viasna on patreon

Міліцыя чакае Кастуся Жукоўскага для складання пратаколу, на гэты раз – у Буда-Кашалёве

2016 2016-01-25T23:24:29+0300 2016-01-25T23:24:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Для складання пратаколу за журналісцкую дзейнасць у Буда-Кашалёўскі РАУС выклікаецца фрылансер Кастусь Жукоўскі. У канцы снежня ён быў у райцэнтры, па просьбе мясцовых жыхароў здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт. Потым відэа было выкарыстана ў сюжэце тэлеканалу «Белсат», а за Кастуся Жукоўскага ўзялася міліцыя. Так, 25 студзеня яму патэлефанаваў участковы інспектар, які запрасіў фрылансера яшчэ раз наведаць Буда-Кашалёва - але на гэты раз для складання пратаколу ў міліцыі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». «Ёсць матэрыял аб выпуску вашага відэафільму аб сітуацыі на Буда-Кашалёўскім масласырзаводзе», - патлумачыў міліцыянер.

Фрылансер адказаў, што не паедзе зараз у Буда-Кашалёва, а наведае райцэнтр тады, «калі зменіцца ўлада, і будуць судзіць тых, хто складае падобныя пратаколы».

«Улада ў краіне пабудавана па прынцыпу «апрычніны» - зверху галоўны цар, а ніжэй -уладная вертыкаль, якой дазволена рабіць усе, што заўгодна пры выкананні галоўнай умовы – каб было ціха. А журналісты, і я ў тым ліку, паказваем, што ў правінцыі не ўсе ціха. Таму і ціснуць з усіх бакоў, бо ведаюць - маўчаць я не буду. І будуць ціснуць да той пары, пакуль ім са сталіцы не дадуць «адбой», - пракаментаваў Кастусь Жукоўскі.

Нагадаем, на мінулым тыдні, 20 студзеня, у судзе Кармянскага раёна прайшоў разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да фрылансера. Па «традыцыйнаму» артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) суд прыцягнуў яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.

Жыхары Кармы ўсю восень мелі праблемы з забеспячэннем вадой і цяплом. Улады знайшлі вінаватага: фрылансера, які зняў аб гэтай праблеме відэа.

Таксама на мінулым тыдні Жукоўскі атрымаў па пошце пастанову суда Калінкавіцкага раёну аб тым, што прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 7,35 мільёна рублёў – таксама за журналісцкую працу.

У студзені ўжо была пакарана штрафам за прафесійную дзейнасць гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яна атрымала штраф у памеры 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства