viasna on patreon

Мінск: Суд па справе аб патрыятычных графіці (відэа)

2016 2016-01-25T17:11:00+0300 2016-01-26T08:39:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel_grafit_i2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яраслаў Ульяненкаў, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі

Яраслаў Ульяненкаў, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі

У судзе Фрунзенскага раёна г.Мінска 25 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы аб патрыятычных графіці. Вядзе працэс суддзя - Ала Скуратовіч. Бок абвінавачання прадстаўляе пракурор Сцяпурка. За працэсам у залі суда сочаць праваабаронцы ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Наста Лойка. 

Па справе «графіцістаў» праходзяць грамадскія актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў, якія ў жніўні 2015 года напісалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама замалявалі сацыяльную рэкламу з выявай супрацоўніка міліцыі.

Перад паседжаннем намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч выказаў спадзяванні, што вырак суду будзе без пазбаўлення волі:

За-за ўзмоцненага дагляду ня ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на судовы працэс “графіцістаў”. Перад пачатакам судовага паседжання некалькі актывістаў вывелі з залі з-за расцяжкі «Не палітычным пераследам». Актывісты крычалі: «Мастацтва — не злачынства», іх гвалтам вывелі з суду. Былі затрыманыя Павал Сяргей і Максім Шыцік. Разам з імі затрымалі і журналіста з TUT.by – Паўла Дабравольскага. Адразу пасля затрымання хлопцаў пачалі збіваць у суседнім пакоі: як кажуць праваабаронцы, гукі збіцця былі чутны ў зале суда. Пасля гэтага іх адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе скалалі па два пратаколы: па артыкулах КаАП 24.1 “Непавага да суду” і 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства”. У той жа дзень над імі адбыўся суд.

Перад пачаткам працэсу пацярпелы па справе прадпрымальнік Руслан Масленнікаў, чыя рэклама на бігбордзе была запэцканая фарбай, заявіў хадайніцтва, што яму цалкам кампенсавалі шкоду. Ён просіць спыніць крымінальны пераслед і заявіў аб прымірэнні з абвінавачанымі. Рашэнне аб спыненні судовай вытворчасці па заяўленаму пацярпелым хадайніцтву суд будзе вырашаць пасля допыту ўдзельнікаў працэсу і вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

Пад час допыту абвінавачаных Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў вінаватымі сябе не прызналі.

Пасля допыту абвінавачаных, пацярпелага і сведкаў суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад першага дня судовага працэсу:

“Крымінальная справа выглядае крыху абсурднай па сваёй сутнасці. Неяк вельмі старанна падышлі праваахоўныя органы да расследавання нейкага надпісу на плоце закінутай вайсковай часткі - у справы некалькі тамоў, у тым ліку аб'ёмная экспертыза фарбы. Юнакі ўпрыгожылі сваім графіці забор, які быў размаляваны на той час рознымі брыдкімі словамі.

Увогуле, бачна што была спроба следчых зляпіць нейкую экстрэмісцкую групу. Таму у справе шмат экспертызаў, аднак экстрэмізму там так і не знайшлі. Крымінальная справа аб патрыятычных графіці выглядае палітызаванай і спрычыніліся да гэтага не праваабаронцы, а прадстаўнікі Следчага камітэта”.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўважліва адсочвае крымінальную справу ў дачыненні да юнакоў, у жніўні выступіў з заявай, у якой заклікаў спыніць крымінальны перасьлед актывістаў. Праваабаронцы адзначылі, што, калі фігурантаў справы асудзяць паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу, іх прызнаюць палітвязнямі.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі трое, двух адпусцілі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Юнакам па гэтым артыкуле пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў. Экспертыза надпісаў, як распавялі журналістам самі абвінавачаныя, не выявіла ў іх прыкмет экстрэмізму. Матэрыяльная шкода за псаванне бігбордаў цалкам выплачаная.

Юнакоў затрымлівалі як небяспечных злачынцаў, з нанясенняем аднаму з іх цялесных пашкоджанняў. Неўзабаве Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на абавязальніцтва пад яўку і належныя паводзіны, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства