Міністэрства адукацыі «адбілася» ад звароту групы грамадзян з Гомелю чарговай адпіскай

2016 2016-04-27T18:41:07+0300 2016-04-27T18:42:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/chynounikkk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельская праваабаронца, сябра БХК Марыя Клімовіч атрымала адказ на калектыўны зварот, падпісаны жыхарамі Гомелю, аб патрабаванні да дэпутатаў скарэктаваць палітыку Міністэрства адукацыі, дзяржаўная праграма якога, пералічваючы прыкметы «недабрабыту» ў сям'і, фактычна ставіць знак роўнасці паміж амаральнасцю і беднасцю. Напрыклад, ёсць такія крытэры «недабрабыту», як «доўгі па часе статус малазабяспечанай сям'і і нізкі матэрыяльны ўзровень», «адсутнасць мэблі», «частыя звароты ў сацыяльныя органы за дапамогай», «пазыка перад камунальнымі службамі». «Абсурд – людзі звяртаюцца за дапамогай у сацыяльныя службы, якія для гэтага і створаны, але замест дапамогі атрымліваюць статус «сацыяльна-небяспечных», ці ў іх забіраюць дзяцей», - звярталі ўвагу заяўнікі.

У звароце адзначалася, што складваецца меркаванне, што чыноўнікам Міністэрства чужыя беларускія традыцыі, беларускі менталітэт. «Спакон вякоў беларусы паважалі бацькоў, незалежна ад узроўню іх прыбыткаў, мелі моцныя сувязі з раднёй. А з «Праграмы» вынікае, што бедныя бацькі – гэта несвядомыя людзі, якіх трэба «вучыць жыццю» на вачах іх дзяцей. У беларускіх казках, народнай творчасці беднякі маюць такія якасці, як шчодрасць, самаахвярнасць. Ім, як правіла, супрацьстаяць бессардэчныя багатыя, якія думаюць толькі пра ўласны прыбытак», - адзначана ў звароце да дэпутатаў.

Заяўнікі нагадваюць, што ў разрад «сацыяльна-небяспечных» могуць трапіць сем'і і з дастатковым прыбыткам, таму што размытая фармулёўка «абыякавасць да дзіцяці і адсутнасць клопату і ўвагі» дазваляе прад'явіць прэтэнзіі каму заўгодна. Выклікае насцярожанасць і пункт крытэраў Праграмы Міністэрства адукацыі «устойлівае ўхіленне бацькоў ад кантактаў спецыялістаў, ігнараванне іх рэкамендацый».

Палата прадстаўнікоў «адфутболіла» зварот у Міністэрства адукацыі, тыя ж далі справаздачу перад грамадзянамі чарговай адпіскай.

У адказе пералічаны артыкулы Кодэксу аб шлюбе і сям'і, а таксама крытэры сацыяльна-небяспечнага становішча дзіцяці. Чыноўнікі адукацыі запэўнілі заяўнікаў, што «абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей заснавана на прынцыпах гуманных адносінаў да іх, падтрымкі сям'і».

«Міністэрства адукацыі паказала ў адказе ўзор бюракратычнага загаворвання зубоў грамадзянам. Айцец Ігумен братам аб Страшным судзе, а браты Ігумену – аб карчме. Каб чыноўнікі пачалі адказваць грамадзянам па сутнасці – трэба, каб грамадзяне масава пачалі падаваць зыскі ў суды аб абароне ад умяшальніцтва ў іх прыватнае жыццё. Можа тады чыноўнікі пачнуць размаўляць з грамадзянамі як з сур'езнымі людзьмі», - пракаментавала адказ Марыя Клімовіч.

Яна лічыць, што грамадзяне маюць права абараняць сваю чалавечую годнасць і выхоўваць дзяцей так, як лічаць патрэбным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства