Супраць трох віцебскіх кандыдатаў адноўлены адміністрацыйныя справы за спевы на пікеце
Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгі Станкевіч трапілі пад увагу міліцыі 27 ліпеня за спевы на пікеце па зборы подпісаў. Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС апытаў актывістаў, супроць якіх была распачата адміністрацыйная вытворчасць нібыта за несанкцыянаваную вулічную акцыю. 11 жніўня ўсім тром паведамілі, што справы спыненыя. Аднак абласная ўправа міліцыі вырашыла, што райаддзел не ўлічыў нейкія акалічнасці, і справы аднавілі.
Нагадаем, супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС праводзілі праверку па факце спеваў падчас супольнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты, што прайшоў 27 ліпеня. Актывісты - тады яшчэ прэтэндэнты на ўдзел у выбарах, а сёння ўжо зарэгістраваныя кандыдаты - пад гітару праспявалі гімн “Магутны Божа” каля Летняга амфітэатра. Бард Георгі Станкевіч выканаў яшчэ і уласную песню “Сцяг”.
Усе трое тлумачылі, што пікеты па зборы подпісаў праводзіліся ў межах выбарчага заканадаўства, якое не забараняе розныя формы актыўнасці, уключна са спевамі. Паводле ж рапарту намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі, палкоўніка Ігара Скарыновіча, яны зладзілі несанкцыянаваную вулічную акцыю.
На памылкі ў рапарце, а таксама на бяздзейнасць міліцыі ў апісваемых ім абставінах акывістка ставаранай партыі БХД Алена Шабуня падала скаргу ў абласную міліцэйскую ўправу. З атрыманага адказу й вынікае, што скасаваная 11 жніўня адміністрацыйная справа ўжо адноўлена.
“Справу скасавалі, не знайшоўшы ў нашых дзеяннях прыкметаў правапарушэння. Але ж палкоўнік Скарыновіч іх заўважыў! І ў скарзе я адзначала, што ён мусіў спыніць нашы дзеянні, калі лічыў іх правапарушэннем, а не назіраць збоку… У адказе за подпісам начальніка абласной міліцэйскай управы генерал-маёра Віктара Сянько гаворыцца, што наша правапарушэнне было “непрацяглым па часе”, і што мы “самі разышліся, так што ўмяшанне міліцыі не спатрэбілася”. Адзначана, што фактычныя памылкі ў рапарце Скарыновіча “неістотныя”, але вось Кастрычнцкі райаддзел правёў праверку “няпоўна і без уліку ўсіх акалічнасцяў”. Таму адміністрацыйную справу 23 жніўня абласная ўправа пастанавіла аднавіць”.
Ніводзін з трох спевакоў афіцыйных папер пра аднаўленне адміністрацыйнай справы пакуль не атрымаў. Між тым, і Алена Шабуня, і Таццяна Севярынец, і Георгі Станкевіч ужо зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты парламенту. Яны не выключаюць, што аднаўленне адміністрацыйнага пераследу – гэта наўмысны ціск і дэскрэдытацыя.