Грэта Сабалеўская: Распараджэнне аб маім затрыманні даў генерал-маёр Барсукоў Аўдыё
Яшчэ які год назад пра 22-гадовую дзяўчыну, якая жыве ў Дзяржынску, ведалі толькі сябры ды знаёмыя. Але пасля восеньскіх акцый журналісты ахрысцілі Грэту Сабалеўскую гераіняй нацыянальнага сцяга. Звярнулі на дзяўчыну пільную ўвагу і супрацоўнікі праваахоўных органаў: яе затрымлівалі 8 верасня адразу пасля Дню беларускай вайсковай славы, адвезлі ў пастарунак, перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі. 15 верасня выклікалі ў Цэнтральны РУУС Мінска, куды яна проста не пайшла. А 27 кастрычніка адбылася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя, прычым логіку супрацоўнікў міліцыі, якія затрымалі яе ў чарговы раз і адвезлі на некалькі дзён да суду ў іншы горад, патлумачыць амаль немагчыма. Паспрабуем зрабіць гэта разам з Грэтай.
У пятніцу 27 кастрычніка каля 11 гадзін вечара ў дзверы дома, дзе жыве Грэта, пагрукалі. “Адчыніце, гэта міліцыя”, - прагучаў жаночы голас. Дзверы адчынілі маці Грэты, у кватэру зайшлі двое міліцыянтаў – жанчына і мужчына.
“Яны павіталіся і спыталі, ці ведаю я, чаму яны прыйшлі. Я адказала, што чакала іх, але не думала, што яны прыйдуць так позна. Затым я спакойна сабрала свае рэчы, страху ніякага не было. Я спытала, куды мяне павязуць і што ўвогуле будзе адбывацца, на што міліцыянты адказалі, што я затрыманая на трое сутак”.
З дома актывістку павезлі ў паліклініку, дзе ёй выдалі спраўку аб стане здароўя, і толькі потым, каля гадзіны ночы, у міліцэйскі пастарунак. Там Грэце растлумачылі, што яна затрыманая за парушэнне артыкула 23.34 КаАП і, адпаведна, абвінавачваецца ў парушэнні парадка арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. На акцыі “Марш абураных беларусаў”, якая праходзіла ў Мінску 21 кастрычніка, Грэта трымала банер, што і стала, паводле слоў міліцыянтаў, асноўным парушэннем.
“Я не магу сказаць, што міліцыянты Дзяржынскага РУУС неяк дрэнна да мяне ставіліся. Наадварот, усё было вельмі карэктна. Яны і не хавалі тое, што проста выконваюць загад зверху. Адзін з міліцыянтаў сказаў, што распараджэнне аб маім затрыманні даў генерал-маёр Барсукоў”.
Як высветлілася далей, у ізалятары пры Дзяржынскім РУУС не было вольных камер, таму было прынята рашэнне перавезці актывістку ва Узду, у мясцовы ІЧУ, што і зрабілі дзяржынскія міліцыянты ў гэтую ж ноч. Пасля кароткай працэдуры афармлення Грэта вымушаная была некалькі гадзін сядзець у калідоры і чакаць 8 ранку, пакуль не вызвалілася камера. У Дзяржынску дзяўчыне казалі, што ў гэтым ІЧУ зроблены рамонт, таму ў камеры будуць нармальныя ўмовы. Але ў рэальнасці ўсё апынулася зусім інакш. Прычым негатыўныя ўражанні пакінула не толькі становішча камеры, але і паводзіны персанала.
“Мяне адвялі ў камеру, памеры якой, па маіх адчуваннях, не перавышалі 3 на 3 метры. Яе становішча было вельмі кепскае. Было занадта цесна, бялізна была ў жудасным стане, не хапала святла, ежу таксама амаль немагчыма было есці. Ад персаналу чагосьці дамагчыся было нерэальна. Ніхто нічога не казаў, штосьці спытаць у іх было немагчыма, на ўсё гучалі адказы: “Гэта не наша справа” ды “Маўчы”. Акрамя таго што персанал сам па сабе грубы, дык яны і ставяцца да цябе як да злачынца”.
У такіх умовах Грэта Сабалеўская правяла суботу і нядзелю. У панядзелак каля гадзіны дня за ёй прыехалі міліцыянты з Дзяржынскага РУУС і павезлі ў суд. “Працэс”, які праходзіў у невялічкім кабінеце, цягнуўся каля дзесяці хвілін. Паводле слоў Грэты, яна спрабавала спытаць пра магчымасць допуска адваката, аднак ёй адказалі, што справа неістотная, таму ён не патрэбны. Жанчына-суддзя (імя Грэта не запомніла) паглядзела справу актывісткі і, нават нічога ў яе не пытаючыся, агучыла суму штрафа – пяць базавых велічынь. У канцэлярыі Грэце выдалі квітанцыю для яго аплаты і адпусцілі, параіўшы “не рабіць болей глупствы”.
Нагадаем, Грэта Сабалеўская – актыўная ўдзельніца акцый пратэсту 8 верасня (супраць вучэнняў “Захад-2017”) і 21 кастрычніка (“Марш абураных беларусаў”). Яна самастойна вучыць беларускую мову, паколькі доўгі час пражывала з бацькамі за мяжой, займаецца перакладамі з кітайскай мовы.