізацый і для свабоды асацыяцый ва ўсім свеце ў момант, калі шматлікія рэжымы спрабуюць заглушыць любую крытыку ў свой адрас".
Рашэнне Камітэта па гэтай справе мае прэцэдэнтны характар. Яно ясна дэманструе, што дзеянні дзяржавы, накіраваныя на перашкоды дзейнасці праваабарончай арганізацыі - ад адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі асацыяцыі да прыцягнення да адказнасці яе сябраў за ажыццяўленне імі права на асацыяцыю - з'яўляюцца парушэннем міжнароднага права. І ніякія маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам з боку дзяржаўных органаў не хаваюць гэтага парушэння перад тварам міжнароднай супольнасці.
Нашыя арганізацыі мяркуюць, што гэтае рашэнне - аўтарытэтная крыніца прававых аргументаў супраць узмацніўшагася ціску на праваабаронцаў і іх арганізацыі.