Справаздача па выніках маніторынгу акцыі “Чарнобыльскі шлях-2017” у Мінску 26 красавіка Фота

2017 2017-04-27T11:07:12+0300 2017-04-27T14:56:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/charnobylski_shliah_2017_10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка 2017 года ў Мінску праходзіла традыцыйная акцыя  з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Спыненне практыкі адвольных затрыманняў у сувязі з рэалізацыяй права на мірныя сходы з’яўляецца важным станоўчым крокам з боку беларускіх уладаў.
  2. У той жа час было немагчыма ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі. Гэты факт перашкаджае высветліць, хто з’яўляецца ўдзельнікамі, а хто не; якія супрацоўнікі праваахоўных органаў і за што адказныя; застаюцца незразумелымі іх функцыі; а таксама немагчыма вызначыць да якога супрацоўніка міліцыі звяртацца ў экстрэннай сітуацыі. Звяртаем увагу, што згодна з Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ “Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў”, распрацаванага спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўнымі прынцыпамі аховы правапарадку падчас публічных сходаў з’яўляюцца: валоданне інфармацыяй, садзейніцтва, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.
  3. Адсутнасць бесперашкоднага руху і прадстаўнікоў прэс-службы абмяжоўвалі ўдзельнікаў па некаторых аспектах рэалізацыі права на мірныя сходы.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваны праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў і абазначаны бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Працэсс атрымання арганізатарамі заяўкі шырока асвятляўся ў СМІ і сацыяльных сетках. Заяўка была пададзена двума групамі арганізатараў. У адзін аргкамітэт уваходзілі прадстаўнікі партыяў АГП, БНФ і БП «Зялёныя», БХД, рухаў «За свабоду» і «Разам», кампаніі «Гавары праўду». Яны планавалі сбор удзельнікаў на плошчы Парыжскай камуны ў 18:00 і шэсце да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў. 17 красавіка Мінгарвыканкам дазволіў масавае мерапрыемства па маршруце мінулых гадоў: сбор каля кінатэатра “Кастрычнік” ў 14:00 і шэсце да Чарнобыльскай капліцы па вуліцы Сурганава. Заяўнікі аспрэчылі дазвол, і час сбору ўдзельнікаў быў перанесены на 17:30.

Другая группа заяўнікоў (Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ) падала заяўку на мітынг ў Кіеўскім скверы с 18:00 да 20:00 і атрымала станоўчы адказ ад Мінгарвыканкама.

Такім чынам, 26 красавіка 2017 года ў Мінску павінны былі адбыцца адначасова дзве дазволенныя ўладамі акцыі. Заяўнікі шэсця ад кінатэатра “Кастрычнік” заклікалі ўсіх ахвочых пасля заканчэння шэсця каля Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў далучыцца да мітынгу ў Кіеўскім скверы.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 26 красавіка 2017 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 10 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам: сінімі камізелькамі і бэйджамі назіральнікаў.

Ход масавага мерапрыемства

  • Назіральнікі пачалі маніторынг з 17.45 каля кінатэатра “Кастрычнік”, дзе на той момант сабралося каля 250 чалавек. На падыходах да пляцоўкі стаялі супрацоўнікі АМАП і праводзілі дагляд асабістых рэчаў.
  • У 18.00 пачалі гучаць прамовы арганізатараў праз гукаўзмацняльную тэхніку.
  • У 18.30 пачаўся арганізаваны рух калоны па вуліцы Сурганава. Колькасць удзельнікаў на пачатку руху, каля крамы “Рыга” і каля Чарнобыльскай капліцы была прыкладна аднолькавая і складала каля 500 чалавек.
  • Супрацоўнікі АМАП і ДПС строга кантралявалі рух удзельнікаў, забаранялі адхіляцца ад маршруту, разрывалі рух на светлафорах і перагароджвалі дарогі на перакрыжаваннях жывым ланцугом.
  • Падыход да Чарнобыльскай капліцы быў ачэплены стужкамі і некалькімі металічнымі агароджамі. Удзельнікі прабылі пад капліцай каля 15 хвілін, частка з іх прайшлі ўздоўж вуліцы Арлоўскай да Кіеўскага скверу да месца другога санкцыянаванага мерапрыемства - на пляцоўцы каля кінатэатра “Кіеў”, дзе ўсяго сабралось каля 100 чалавек.

  • У 20:15 назіральнікі адзначылі, што ўсе ўдзельнікі мітынгу пакінулі Кіеўскі сквер і разышліся.
  • Цягам масавага мерапрыемства прысутнічала каля 30 супрацоўнікаў у форме “АМАП” і “міліцыя”, каля 10 супрацоўнікаў ДАІ і 50 асобаў у цывільнай вопратцы. У 18:10 супрацоўнікі міліцыі закрылі праходы з метро “Акадэмія навук” на месца збору, на месцы збору супрацоўнікі ў форме даглядалі рэчы ўдзельнікаў. Каля Кіеўскага скверу было заўважана скапленне міліцыйскай спецтэхнікі.

  • Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадскім транспарце; адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ; адсутнічалі перашкоды ў працы назіральнікаў, хаця на кантакт з назіральнікамі супрацоўнікі міліцыі не ішлі.
  • Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.
  • Былі заўважаны расцяжкі з наступным зместам: “Жыве незалежная Беларусь”, “Час спыняць астравецкую пачвару”, “Нет островетской АЭС”, “Чернобыль – працяг расейскага генацыду беларускага народу!”.

  • Былі выкарастаныя плакаты “Ад Лукі і радыяцыі памірае наша нацыя”, “Атом мирным не бывает - это даже зебра знает”, “Ой все”, “Вымрем как динозавры”, “Переходи на сторону солнца”, “Реактор там не выбирали, один упал, второй подняли”, “Дайце тры”, “Наша забота и енота”, “Удалить АЭС? Да? Нет?”, “Господи прости “АЭС””, “Что построишь, то пожнешь, не хочу, чтобы мое молоко было радиоктивным”, “Дроздунам новые клиники”, “Белорусам второй чернобыль”, плакаты з партрэтамі “Свабоду палітвязьням”: Сяржук Стрыбульскі, Тарас Аватар, Вадзім Бойка, Філіп Іваноў, Ілля Валавік, Дзмітрый Цэхановіч, Алесь Яўдаха. Былі транспаранты “Эдуард Пальчыс - наш Джон Сільвер у кіпцюрах ФСБ”,  “АЭС (знак радыяцыі) регресс”, сцяг “Запіс у Малады Фронт”.

  • Падчас шэсця было 8 бела-чырвона-белых сцягоў, сцяг Слуцка, сцяг Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 4 сцягі Руху “За Свабоду”, 4 Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сцяг з Пагоняй, зялёны сцяг, сцягі на плячах: яшчэ “Еўрапейская Беларусь” і ўкраінскі.

  • Машыны хуткай дапамогі прысутнічалі толькі ў асобных кропках (на месцы збора, пад “Рыгай”), але не суправаджалі бесперапынна калону.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, і быць ідэнтыфікаванымі адпаведнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

Мінгарвыканкаму:

* выконваць патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах” адносна сваечасовага паведамлення арганізатарам масавага мерапрыемства аб прынятым па пададзенай заяўцы рашэнні;

* не забараняць правядзенне масавага мерапрыемства па фармальных прычынах і дзейнічаць у адпаведнасці с міжнародна прызнанай прэзумпцыяй на карысць правядзення масавага мерапрыемства;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства