Суд у Лоеве спыніў адміністрацыйную справу супраць Кастуся Жукоўскага

2017 2017-08-23T16:13:33+0300 2017-08-23T16:33:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Cуддзя Лоеўскага раённага суду Іван Цалкоў 23 жніўня спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Як паведамляе "Гомельская Вясна", такое рашэнне было прынята, таму што скончыўся двухмесячны тэрмін, цягам якога можна было прыцягваць да адказнасці за адміністрацыйны ўчынак. 

Мясцовая міліцыя вінаваціла Жукоўскага ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» — паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП.

Падставай стаў відэасюжэт «Улады знішчылі гаспадарку вяскоўца. Паабяцалі заплаціць і падманулі», змешчаны на YouTube і паказаны 14 чэрвеня на «Белсаце». У ім апавядалася пра ліквідацыю ўладамі прыватнай гаспадаркі Івана Хвоіна з вёскі Страдубка Лоеўскага раёну.

«Суд разглядаў справу завочна, без майго удзелу, бо цяпер я ў адпачынку, — паведаміў Жукоўскі. — Гэта рэдкі выпадак, калі заведзеная міліцыяй адміністрацыйная справа пра нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ скончылася нічым. Пакараць журналіста лягчэй, чым аднавіць справядлівасць — у гэтым выпадку ў дачыненні да пацярпелага прыватніка Івана Хвоіна».

Журналіст кажа, што лоеўская міліцыя даўно за ім «палюе». Сам начальнік міліцыі Ўладзімір Бухаўцоў падаваў у суд на Жукоўскага за нібыта абразу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але судовы працэс прайграў.

Іншыя суды сёлета ўжо чатыры разы прыцягвалі Жукоўскага да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкулу 22.9. Яшчэ адзін штраф ён атрымаў за «незаконнае фатаграфаванне» на тэрыторыі памежнага пераходу «Новая Гута». Агульная сума штрафаў фрылансера Жукоўскаму склала за бягучы год 5 060 рублёў.

На гэтым тыдні яшчэ пяцёра беларускіх журналістаў, чые матэрыялы з'яўляюцца на тэлеканале «Белсат», выкліканыя ў суд з прычыны заведзеных адміністрацыйных спраў. У іх ліку Алесь Сіліч, Марыя Арцыбашава, Сяржук Кавалёў, Кацярына Андрэева і Стась Івашкевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства