Касінераў патрабуе ад АНТ і МУС кампенсацыі маральнай шкоды за хлуслівыя звесткі

2017 2017-07-31T15:08:27+0300 2017-08-02T10:26:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kasinerau-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска з позвай аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі заяўленыя “Агульнанацыянальнае тэлебачанне” і вядучая яго тэлепраграммы “Нашыя навіны” Кацярына Цішкевіч, Міністэрства ўнутранных спраў і начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў.

Нагодай для накіравання заявы ў суд стаў відэасюжэт “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда”, у якім, як лічыць Вячаслаў Касінераў, вядзецца гаворка пра яго. Бо менавіта ён накінуў на шыю паліцэйскаму-гарадавому пятлю, знаходзіўся ў СІЗА падчас выхаду праграмы і быў прызнаны палітычным зняволеным шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый.

У тэлесюжэце сітуацыю каментаваў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, які між іншым адзначыў:

“Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку.

І некаторыя, так званыя, праваабарончыя арганізацыі спрабуюць з яго зрабіць нейкую ахвяру. Якая ахвяра?! Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці. Ну, гэта ўжо неяк характарызуе, напэўна, вышэйпаказанага грамадзяніна”.

Вячаслаў Касінераў лічыць, што сказанае Барсуковым А. не адпавядае рэчаіснасці, бо ў момант выхаду тэлеперадачы ён толькі аднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па прысудзе суда Фрунзенскага раёна г.Мінска ад 29 студзеня 2016 года па арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Апаганьваньне будынкаў і псаванне маёмасці”).

“На момант абвяшчэння адказчыкам Барсуковым А.П. звестак аб тым, што я «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці», я знаходзіўся ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб хуліганстве.

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства і падвергнуты крымінальнай адказнасці інакш як па выраку суда і ў адпаведнасці з законам. Такім чынам, адказчыкам Барсуковым А.П. быў парушаны важнейшы прынцып крымінальнага закона - прэзумпцыя невінаватасці”, - адзначае заяўнік у позве.

Вячаслаў Касінераў падкрэслівае, што выказванні тэлевядучай Кацярыны Цішкевіч і начальніка ГУУС, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, былі зробленыя публічна ў эфіры Другога нацыянальнага тэлеканала, чым нанеслі яму маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці глыбокай абразы і прыніжэння, а таксама дыскрэдытацыі ў вачах грамадства яго імя.

“Заведама хлуслівая і ачарняючая мяне інфармацыя была распаўсюджана публічна ў эфіры аднаго з найбуйнейшых тэлеканалаў Рэспублікі Беларусь і зганьбавала маё імя і рэпутацыю ў вачах маіх родных, сяброў і грамадзянскай супольнасці”, - адзначае заяўнік.

Ён просіць суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаць звесткі, што былі распаўсюджаныя ў тэлесюжэце, не адпавядаючымі рэчаіснасці, абавязаць адказчыкаў – АНТ, МУС, Кацярыну Цішкевіч і Аляксандра Барсукова – выдаліць звесткі пра тое, што заяўнік «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці», а таксама абвергнуць іх шляхам абвяшчэння ў праграме “Нашы навіны” на канале АНТ. Акрамя таго, спагнаць на карысць Вячаслава Касінерава з адказчыкаў 3 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Нагадаем, Вячаславу Касінераву было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Суд Маскоўскага раёна пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства