viasna on patreon

Справаздача БДІПЧ АБСЕ: Расце колькасць пагрозаў і нападаў на праваабаронцаў

2017 2017-09-18T16:34:49+0300 2017-09-18T18:28:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abse-2107.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Колькасць і сур’ёзнасць пагрозаў і нападаў на праваабаронцаў у рэгіёне АБСЕ працягваюць расці цягам апошніх трох гадоў, гаворыцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ), апублікаванай 15 верасня 2017 года.

Дакумент пад назвай «Адказнасць дзяржаваў: Абарона праваабаронцаў у рэгіёне АБСЕ (2014-2016 гг.)» быў прэзентаваны ў кулуарах Нарады па чалавечым вымярэнні, якая гэтымі днямі адбываецца ў Варшаве. Ён ацэньвае выкананне дзяржавамі-удзельніцамі АБСЕ міжнародных стандартаў, выкладзеных у Кіруючых прынцыпах па абароне праваабаронцаў, апублікаваных БДІПЧ ў 2014 годзе.

«Высновы Справаздачы адзначаюць звужэнне грамадскай прасторы, у якой грамадзянская супольнасць здольная эфектыўна адыгрываць сваю важную ролю ў аказанні дапамогі па абароне і заахвочванню правоў усіх прадстаўнікоў усіх нашых грамадстваў», — сказала дырэктарка БДІПЧ Інгіб’ёрг Сольрун Гісладоцір. — «Пагрозы і напады на праваабаронцаў ўдвая шкодныя: як для іх ўласнай бяспекі, так і для бяспекі тых людзей, дзеля абароны якіх яны працуюць».

У сваёй справаздачы БДІПЧ адзначае, што праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ сутыкаюцца з неапраўданымі абмежаваннямі на роўнае ажыццяўленне сваіх правоў і асноўных свабодаў, а таксама становяцца ахвярамі пагрозаў і нападаў з боку як дзяржаўных, так і недзяржаўных суб'ектаў, за што злачынцы вельмі часта не нясуць аніякай адказнасці. Асаблівую заклапочанасць БДІПЧ выклікае той факт, што абаронцы правоў чалавека найбольш неабароненыя перад парушэннямі, калі яны абараняюць правы жанчынаў, этнічных меншасцяў і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

Сярод пазітыўных тэндэнцыяў згадваюцца перадавыя практыкі ў асобных дзяржавах-удзельніцах АБСЕ, накіраваныя на абарону праваабаронцаў, у тым ліку дзяржаўная палітыка, урадавыя праграмы і механізмы, а таксама кансультацыі з праваабаронцамі пры распрацоўцы заканадаўства і дзеянняў, якія датычаць ажыццяўлення правоў чалавека.

Інфармацыя і высновы ў Справаздачы заснаваныя на дадзеных, атрыманых ад урадаў краінаў і ў выніку правядзення даследаванняў на месцах, а таксама ад праваабаронцаў і нацыянальных праваабарончых установаў з усяго рэгіёну АБСЕ.

Справаздача крытыкуе Беларусь за шматлікія перашкоды для законнай дзейнасці праваабаронцаў. У прыватнасці, актывістам адмаўляюць у доступе ў месцы зняволення. Праваабаронцы становяцца ахвярамі адвольных затрыманняў, паклёпніцкіх кампаній, анлайн і афлайн цэнзуры.

«Улады працягвалі блакаваць сайты праваабарончых арганізацый, відавочна, каб перашкодзіць доступу грамадскасці да іх справаздачаў», — гаворыцца ў дакуменце.

Праваабаронцы таксама адзначылі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца журналісты і супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі, абмежаванні і штрафы, якія накладаюцца на праваабаронцаў за арганізацыю або ўдзел у мірных сходах, адмовы ўладаў у задавальненні просьбаў аб рэгістрацыі НДА, у тым ліку дзясяткаў грамадскіх арганізацый і некалькіх праваабарончых арганізацый ў 2014-2016 гг.

«Гэтыя заявы былі адхіленыя па розных, відавочна, адвольных прычынах», — гаворыцца ў даследаванні. — «Дзейнасць незарэгістраваных НДА ў Беларусі па-ранейшаму забароненая на ўзроўні закону, а парушэнне абмежаванняў караецца зняволеннем тэрмінам да двух гадоў».

У Справаздачы таксама падкрэсліваецца слабое ўключэнне грамадзянскай супольнасці ў кансультацыі па праектах законаў і рашэнняў дзяржаўных органаў, а таксама адзначаецца прэферэнцыйны падыход да праўрадавых НДА ў гэтым пытанні.

Беларускія праваабаронцы паведамляюць пра незаконныя і непрапарцыйныя абмежаванні на іх права на свабоду перамяшчэння.

Справаздача асобна згадвае справу вядомай праваабаронцы, старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі LawTrend Алены Танкачовай, якая была высланая з Беларусі на тры гады «відавочна, у сувязі з яе працай ў галіне правоў чалавека у краіне».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства