viasna on patreon

Затрыманні за пратэсты 2020 года і падпіскі: хроніка пераследу 18-19 красавіка Дапоўнена

2024 2024-04-19T12:00:35+0300 2024-04-19T18:13:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ryha_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

19 красавіка

Актывістку руху «Маці-328» пераводзяць з «хіміі» ў калонію

Нагадаем, у траўні 2022 года Марыну Кісялевіч асудзілі да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яе судзілі па «даносу неабыякавага» па допісах «УКантакце» па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Тэрмін жанчына адбывала ў берасцейскай ПУАТ-1.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 12 красавіка 2024 прайшло судовае пасяджэнне па ўзмацненні пакарання палітзняволенай. У выніку Марыне замянілі абмежавання волі на пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на 10 месяцаў.


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 3997 прозвішчаў

19 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага за абразу супрацоўнікаў міліцыі Дзмітрыя Палякова, а таксама цэлую сям'ю — Мікша Валерыя, Мікша Валянціну і Мікша Паўла.

Да допіса далучыны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».


У Беларусі затрымалі мужчыну, які пісаў вершы пра свабоду

«Пакаяльнае відэа» з затрыманым апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На ім мужчына кажа, што пісаў вершы з «негатыўным зместам».

Вядома, што затрыманы працуе інжынерам.


Палітвязня Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА

Ігар Аліневіч

Вядома, што з пачатку 2024 года Ігара адпраўлялі ў штрафны ізалятар ужо некалькі разоў.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.


У Фаніпалі затрымалі 22-гадовую дзяўчыну за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020-ым годзе

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт. Ёй інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Ведамства таксама паведамляе, што агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Фаніпалі былі затрыманыя 54 чалавекі.


У Гомельскай вобласці сілавікі затрымалі як мінімум чатырох чалавек

«Пакаяльныя відэа» з затрыманымі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Сцвярджаецца, што людзі былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Паводле інфармацыі "Медыязона", сярод іх Уладзімір Кузьміч і Андрэй Петрашэнка.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Гродно Фолюш», «Гродно Вишневец», «Гродно/Валанцеры», «lidadlia», «Хроника Антивоенного Движения», «Будни свинопаса», «Resistance Chat», «плодотворные дебютные идеи»;
  • Instagram старонкі «Borisov Town», «stylski_dd», «v.pashtouki», «znivien_2020»;
  • Сайт і сацсеткі Дзмітрыя Балкунца;
  • Манаграфія Віктара Суворава, кнігі «День "М". Когда началась Вторая Мировая война? Нефантастическая повесть-документ», «Ледокол. Кто начал Вторую Мировую войну? Нефантастическая повесть-документ»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Денис Соколовский», «Аляксей Субатовiч», «Наш Дом», «Ольга Карач»;
  • TikTok-старонкі «chats.97», «Belgirl», «Крысцiна Чабор», «BeLaRuS», «Bumerang2020», «lukavyenovosti».

18 красавіка

У Мінску затрымалі хлопца за ўдзел у пратэстах 2020 года

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы «стаяў на барыкадах» каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Мінску.


Палітзняволены Вячаслаў Лазараў у калоніі захварэў на пнеўманію. Яго змясцілі ў ШІЗА 

Пра гэта паведаміў праваабаронца Павел Левінаў, піша "БАЖ":

«Вячаслаў ляжаў у лякарні, цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры. Аднак ёсць і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома».

Нагадаем, палітзняволеным сужэнцам Таццяне Пыцько і Вячаславу Лазараву прысудзілі да 3 і 5,5 гадоў зняволення адпаведна.

У выніку апеляцыі Вярхоўны суд прызначыў Таццяне той жа тэрмін, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады. Цяпер ён адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15.


Сілавікі затрымалі жыхара Брэста 

Паводле звестак "Вясна Брэст", гаворка пра Дзмітрыя Постнікава.

На «пакаяльным відэа» мужчына расказвае, што пратэстуючыя «выкарыстоўвалі брук, ламалі лаўкі, будавалі барыкады». Сілавікі суправадзілі гэта кадрамі акцыі пратэсту, якая праходзіла 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства