Мікалай Дзядок падаў скаргу ў СК з нагоды разгону анархісцкай сустрэчы пад Крупкамі Аўдыё
Актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок накіраваў скаргу ў Крупскі раённы аддзел Следчага камітэту з нагоды перавышэння супрацоўнікамі САХРа і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас затрымання анархістаў 30 чэрвеня ля Крупак.
У той дзень у лесе, што ў некалькіх кіламетрах ад Крупак, каля 20 анархістаў вырашылі арганізаваць нефармальную сустрэчу. У ёй прымаў удзел і былы палітвязень Мікалай Дзядок. Паводле яго слоў, каля 15.30 ён пачуў аўтаматныя стрэлы і ўбачыў людзей у камуфляжы і ў масках. Чацвёра з іх (гэта былі супрацоўнікі спецыяльнага атрада хуткага рэагавання) з прымяненнем сілы схапілі Дзядка і начапілі на яго кайданкі, пры гэтым не назваўшы прычын затрымання. Прыкладна тое самае адбывалася і з астатнімі ўдзельнікамі сустрэчы. Анархістаў ставілі на калені і прасілі на камеру называць свае дадзеныя. Некалькі гадзін яны стаялі на каленях пад дажджом, а Дзядок ляжаў на мокрай зямлі.
“Спачатку мы ўсе разам ляжалі на зямлі тварамі ўніз. Калі мы спрабавалі глядзець па баках, сілавікі штурхалі нас. Затым некалькі супрацоўнікаў адцягнулі мяне ўбок і пасадзілі спіной да дрэва, пасля чаго пачаўся допыт. Таксама яны забаранялі глядзець на супрацоўніка ГУБАЗіК, які яго праводзіў. А ён, акрамя ўсяго іншага, пытаўся, навошта я вярнуўся ў Беларусь, казаў ехаць назад у Еўропу і не псаваць ім тут жыццё. Допыт суправаджаўся пастаяннымі пагрозамі фізічнай расправы”, - узгадвае падзеі таго дня Мікалай Дзядок.
Падчас правядзення аперацыі спецслужбаў, якая цягнулася больш за шэсць гадзін, на месцы пабывалі ляснічы, супрацоўнікі Крупскага РАУС і Следчага камітэта. Яны правялі ператрус у намётах, узялі тлумачэнні і канфіскавалі ўлёткі, каб правесці экспертызу. У выніку на двух удзельнікаў сустрэчы склалі адміністрацыйныя пратаколы: аб экстрэмісцкіх матэрыялах і за незаконнае выдаленне расліннасці. Таксама ўсе ўдзельнікі атрымалі позвы з’явіцца ў Крупскі РАУС у якасці сведак па справе аб экстрэмісцкіх матэрыялах. Апошнія міліцыянты з’ехалі з месца затрымання толькі пасля дзесятай гадзіны вечара.
Мікалай Дзядок лічыць, што ў ходзе гэтай спецаперацыі, праведзенай сумесна супрацоўнікамі САХРа, ГУБАЗіК, Крупскага РАСК і Крупскага РАУС, было дапушчана шмат працэсуальных парушэнняў і парушаны шэраг яго правоў.
Па-першае, з моманту затрымання і да таго моманту, калі супрацоўнікі САХРа і ГУБАЗіК пакінулі лес, у адносінах Дзядка не было складзена ніводнага працэсуальнага дакумента: ні пратакола адміністрацыйнага затрымання, ні пратакола дагляду, ні пратакола канфіскацыі рэчаў. Па-другое, у супрацоўнікаў праваахоўных органаў адсутнічалі падставы для ўжывання агнястрэльнай зброі. А неабгрунтаванае і незаконнае ўжыванне агнястрэльнай зброі пры затрыманні з’яўляецца прыкметай перавышэння службовых паўнамоцтваў, што з’яўляецца злачынствам.
Паводле Дзядка, ён агулам каля пяці гадзін правёў у кайданках, лежачы пад дажджом тварам у зямлю, што з’яўляецца парушэннем яго права не падвяргацца жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню. Акрамя гэтага, відавочна парушэнне права на свабоду асацыяцый, паколькі Дзядок знаходзіўся ў лесе разам са сваімі сябрамі і паплечнікамі па анархічным руху.
Дзядок мяркуе, што пералічаныя факты яскрава сведчаць пра перавышэння супрацоўнікамі САХРа і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў, і таму просіць СК распачаць крымінальную справу па арт.426 КК РБ і прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.