Вярхоўны суд не бачыць праблемы ў дастаўцы адміністрацыйна арыштаванага ў суд. А яна ёсць

2018 2018-06-04T12:51:56+0300 2018-06-04T13:48:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/statkevich-mikiola-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Статкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Мікалай Статкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення скаргу палітыка Мікалая Статкевіча на пастанову суда Ленінскага раёна Мінска ад 26 верасня 2017 года. У той дзень яго не даставілі з ізалятара часовага ўтрымання ў суд для разгляду новай справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, узбуджанай ў дачыненні да яго.

Якраз з 22 верасня па 7 кастрычніка Статкевіч адбываў 15 суткавы арышт за акцыю, якую ён ладзіў 3 ліпеня 2017 года ў Мінску. 

Раніцай 26 верасня 2017 года, калі яго павінны былі судзіць за акцыю 8 верасня - Дзень воінскай славы - дзяжурны па ізалятары паведаміў яму, што разгляд справы за арганізацыю гэтай акцыі адбудзецца сёння, і што ён будзе дастаўлены ў суд. На працягу дня Статкевіч цікавіўся ў дзяжурнага, калі яго даставяць у суд, на што атрымаў адказ, што ў гэтым "адпала неабходнасць". Пры гэтым спаслацца на які-небудзь нарматыўны акт, які рэгулюе дастаўку адміністрацыйна арыштаванага з ізалятара ў суд, супрацоўнік ЦІПа не здолеў. Статкевіч жа за акцыю 8 верасня атрымаў 5 сутак.

Аб тым, што ў судзе ведалі пра месцазнаходжанне Статкевіча, сведчыць той факт, што пастанова суда Ленінскага раёна ад 26 верасня 2017 года была накіравана яму не па месцы жыхарства альбо рэгістрацыі, а ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, і аддадзена яму непасрэдна ў рукі.

Разгледзеўшы скаргу Статкевіча Вярхоўны суд адказаў палітыку што не бачыць парушэнняў норм заканадаўства ў тым, што той не мог патрапіць з ізалятара на суд.

“Разглядам справы ў вашу адсутнасць патрабаванні закона і вашыя працэсуальныя правы парушаныя не былі. Аб часе і месцы судовага паседжання па месцы вашага жыхарства накіраваная судовая карэспандэнцыя. З вашай скаргі вынікае, што аб разглядзе справы 26 верасня 2017 года раніцай таго ж дня вам паведаміў супрацоўнік міліцыі. Хадайніцтваў аб удзеле ў разглядзе справы ад вас не паступіла”, - паведамляецца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Р. Асніскевіча.

Пры гэтым былі праігнараваны довады скаргі аб тым, што ў заканадаўстве адсутнічае дакумент, які рэгулюе парадак дастаўлення з ізалятара ў суд адміністрацыйна арыштаванага.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка не хавае свайго засмучэння тым, што кіраўніцтва судовай сістэмы не бачыць праблемы ў тым, што чалавека не даставілі з ізалятара ў суд для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні за рэалізацыю ім свайго права на мірны сход.

Аляксей Лойка

“З аналізу заканадаўства, якое рэгулюе гэтыя пытанні, і самой сітуацыі ўгледжваецца наяўнасць прававога прабелу, якім і скарысталіся ўлады. Ігнараванне працэсуальных нормаў і правоў прыводзіць на практыцы да дэвальвавання ўсяго каталога правоў асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Такімі ключавымі правамі з'яўляюцца права ўдзельнічаць у разглядзе справы, заяўляць хадайніцтвы, прадстаўляць доказы, падаваць скаргі на дзеянні суддзі, і карыстацца паслугамі абаронцы”, -  каментуе сітуацыю Лойка.

“Хочацца нагадаць, што права на атрыманне юрыдычнай дапамогі гарантавана артыкулам 62 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі забараняецца.

Дастаткова цынічнай выглядае фармулёўка ў адказе аб тым, што "з вашай скаргі вынікае, што аб разглядзе справы 26 верасня 2017 года раніцай таго ж дня вам паведаміў супрацоўнік міліцыі". Дадзеная фармулёўка сведчыць аб тым, што службовая асоба Вярхоўнага суда, якая рыхтавала адказ, не знайшло часу праверыць довады скаргі належным чынам і ацаніць рэальную магчымасць чалавека трапіць у суд, знайсці сабе абаронцу і падрыхтавацца да разгляду справы ў дачыненні да яго, папярэдне азнаёміўшыся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы і, тым самым, рэалізаваць свае правы.

Такі павярхоўны падыход да разгляду скаргі сведчыць аб дэградацыі нашай судовай сістэмы. Такая тэндэнцыя выклікае ў нас занепакоенасць з-за адсутнасці рэальных гарантый у чалавека абараніць свае правы, калі ён апынаецца сам-насам з такой вось судовай сістэмай,» - заяўляе юрыст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства