Міхаіл Жамчужны – злосны парушальнік рэжыму ўтрымання

2016 2016-10-31T15:35:57+0300 2016-11-02T11:07:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Палітвязень і заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны атрымаў статус злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання ў калоніі. Пра гэта палітвязень, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, напісаў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка.

“Я нарэшце стаў злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання. У чацвер, 20 кастрычніка, мне абвясцілі чарговае спагнанне – вымову.

19 кастрычніка мяне выклікалі ў медсанчастку, каб зрабіць флюаграфію, паколькі я ўжо год як у калоніі. Як прадугледжана КВК і ПВК, санітарны інструктар вывеў мяне з корпусу і паставіў у шэраг асуджаных, каб у суправаджэнні афіцэра пайсці да санчасткі. Не даходзячы 10 метраў да дзвярэй, мяне за строю выклікаў аператыўны супрацоўнік, маёр Кавальчук, і абвінаваціў у тым, што я без суправаджэння знаходжуся ў раёне ўчастка іншага атраду. Зразумела, ён напісаў рапарт, на які рэакцыя адміністрацыі – абавязковая і негатыўная. Карацей, у дакладнасці паўтарылася схема, якую я абскардзіў з вашай дапамогай ў Барысаўскі раённы суд. Зразумела, што і гэты прэцэндэнт не пакіну без увагі”.

Дарэчы менавіта сёння, 31 кастрычніка, суд Барысаўскага раёна будзе разглядаць скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнанне палітвязню, вынесенага адміністрацыяй калоніі №14.

Прычыны такой аператыўнай рэакцыі адміністрацыі Міхаіл Жамчужны бачыць у крытычных паведамленнях адвакату і праваабаронцы ў прапажы з дакументаабароту заяў палітвязня ў Барысаўскую пракуратуру, Генпракуратуру, у Барысаўскі суд і суд г. Мінска і Мінскай вобласці.

“Мае звароты да адваката і ў Вярхоўны суд тройчы вярталі па прычыне, нібыта з-за няправільнага запаўнення канвертаў, якія я накіроўваў вам на прагляд. Ліст з гэтай інфармацыяй я накіраваў вам яшчэ 18 кастрычніка. Цікава, ці атрымалі вы яго?” -- піша ў лісце Міхаіл Жамчужны.

Жамчужны таксама паведамляе,што чакаў падобнай правакацыі, вынікам якой можа стаць пазбаўленне чарговай амністыі, а таксама  прымяненне артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Праваабаронцы адзначаюць, што ўстанаўленне такога статусу мае для асуджанага вельмі негатыўныя наступствы, а менавіта: як правіла, на такіх зняволеных не распаўсюджвае сваё дзеянне Закон аб амністыі,  яны не могуць разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і гэтак далей.

Варта нагадаць, штоправаабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Міхаіл Жамчужны ў апошні час неаднойчы заяўляў пра ўзмацненне ў дачыненні яго ціску з боку адміністрацыі калоніі.

Вынесенае яму20 кастрычніка спагнанне – ужо трэцяе. Першае было вынесена ў ліпені бягучага года за “самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі” , другое – у верасні за тое, што ў яго нібыта была брудная тумбачка.

У верасні 2016 года ён атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую ў пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд. У скарзе Жамчужны ўказваў, што ў адносінах да яго меў месца не “працягваемы” аператыўны эксперымент, а паўторны, а крымінальная справа супраць яго была ўзбуджана больш чым праз год пасля здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Такім чынам, праваахоўныя органы штучна стваралі ўмовы, якія правакавалі яго на паўторнае здзяйсненне аналагічных дзеянняў, каб атрымаць доказы здзяйснення ім больш цяжкіх злачынстваў.

У адказе на скаргу палітвязня намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі праверыў довады скаргі асуджанага і дапаўненні да яе і ў выніку згадзіўся з вынесеным прысудам.

Нагадаем, у ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу. Міхаіл Жамчужны неаднойчы заяўляў пра ўзмацненне ў дачыненні яго ціску з боку адміністрацыі калоніі.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства