viasna on patreon

У Рэчыцы на актывіста завялі крымінальную справу за нібыта паклёп на чыноўніка

2018 2018-07-26T15:52:44+0300 2018-07-26T15:52:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shabetnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Шабетнік, фота з Facebook актывіста

Алег Шабетнік, фота з Facebook актывіста

Рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка падазраюць у паклёпе на начальніка раённай інспекцыі камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Маісеенкі, паведамляе БАЖ.

Крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса завялі пасля неаднаразовых зваротаў Маісеенкі. Алег Шабетнік з адвакатам пабываў на першым допыце.

Канфлікт паміж прадпрымальнікам Шабетнікам і чыноўнікам адбыўся яшчэ 27 снежня мінулага года, пасля чаго актывіст кампаніі “Гавары праўду” апісаў сітуацыю на сваёй старонцы ў Facebook. Шабетнік заявіў пра пагрозы і незаконныя патрабаванні з боку Маісеенкі і апроч паведамлення ў сацыяльнай сетцы напісаў заяву ў праваахоўныя органы.

Паводле яго слоў, гісторыя тады працягу не займела, але больш чым праз палову года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу на самога Шабетніка за паклёп.

— Мой пост да гэтага часу ёсць на Facebook, і я не збіраюся яго выдаляць. Усё, што я напісаў, праўда. Былі пагрозы, гэта могуць пацвердзіць мае супрацоўнікі, якія прысутнічалі падчас візіту чыноўніка. Разам з тым, пасля неаднаразовых зваротаў Маісеенкі крымінальную справу ўсё ж завялі. Два дні таму я быў на першым допыце, дзе падрабязна выклаў следчаму сваю пазіцыю і свае доказы, — распавёў актывіст прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Частка 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых работ, арышту альбо абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў.

Нагадаем, што ў Гродне ўлады таксама праводзяць праверку адносна наяўнасці паклёпу ў сюжэце журналістаў тэлеканала “Белсат” Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса. 23 ліпеня ў кватэрах журналістаў прайшлі ператрусы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства