Гомельскія ўлады ціснуць на прадпрымальніка, які вырабляў майкі для Юрыя Рубцова і шаўроны з «Пагоняй»

2016 2016-01-01T14:05:17+0300 2016-01-01T14:05:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Рубцоў

Юрый Рубцоў

Гомельскія ўлады ціснуць на мясцовага прадпрымальніка, дырэктара ТДА «Д три Портал» Канстанціна Лісоўскага, які вырабляў для былога палітычнага вязня Юрыя Рубцова майкі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Нагадаем, праз такія надпісы на майцы Юрый Рубцоў зазнаў некалькі затрыманняў, судовы пераслед, абмежаванне, а затым пазбаўленне волі. У жніўні жыхар Гомеля быў памілаваны прэзідэнтам у ліку іншых палітвязняў, а ў лістападзе Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі.

«У лістападзе Юрый Рубцоў, дарэчы, мой сябар, папрасіў палітычны прытулак у Германіі, думаю, у яго былі на тое грунтоўныя падставы – клопат за жыццё і бяспеку як сваю, так і блізкіх. Так супала, відаць, што ў лістападзе пачаліся праблемы ў мяне. Мая фірма, а мы займаемся рознымі афарміцельскімі паслугамі, вытворчасцю паліграфічнай прадукцыі, дызайнам памяшканняў, узяла ў арэнду будынак. І вось да нас прыйшлі прадстаўнікі «Гомельаблцепласетак» - арганізацыі, якая здае нам у арэнду гэтае памяшканне, і прад'явілі прэтэнзіі – маўляў, чым вы тут займаецеся, ці адпавядае ваша дзейнасць заяўленай у дамове арэнды, і так далей. Хоць у дамове арэнды прапісана, што памяшканне мы здымаем як фотастудыю, таму якія тут могуць быць парушэнні», - патлумачыў прадпрымальнік.

У дадзеным памяшканні ў яго было ў планах стварыць Школу рамёстваў. «Але відаць, гэта можа быць мой апошні праект», - зазначае Канстанцін Лісоўскі.

Пры сваёй дзейнасці ў Гомелі ён не раз сутыкаўся са свавольствам мясцовага чынавенства. «Мы ўжо па горадзе адрамантавалі і добраўпарадкавалі каля дзесяці памяшканняў, якія потым у нас такім ці іншым чынам «аджымалі». Робіцца гэта так. Бярэш у арэнду памяшканне, рамантуеш яго, добраўпарадкоўваеш, - і праз два ці тры гады пад рознымі надуманымі прычынамі ў цябе яго забіраюць, прычым усе «законна» - праз суд», - гаворыць прадпрымальнік. Такі лёс напаткаў і кропку здаровага харчавання, якую Канстанцін Лісоўскі спрабаваў адчыніць у горадзе. «У нейкі момант нам арганізацыя, якая здавала памяшканне ў арэнду, пад рознымі прычынамі налічыла вялікія сумы грошай, а потым заблакавала доступ да памяшкання, і наша абсталяванне засталося там, забраць мы яго ніяк не змаглі», - дадае суразмоўца.

31 снежня 2015 года ён наогул атрымаў «падарунак» коштам больш за 163 мільёны рублёў ад адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля. З адміністрацыяй Чыгуначнага раёна яшчэ ў чэрвені 2015 года ТДА «Д три Портал» заключыла дамову аб вырабе малой архітэктурнай формы, якая павінна была быць усталявана на ўездзе ў Гомель з боку аэрапорту. «Вось ён - той знак. Мы яго вырабілі. Толькі ўсталяваць не змаглі – таму што адміністрацыя Чыгуначнага раёна павінна была падрыхтаваць пляцоўку для ўсталявання канструкцыі, прадставіць нам схему размяшчэння яе. Адміністрацыя гэта не зрабіла, а пляцоўку падрыхтавала, і тое не належным чынам, толькі 2 снежня, калі ўжо была мёрзлая зямля, і падмурак там не быў выкананы належным чынам, каб канструкцыя не звалілася потым, і была якасна ўсталяваная», - тлумачыць прадпрымальнік.

Між тым, яго ж і зрабілі вінаватым. 31 снежня прадстаўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна ўручыў Канстанціну Лісоўскаму пад роспіс апавяшчэнне, што адміністрацыя ў аднабаковым парадку скасоўвае дамову і патрабуе вярнуць аванс у памеры больш за 163 мільёны рублёў. Тым часам – канструкцыя выканана, толькі не ўсталявана. Але гэта нічога не хвалюе. «Сустрэнемся ў судзе. Нічога асабістага! З надыходзячымі святамі!», - пажадаў на развітанне прадстаўнік адміністрацыі.

«Я не ведаю, што я магу супрацьпаставіць такому апаненту, як такая структура — адміністрацыя Чыгуначнага раёна», - перажывае прадпрымальнік.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international