За спевы на пікеце супраць віцебскіх патэнцыйных кандыдатаў завялі адміністрацыйныя справы
Справы ініцыяваныя супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС і падрыхтаваныя для перадачы ў суд. Спевы падчас супольнага пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам міліцыянты кваліфікавалі як несанкцыянаваную масавую акцыю.
Адміністрацыйныя справы распачатыя супраць Таццяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча. Толькі апошні з іх атрымаў позву ў міліцыю. Там і было пазначана “у сувязі з распачатай адміністрацыйнай справай”, гаворыць спадар Станкевіч:
“Позва была выпісана на нядзелю, 7 жніўня – каб я прыехаў са сваёй вёскі Бешанковіцкага раёну ў Віцебск, папера прыйшла напярэдадні. Паводле аб’ектыўных прычын, паехаць у Кастрычніцкі райаддзел я не змог, але патэлефанаваў участковаму інспектару Сяргею Раманчуку, што выпісаў позву. Той сказаў, што чакаць мяне больш аніяк не можа – бо мусіць за 10 дзён падрыхтаваць дакументы і падаць іх у суд. Ён толькі зазначыў, што мы спявалі песні на фоне “нейкага бел-чырвона-белага сцяга і крычалі “Жыве Беларусь!” І гэта ён кваліфікуе як несанкцыянаваную масавую акцыю”.
Між тым, 27 ліпеня ў Віцебску праводзіўся супольны пікет па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты. Трое ўдзельнікаў – Таццяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч – вырашылі прыцягнуць увагу мінакоў спевамі. А заадно павіншаваць з Днём прыняцця дэкларацыі пра незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Для віцяблян прагучалі гімн “Магутны Божа” у супольным выкананні і песня “Сцяг”, якую спяваў Георгій Станкевіч.
На ягоную думку, ніякіх парушэнняў здзеснена не было: пікет па зборы подпісаў праходзіў у месцы, якое не забаронена паводле рашэння мясцовых уладаў, спевы гучалі таксама на “дазволенай тэрыторыі”. І ў выбарчым заканадаўстве нічога не гаворыцца пра тое, што на такіх пікетах нельга спяваць. Таксама дазволена і выкарыстанне сімволікі.
Тлумачэнні па гэтым інцыдэнце Георгі Станкевіч рыхтуецца даць у судзе. Ён не выключае, што суд пройдзе ў самым хуткім часе – яшчэ да 11 жніўня, каб перашкодзіць памкненню балатавацца ўсіх трох патэнцыйных кандыдатаў. Дарэчы, Алена Шабуня і Таццяна Севярынец нават не атрымалі позваў і міліцыю, каб даць тлумачэнні ў сувязі з заведзенымі адміністрацыйнымі справамі.