Валянцін Стэфановіч: на прысуд па справе “графіцістаў” паўплывалі шырокі грамадскі рэзананс і ўвага праваабаронцаў

2016 2016-01-29T22:55:00+0300 2016-02-01T09:06:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grafici-sud-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cправа аб патрыятычных графіці. Фота Радыё "Свабода"

Cправа аб патрыятычных графіці. Фота Радыё "Свабода"

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска сёння працягваецца разгляд крымінальнай справы аб патрыятычных графіці. Вядзе працэс суддзя - Ала Скуратовіч. Бок абвінавачання прадстаўляе пракурор Сцяпурка. За працэсам у залі суда сочаць праваабаронцы ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Наста Лойка. 

Па справе «графіцістаў» праходзяць грамадскія актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў, якія ў жніўні 2015 года напісалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама замалявалі сацыяльную рэкламу з выявай супрацоўніка міліцыі.

На папярэдніх паседжаннях у судзе былі апытаныя абвінавачаныя, сведкі, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы. Пракурор зачытваў расшыфроўкі праслухоўвання тэлефонных размоў падсудных.

Сёння суд працягвае знаёміцца з пісьмовымі матэрыяламі справы, якіх налічваецца 9 тамоў. Прадстаўнік пракуратуры Сцяпурка пачаў зачытваць матэрыялы справы з 6-га тому.

Пракурор Уладзімір Сцяпурка зачытаў, што ў Вадзіма Жаромскага падчас арышту забралі газавы пісталет. Пазней пісталет быў выключаны са справы і вернуты Жаромскаму. Гэта, відаць, і ёсць тая «зброя», пра якую заяўляла прэс-сакратар Следчага камітэта пасля арышту юнакоў.

Пад час агалошвання пратаколаў допыту абвінавачаных у мэтах удакладнення супярэчанняў у паказаннях пад час следства і суда Вячаслаў Касінераў заявіў пра ціск з боку следчых, кажа што яго запалохвалі і пагражалі фізічнай расправай. Лічыць, што тыя паказанні не могуць быць узятыя судом пад увагу.

Пра допыт 16 жніўня Касінераў сказаў, што быў у кайданках, на яго ціснулі псіхалагічна, пагражалі, у яго балела зламаная сківіца, ад яго дамагаліся патрэбных паказанняў. Таму паказанні ў той дзень цяпер ён называе не адпаведнымі рэчаіснасці.

Касінераў назваў асноўным матывам псавання бігборда з выявай міліцыянера непрыязню да супрацоўнікаў унутраных спраў у сувязі з іх супрацьпраўнымі дзеяннямі ў краіне.

Пракурор зачытвае характарыстыкі на Касінерава. З БДУ, Музея архітэктуры і побыту, дзе той раней працаваў, з гандлёвых кампаній, дзе ён працаваў прадаўцом і кладаўшчыком, ад участковага. У яго ўсе характарыстыкі станоўчыя. Жаромскі таксама станоўча характарызуецца па месцы працы і вучобы.

Жаромскага распытвалі таксама пра старонку “В контакте” групы “Пошуг”.

Зачытваюць, як следчы падрабязна распытвае, хто сфатаграфаваў графіці, хто і навошта размясціў фота на сайце “Нашай Нівы”. У судзе абвінавачаныя гэта адмаўляюць/

Зачытваюць дакументы, датычныя Максіма Пякарскага. З паказанняў на першых допытах вынікае, што Пякарскі браў усю адказнасць за графіці на сябе, і казаў, што ён адзін маляваў.

Далей была агучаная скарга маці Жаромскага. Яна казала, што сын быў збіты супрацоўнікамі міліцыі, калі быў непаўнагадовым у 2007 годзе, таму ў яго непрыязныя адносіны да міліцыі.

Пачаліся судовыя спрэчкі. Суддзя не стала разглядаць хадайніцтва пацярпелага аб спыненні справы да заканчэння судовага следства. Адвакаты настойвалі на гэтым, але суддзя сказала, што разгледзіць хадайніцтва ў дарадчым пакоі пры падрыхтоўцы да вынясення прысуду.

Пракурор просіць з улікам ступені грамадскай небяспекі справы прызначыць пакаранне Максіму Пякарскаму у выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь, Вячаславу Касінераву 1, 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, Вадзіму Жыромскаму –  і 2 гады “хіміі” без накіравання.

Пачаліся выступы адвакатаў. Адвакат Вячаслава Касінерава кажа пра тое,  што было б правільна абмежавацца мерамі адміністрацыйнай адказнасці. Гэтая справа – прадмет увагі грамадскасці. І просіць апраўдаць яго.

Абвешчаны прысуд. Суддзя Ала Скуратовіч не задаволіла хадайніцтва пацярпелага прадпрымальніка, які прасіў суд спыніць крымінальны пераслед юнакоў. Але суддзя перакваліфікавала  абвінавачванне па эпізодзе з псаваннем банера з артыкула 339 Крымінальнага кодэкса на арт. 341 (псаванне маёмасці). Усім прызначаныя штрафы: Пякарскаму — 40, Касінераву — 30, Жаромскаму — 50 базавых велічынь.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч пасля вынясення прысуду адзначыў:

“Вырак суду  яшчэ раз падцвярджае ранейшыя меркаванні праваабаронцаў пра неардынарнасць гэтай справы. Па-першае, следства прадставіла 9 тамоў справы. Такога мы яшчэ не бачылі. Яшчэ адно падцверджанне – супрацоўнікі УБОП, што ўжо само па сабе дзіўна, праводзілі некалькі разоў допыты хлапцоў у СІЗА, прычым без адвакатаў, а таксама насцярожвала надзіва доўгатэрміновае праслухоўванне усіх тэлефанаванняў абвінавачаных.  

На мой погляд, справа “графіцістаў” была раздзьмутая спецслужбамі якраз напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі, аднак юнакі аказаліся ня тыя, яны проста антыталітарныя, і аніякай варожасці грамадству не нясуць”.

Валянцін Стэфановіч акцэнтаваў увагу на тым, што на прысуд па справе “графіцістаў” паўплывалі шырокі грамадскі рэзананс і ўвага праваабаронцаў.

Справа “графіцістаў”. Дзень першы 

Справа “графіцістаў”. Дзень другі 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international