Беларускiя праваабаронцы выступiлi супраць мiграцыйнай заявы БНФ

2016 2016-03-22T16:31:38+0300 2016-03-22T16:31:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/syrian_migrants.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Моладзевая праваабарончая ініцыятыва за адэкватнае стаўленне да бежанцаў і мігрантаў распаўсюдзiла адкрыты ліст у адказ на заяву партыі БНФ па пытанні бежанцаў і мігрантаў.

ПЦ "Вясна" публікуе гэты адкрыты ліст:

Прынятая 19 сакавіка 2016 года Заява Сойма партыі БНФ была відавочна скіраваная супраць “мігрантаў з іншага цывілізацыйнага кола”. Гэтая пазіцыя адной са старэйшых дэмакратычных партый зноў прымушае задумацца, наколькі адпавядае рэчаіснасці вобраз Беларусі як гасціннай краіны.

Мы не можам абыякава ставіцца да такіх заклікаў, бо лічым, што пытанні міграцыйнай палітыкі і гарантыі прытулку з’яўляюцца грамадска значнымі і заслугоўваюць шырокага абмеркавання. Але ў гэтым абмеркаванні не павінна быць месца для папулісцкіх тэзаў, якія грунтуюцца на ксенафобскіх стэрэатыпах. Мы супраць падмены паняццяў і штучнага спрашчэння прадмету абмеркавання. Мы таксама не прымаем любое адмаўленне фундаментальных правоў і дыскрымінацыі асобных групаў замежнікаў.

Згаданая заява падаецца нам хібнай як па агульным змесце, так і па выкарыстанні асобных моўных сродкаў.

У абгрунтаванні сваёй пазіцыі ў дачыненні да мігрантаў увогуле аўтары заявы прыводзяць у прыклад сітуацыю бежанцаў з Сірыі, якія шукаюць прытулку ў Беларусі. Пры гэтым пытанні міграцыі і прытулку для бежанцаў змешваюцца ў адно, ігнаруючы іх прынцыповую розніцу. Гэта распаўсюджаны рытарычны прыём правых партый, разлічаны на неадукаваную публіку. Міграцыйная палітыка зыходзіць з дэмаграфічных, а таксама эканамічных магчымасцяў і патрэбаў краіны. Права на прытулак, у сваю чаргу, з’яўляецца агульнапрызнаным фундаментальным правам чалавека, якому адпавядае абавязак прымаючай дзяржавы забяспечыць годныя ўмовы для людзей, якія ратуюцца ад вайны, голаду ці стыхіі. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі і абмяркоўваць асобна.

Беларусь гістарычна склалася як шматэтнічная і шматкультурная краіна. Нягледзячы на пераважную колькасць беларусаў хрысціянаў сярод насельніцтва, з часоў ВКЛ тут знаходзілі прытулак людзі самых розных поглядаў, веравызнання і этнічнага паходжання. Габрэі, татары, стараабрадцы, лютэране - спіс уцекачоў, якія шмат стагоддзяў таму знайшлі паратунак на нашай зямлі, можна працягваць. І нашыя продкі, здаецца, не спасылаліся на “не да канца сфармаваную нацыянальную свядомасьць нашага насельніцтва”, калі гаворка ішла аб дапамозе людзям, якія патрапілі ў бяду.

Што сапраўды варта прызнаць, гэта наяўнасць “розных цывілізацыйных колаў”, паміж якімі цяжка наладзіць дыялог. Вось толькі для нас іншае цывілізацыйнае кола палягае там, дзе людзей пачынаюць дзяліць на правільных і няправільных паводле іх паходжання, культуры, рэлігіі і мовы, адмаўляючы ў фундаментальных правах чалавека. Якую ідэю прапануе грамадству партыя БНФ, адным сказам праводзячы мяжу паміж “уцекачамі з братняй Украіны” і “мігрантамі з Сырыі”? На наш погляд гэта зноў падмена паняццяў і сцвярджэнне таго, што людзі, што сутыкнуліся з жахамі вайны і галечы чамусьці заслугоўваюць рознага стаўлення толькі праз сваё паходжанне.

Таксама варта запытаць у аўтараў заявы, ці ведаюць яны, якія сродкі з бюджэту прадугледжаныя бежанцам паводле беларускага заканадаўства. Напрыклад, аднаразовая дапамога бежанцам, складае… адну базавую велічыню (210 тысяч рублёў на цяперашні момант) пры звароце па гэты статус, і столькі ж - пры яго атрыманні. Адразу ж дакладна гэтую суму трэба заплаціць у бюджэт за рэгістрацыю па месцы жыхарства, а яшчэ набыць абавязковую медыцынскую страхоўку. Дадаткова спецыяльная камісія можа выдаткаваць сродкі на праезд, пражыванне і харчаванне тых, хто звяртаецца па статус бежанца, але толькі тады, калі ў іх зусім няма сродкаў на існаванне. Гэта таксама зусім невялікая сума, асабліва ў параўнанні з тымі сродкамі, якія беларускі ўрад атрымлівае па праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, у тым ліку і па лініі УВКБ ААН.

Гаворачы аб лічбах, вельмі цяжка ўспрымаць страшылкі ад БНФ сур’ёзна. Больш падобна, што аўтары заявы замест таго, каб вывучыць прадмет, знаходзяцца пад уражаннем ад гістэрычных рэпартажаў расійскіх тэлеканалаў у стылі “канец Еўропы”. За 10 год (2006-2016) колькасць бежанцаў у нашай краіне вырасла на 137 чалавек і складае цяпер 927 асобаў. Толькі невялікі працэнт тых, хто звяртаецца па прытулак, сапраўды яго атрымоўвае. Мы лічым, што правілы атрымання статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Беларусі павінны быць змененыя. Але гэтыя змены павінны адбывацца ў бок спрашчэння і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.

Мы вітаем публічную дыскусію па пытаннях дзяржаўнай палітыкі адносна прытулку і міграцыі. Разам з тым, мы за адказнае стаўленне да заяваў палітычных і грамадскіх арганізацый, што могуць справакаваць варожасць грамадства ў дачыненні да ўразлівых груп, такіх як бежанцы і мігранты. Абмеркаванне павінна будавацца не на ірацыянальных фобіях і стэрэатыпах, а на сапраўдных фактах і грунтоўным аналізе. Толькі такая дыскусія сёння можа прынесці плён беларускаму грамадству.

Ініцыятыва беларускіх маладых праваабаронцаў за адэкватнае стаўленне да бежанцаў і мігрантаў

Аляксей Казлюк

Наста Лойка

Ганна Бараноўская

Валдзіс Фугаш

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international