«Тры бугаі выкруцілі рукі і заштурхнулі ў машыну». Як мінчанку міліцыя прыняла за зладзейку

2015 2015-12-21T10:17:30+0300 2015-12-21T10:17:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kajdanki-1.jpg

15 снежня мінчанку Жанну Бразоўскую спынілі на вуліцы незнаёмыя мужчыны, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў АУС і папрасілі праехаць з імі. Жанна не паверыла, што гэта міліцыя: яны былі ў цывільным і «запрашалі» ў машыну без міліцэйскай сімволікі. Жанчына падрапала і пакусала незнаёмцаў, пакуль яны спрабавалі ўвапхнуць яе ў аўтамабіль. Мужчыны — а яны насамрэч працуюць у міліцыі — прывезлі яе ў РУУС і склалі пратакол за непадпарадкаванне. Жанна не лічыць, што павінна верыць «любому сустрэчнаму, які паказаў пасведчанне».

Затрыманая: «Тры здаровых бугая выкручвалі мне рукі і спрабавалі пасадзіць у салон»

Інцыдэнт адбыўся ў цэнтры Мінска 15 сьнежня каля 12:00. Жанна ішла па вуліцы Чкалава, у руках у яе было некалькі вялікіх пакетаў. Яна тлумачыць, у гэты дзень дапамагала сяброўцы з дастаўкай цацак. Дабраўшыся да дома №27, яна пазваніла ў дамафон. Тут з-за пляча пачуўся голас. Жанна павярнулася і ўбачыла коратка стрыжанага маладога чалавека. Ён паказаў пасведчанне і сказаў:

— Міліцыя. Дзе, дзе вы жывяце?

Што было напісана ў пасведчанні, жанчына прачытаць не паспела. Знешні выгляд прад'яўніка даваў мала даверу.

— На мой погляд, ён не выглядаў як прыстойны чалавек. Інакш я б паводзіла сябе па-іншаму. Я не глядзела ў пасведчанне, я бачу, што чалавек не па форме, і ён пытаецца ў мяне нейкі адрас.

Жанна адказала: «Якая міліцыя? Я вам не веру» і паспяшалася ў пад'езд. Аддаўшы цацку, яна папрасіла каго-небудзь правесці яе на прыпынак. Баялася, што ля пад'езда яе зноў сустрэнуць.

На вуліцу Жанна выйшла разам з мужчынам і жанчынай — гэта былі кліенты, якім яна даставіла тавар. Да іх падышоў той жа мужчына і яшчэ раз паказаў пасведчанне — ужо спадарожнікам Жанны. Паводле яе слоў, яна прапанавала яму паказаць пашпарт, ён пагадзіўся і перапісаў з яго нейкія дадзеныя.

У гэты момант да дома пад'ехала машына без міліцэйскай сімволікі. З яе выйшлі яшчэ двое мужчын і накіраваліся да Жанны: «Пройдзем, грамадзянка». Тлумачылі яны, куды збіраюцца яе везці, жанчына не памятае. Яна моцна спалохалася і ўсё яшчэ не верыла, што да яе звяртаюцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Жанчына паставіла сумкі і аб'явіла, што згодная скласці пратакол затрымання на месцы. Калі яе збіраюцца кудысьці везці, то толькі на машыне 102, запатрабавала яна. Што адказвалі мужчыны, Жанна не памятае.

— Я ўжо была ў стане шоку, практычна афекту, — тлумачыць яна. — Я толькі прасіла: «Госпадзе, выратуйце-дапамажыце! У мяне дзіця! Мяне забіраюць, мяне згвалцяць!».

Мужчыны сталі падштурхоўваць жанчыну ў бок аўтамабіля. Жанна вырывалася, падрапала іх і абцасамі пашкодзіла машыну. Адначасова яна спрабавала набраць кароткі нумар міліцыі.

— Я крычала ў тэлефон: «Ратуйце-дапамажыце! Мяне запіхваюць у машыну, людзі назваліся міліцыяй, але я ім не веру. Яны ў цывільным, машына цывільная». Мяне папрасілі назваць нумар машыны, і тыя далі мне яго паглядзець. Але ў той момант у мяне ўсё роўна аналіз не ўключаўся, бо тры здаровыя бугаі выкручвалі мне рукі і спрабавалі пасадзіць у салон. З-за гэтага я нават не пачула адказ.

Яна старалася даць адпор, бо для яе гэта было не затрыманне, а выкраданне, тлумачыць жанчына. Яе ўсё-ткі пасадзілі на задняе сядзенне, скавалі рукі кайданкамі і забралі тэлефон.

— Адзін з іх пачаў казаць: «Што ты тут не крычыш? Публікі няма?». Я не памятаю даслоўна, але пагроз і абраз было шмат. Я адвярнулася і моўчкі глядзела ў акно, - успамінаючы гэты момант, Жанна пачынае плакаць: — Я ж крычала на вуліцы: «Ратуйце!». І ніхто не дапамог … Што можна зрабіць тром бугаям, якія міліцыяй прадстаўляюцца…

Жанну прывезлі ў Кастрычніцкае РУУС. Убачыўшы таблічку каля ўваходных дзвярэй, яна зразумела, што «бугаі» працуюць у міліцыі. У аддзяленні распавялі, чаму яе даставілі сюды: яна падобная на жанчыну, якая 6 снежня абакрала бабулю ў раёне вуліцы Чкалава. Тая таксама хадзіла з торбамі, у клецістай спадніцы, чорнай куртцы і хустцы, як і Жанна у дзень затрымання. Пад выглядам сацыяльнага работніка зламысніца выкрала ў пажылой жанчыны грошы.

— Гэтая гісторыя заезджаная. Я не ўпэўненая, што яны казалі праўду, — адзначае Жанна.

У яе спыталі, што яна рабіла 6 снежня. Жанчыне складана было ўспомніць, але, пагартаўшы нататнік з запісамі, яна распавяла, што спачатку хадзіла з дачкой ў храм Свяціцеля Мікалая Японскага, потым паехала з ёй у гандлёвы цэнтр, а пазней — да сяброўкі на вуліцы Сухараўскай.

Усяго Жанна правяла ў пастарунку каля 7 гадзін. Калі яе адпусцяць, ніхто не казаў. Тэлефанаваць таксама не раілі: «Не варта». Яна нервавалася, бо баялася спазніцца ў дзіцячы сад за дачкой, а кліенты пачалі слаць сярдзітыя СМС аб тым, калі ж будзе дастаўка.

— Прыкладна праз 3 гадзіны мяне адправілі на першы паверх «чакаць». Чаго чакаць — незразумела. Сяджу. Вяртаецца адзін з тых, хто мяне заломваў, глядзіць на мяне ваўком і кажа: «Падымайся!». Я пайшла за ім на другі паверх. Падымаюся і чую, што ён кажа: «Ну што, не парвалі цябе?».

Жанна ўпэўненая, што моцна здзівіла і нават абразіла супрацоўнікаў міліцыі тым, што не паверыла ім, адмовілася ехаць у РУУС і падняла шум. Яны некалькі разоў раздражнёна пыталіся яе, чаму яна так сябе вяла. Яна тлумачыла, што моцна спалохалася і ўспрыняла затрыманне як выкраданне.

— На іх думку, я не мела права палохацца, а абавязаная была беспярэчна пайсці следам за імі. Я павінна верыць любому сустрэчнаму, які паказвае мне пасведчанне. Я пыталася: «Скажыце мне на будучыню, як высветліць, што пасведчанне сапраўднае?». Мне па факце нічога не адказалі. Гэта значыць, яны самі не ведаюць.

У РУУС на яе склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф ад 2 да 50 базавых велічынь (ад 360 тысяч да 9 мільёнаў рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Жанна накіравала звароты ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна, раённы аддзел Следчага камітэта, ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. Яна просіць аб адмене пратаколу, які лічыць незаконным, і скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў РУУС.

Міліцыя: «Жанчына паводзіла сябе неадэкватна»

Прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС Леанід Ушэнін пацвердзіў TUT.BY, што 15 снежня Жанну Бразоўскую затрымалі супрацоўнікі АУС. Гэта былі аперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку. На Жанну было падазрэнне ў здзяйсненні крадзяжу ў раёне вуліцы Чкалава, бог па прыкметах яна была вельмі падобная на адшукваную.

У артыкуле 25 закона аб органах унутраных спраў сказана, што супрацоўнікі АУС могуць правяраць у грамадзян дакументы і затрымліваць іх, калі падазраюць, што тыя здзейснілі злачынства або адміністрацыйныя правапарушэнні. Закон дазваляе рабіць гэта не толькі ў форменным абмундзіраванні, але і ў цывільным адзенні.

— Супрацоўнікі міліцыі павінны прадставіцца і прад'явіць службовыя пасведчанні, - тлумачыць прэс-афіцэр.

Калі чалавека гэта не пераканала, ён можа набраць 102 ці дзяжурную частку РУУС і спытаць, ці ёсць супрацоўнік з прозвішчам з пасведчання. На тым канцы дроту яму абавязаны адказаць.

Па словах Леаніда Ушэніна, у выпадку з Жаннай Бразоўскайі супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі па законе. Жанчына сама справакавала канфлікт: адмовілася прад'явіць дакументы (Жанна сцвярджае, што сама прапанавала паказаць пашпарт), выяўлялася нецэнзурнай лаянкай і абражала міліцыянтаў (Жанна сцвярджае, што гэта яны прыніжалі і абражалі яе), падрапала і пакусала іх (гэтага Жанна дакладна не памятае).

— Супрацоўнікі, бачачы сітуацыю і спрабуючы пагасіць канфлікт, далі ёй магчымасць патэлефанаваць аператару 102, перапісаць нумар службовага аўтамабіля і не аднойчы паказвалі службовыя пасведчанні. Па тэлефоне ёй далі адказ, што гэта сапраўды супрацоўнікі міліцыі. Яна аказала непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы. Паводзіла сябе неадэкватна, біла нагой па службовай аўтамашыне. Ужыла фізічную сілу ў дачыненні да супрацоўнікаў.

З-за гэтага на жанчыну і склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП.

— Калі яе прывезлі ў памяшканне РУУС, яна супакоілася, патлумачыўшы аператыўнікам, што цяпер яна пераканалася ў тым, што яны не «бандыты». Дарэчы, яшчэ невядома, на якой падставе грамадзянка ажыццяўляла прадпрымальніцкую дзейнасць і дзе яна працуе кур'ерам. Нарматыўна-прававыя акты, якія рэгламентуюць дзейнасць міліцыі, дазваляюць гэта праверыць і таксама даць прававую ацэнку, — кажа Леанід Ушэнін.

Цяпер няма дакладных доказаў, якія паказваюць, што дзеянні міліцыянтаў былі неправамерныя. Таксама не даказана, што яны абражалі і прыніжалі затрыманую. Такія паводзіны недапушчальна з пункту гледжання правілаў прафесійнай этыкі супрацоўнікаў АУС. Рабіць высновы без правядзення праверкі па гэтым факце заўчасна, лічыць прэс-афіцэр.

— Работнікі, што ажыццяўлялі затрыманне, не адзін год працуюць у міліцыі і па службе характарызуюцца станоўча. Магчыма, іх проста спрабуюць агаварыць.

Любы грамадзянін, які лічыць сваё затрыманне неправамерным, можа звярнуцца са скаргай у пракуратуру ці галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international