Мінгарсуд не задаволіў калектыўную скаргу праваабронцаў па справе Алены Танкачовай

2017 2017-12-22T11:46:08+0300 2017-12-22T16:40:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tankachova-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Плакат у падтрымку Алены Танкачовай падчас Паралельнага Форуму грамадзянскай супольнасці ў Мінску

Плакат у падтрымку Алены Танкачовай падчас Паралельнага Форуму грамадзянскай супольнасці ў Мінску

Мінскі гарадскі суд 21 cнежня разглядзеў скаргу беларускіх праваабаронцаў на адмову суда Цэнтрального района г. Мінска ў задавальненні скаргі на дзеянні Міністэрства ўнутранных спраў.

Так, праваабаронцы яшчэ ў ліпені 2017 года звярталіся ў МУС з калектыўным зваротам аб скарачэнні тэрміну забароны ўезду ў Беларусь для Алены Танкачовай і выключэнню яе са спісу асобаў, якім уезд у краіну забаронены. Аднак МУС пакінуў зварот  без разгляду па сутнасці, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не прадставілі даверанасць ад імя Танкачовай. Праваабаронцы не пагадзіліся з такім рашэннем ведамства і накіравалі скаргу ў суд Цэнтральнага раёна з просьбай прызнаць адказ МУС не заснаваным на законе і адмяніць яго, а таксама прымусіць яго разглядзець калектыўны зварот і скараціць тэрмін забароны ўезду для Танкачовай. Суд жа прыняў бок МУС і адмовіў у задавальненні скаргі на падставе таго, што заяўнікамі ў звароце пастаўлена пытанне пра правы А. Танкачовай без прадастаўлення адпаведнай даверанасці.

Пры звароце ў Мінскі гарадскі суд юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка сярод іншых праваабаронцаў адзначаў, што ніхто з заяўнікоў не з’яўляўся прадстаўніком Алены Танкачовай, а пры падачы звароту кіраваўся асабістымі публічна-прававымі інтарэсамі.

“Мой грамадскі інтарэс заключаўся ў тым, што Алена Танкачова з’яўляецца прызнаным міжнародным экспертам у галіне правоў чалавека, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, рэалізоўвала праграмы ў сацыяльнай і прававой вобласцях, у галіне культуры і дабрачыннасці. Па майму меркаванню, яе знаходжанне на тэрыторыі Беларусі прыносіць карысць беларускаму грамадству”, - пісаў у скарзе ў суд Павел Сапелка.

Праваабаронца прасіў рашэнне суду Цэнтральнага раёна г. Мінска адмяніць і вынесці новае рашэнне, якім усё ж прынудзіць МУС разглядзець калектыўны зварот заяўнікоў па сутнасці.

Аднак, 21 снежня ў Мінскім гарадскім судзе суддзі Алена Семак, Сакалова, Наталля Песенка не прыслухаліся да довадаў праваабаронцаў і вырашылі адмовіць ім у задавальненні скаргі, прызнаўшы дзеянні і МУС, і суда Цэнтральнага раёна законнымі.

Каб дабіцца справядлівасці, Павел Сапелка звяртаўся і ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь з тым, каб устанавіць непоўную адпаведнасць заканадаўства Рэспублікі Беларусь прынцыпам Дэкларацыі пра правы і абавязальніцтвы асобных асобаў, группаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (прыняты Генеральнай Асамблеяй 9 снежня 1998 года). Згодна з Дадаткам да Міжведамаснага плану па рэалізацыі рэкамендацый па выніках другога цыкла універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН, і рэкамендацый, адрасаваных краіне дамоўнымі органамі па правах чалавека, на 2016-2019 гг., такі аналіз заканадаўства ў частцы адпаведнасці Дэкларацыі павінен быць праведзены ў 2017 годзе.

Праваабаронца таксама прасіў уключыць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год распрацоўку праектаў законаў пра ўнясенне зменаў у нарматыўныя акты па пытаннях забеспячэння правоў і свабодаў грамадзян з мэтай прывядзення іх у адпаведнасць з прынцыпамі гэтай Дэкларацыі.

У сваім лісце юрыст звяртаў увагу, што арт. 6 Дэкларацыі вызначае права праваабронцаў індывідуальна і разам з іншымі ў галіне пошуку і распаўсюду інфармацыі пра правы чалавека і асноўныя свабоды.

Так, Дэкларацыя прадугледжвае і дзеянні ў абарону парушаных правоў іншых асобаў: пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабодаў кожны чалавек, індывідуальна і разам з іншымі, мае, у прыватнасці, права - 

у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асобаў і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністратыўныя або заканадаўчыя органы або ў любы іншы кампетэнтэ орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці свае рашэнні па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі.

Аднак, у адказ на гэта Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў адмахнуўся, спаслаўшыся на тое, што палажэнні Дэкларацыі не носяць абавязковага характару, а маюць сілу рэкамендацый, а заканадаўства Беларусі ў сваю чаргу не прадугледжвае магчымасці ўстанаўлення неадпаведнасці заканадаўства, якое дзейнічае, такім актам. У сувязі з гэтым Цэнтр не ўпаўнаважаны ўстанаўліваць непоўную адпаведнасць заканадаўства Рэспублікі Беларусь прынцыпам Дэкларацыі.

Што тычыцца пытання права праваабаронцаў прадстаўляць інтарэсы іншых асобаў, чые правы былі парушаныя, Цэнтр спаслаўся на Закон “Аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, дзе з вызначэння паняцця “заява” вынікае, што такі від звароту можа быць накіраваны ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю любой асобай і ўтрымліваць у сабе паведамленне пра парушэнне актаў заканадаўства, недахопах у працы дзяржорганаў, іншых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, незалежна ад таго, датычацца гэтыя парушэнні ці недахопы яго асабіста ці іншай асобы. Аднак, што датычыцца прадстаўлення інтарэсаў грамадзянаў у судах, то аказанне на прафесійнай аснове юрыдычнай дапамогі грамадзянам з мэтай ажыццяўлення і абароны іх правоў, свабодаў  і інтарэсаў робіцца адвакатамі на падставе закона “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Больш за тое, па меркаванню Цэнтра, Дэкларацыя не ўтрымлівае рэкамендацыяў па замацаванню ў заканадаўстве дзяржаў паняцця “праваабаронца”, а таксама надзяленню дадзенай катэгорыі асобаў правам прадстаўляць інтарэсы іншых асобаў без волявыяўлення апошніх.

Пытанне ж пра карэкціроўку заканадаўства Рэспублікі Беларусь у частцы пастаўленных Паўлам Сапелкам аспектаў патрабуе ўсебаковай прапрацоўкі, вывучэння дзеючага заканадаўства, правапрымяняльнай практыкі і існуючых заканадаўчых падыходаў замежных дзяржаў.

“На падставе выкладзенага, пры выяўленні правапрымяняльных праблемаў у даследуемай сферы, Ваша прапанова можа быць разгледжана ў межах фармавання плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год”, - зазначана ў лісце за подпісам дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь Вадзіма Іпатава.

Нагадаем, 5 лістапада 2014 года Першамайскі РУУС Мінска прадпісаў Алене Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады.

Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і да высылкі - пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і узначальваемы ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.

Алена Танкачова звязвае дэпартацыю са сваёй праваабарончай дзейнасцю. Яна аплаціла ўсе штрафы і тройчы падавала заявы ў МУС на датэрміновае вяртанне, але кожны раз ёй адмаўлялі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства